– Ты не ўсё сказаў, праўда?
Даніл сядзеў на лаўцы ля пад’езда, разгублена разглядаючы ўласныя далоні, ціха вымавіў:
– Ён можа быць звязаны з гэтым усім, твой бацька. Алесь не быў здзіўлены. Бацька працаваў над даследаваннямі разам з дзядулем і Ігнатам. Ён, праўда, у адрозненне ад калег, шукаў не падставу з’яўлення здольнасцяў, а тое, як можна ад іх пазбавіцца. Як можна зрабіць сына нармальным. Ігнат жа, наадварот, хацеў, каб у дачкі здольнасці нарэшце з’явіліся. Яны часта спрачаліся з гэтай нагоды. Але ці мог бацька супрацоўнічаць з «С.О.Н.», вывесці іх на дзядзьку Ігната?
– Сябра ён бы не забіў, ― хутчэй сабе, чым Данілу, сказаў Алесь. ― Што хацеў ад Ігната мужчына ў шэрым?
Больш за ўсё Алесю хацелася выкінуць з пазла бацьку. Якімі б ні былі іх адносіны, ён любіў гэтага чалавека.
– Ён шукаў нататнік. З формулай. Я так зразумеў, гэта нейкая «вакцына беларускасці».
Алесь збялеў. Ён ніколі не чуў ад дзядулі нічога падобнага. Аднак хіба гэта аргумент? Стары мог схаваць ад унука інфармацыю, якая б пагражала ягонаму жыццю. Дык, можа, смерць дзеда і смерць Ігната звязаныя між сабой? Можа, бацька зведаў, што гэта ўсяго толькі «вакцына», для якой можна распрацаваць супрацьяддзе? Не, не трэба ўблытваць бацьку. Відаць, «С.О.Н.» проста дыхае ім у патыліцу.
– Дзядзька Ігнат яму не даў ніякага нататніка, праўда ж?
– Ён сам узяў, ― яўна не разумеючы ўсёй катастрофы, адказаў Даніл.
Алесь сціснуў пальцамі скроні.
– Гэта канец…
Яны стаялі ля самага ўвахода, прыхіленыя да сцяны. Звычайныя парэнчы, хіба што мармуровыя ды на дзіва шырокія. Дакладней, кавалак ад іх. Алесь задумліва вадзіў пальцамі па шурпатай паверхні. Немагчыма паверыць. Яр усё ж такі зрабіў гэта. Знайшоў рэч, згубленую яшчэ падчас руйнавання Купалаўскага музея.
Нарэшце ён мог даведацца праўду. Хаця б пра нешта. Хаця б невялікі кавалачак, устойлівая выспачка праўды ў плыні міфаў, якімі захлыналіся рэшткі беларускай гісторыі. Нарэшце ў яго быў нехта, хто мог у гэтым дапамагчы. Гэта ж трэба так, каб менавіта зараз, каб адначасова і парэнчы, і Даніл ― два складнікі для разгадкі, пра якую марыў з пад- леткавага ўзросту.
– Мяркуецца, што ён праз іх перакуліўся. Упаў у лесвічны пралёт. Ці то сам, ці то нехта дапамог. Я хачу зведаць, як так атрымалася. Калі ласка.
Зноў гэты ківок, халодны, стрыманы. Кшталту «Будзе зроблена, бос». Юнак зрабіў крок у бок парэнчаў, замёр. Утаропіўся на Алеся вачамі колеру беларускай багны.
– Чаму яны ў тваім кабінеце, а не ў Сховішчы?
Алесь ледзь утрымаўся, каб не сцепануцца. Яны абодва разумелі, чаму так. Але вымаўляць гэта было неяк няёмка. Як можна не давяраць такому ж, як ты?
– Не паспелі яшчэ занесці. Яраслаў толькі прывёз…
– Пакажы мне, калі ласка, Сховішча, Алесь, ― спакойна папрасіў Даніл.
Алесь вытрываў яшчэ адзін пранізлівы позірк. Гэта ў яго тут здольнасці загадваць людзям.
– Крыху пазней.
Даніл моўчкі паклаў далоні на парэнчы.
* * *
Паўз яго па шырокім змрачнаватым холе з вялізнымі квадратнымі калонамі, нікуды асабліва не спяшаючыся, шпацыравалі людзі. Мужчына ў нязграбным касцюме ды з валізай ціха абмяркоўваў нешта з іншым мужчынам. Ішла па сваіх справах жанчына ў фартуху са стосам бялізны. Наперадзе была бачная шырокая лесвіца з тымі самымі парэнчамі, але наблізіцца да яе Даніл чамусьці не змог. Нешта адштурхнула яго, бы пругкая мембрана. Ён паспрабаваў яшчэ раз, прыклаўшы крыху больш намаганняў, і перад вачыма паплыло.
– Даніл… ― Алесь нахіліўся, каб убачыць ягоны твар.
– Нічога не атрымліваецца.
– Паспрабуй яшчэ раз. Сканцэнтруйся на яго смерці. Думай пра яе. Калі ласка.
Даніл адчуваў, што здольнасці здраджваюць яму. Нібы нешта не пускала яго да праўды.
Ён яшчэ раз паклаў рукі на парэнчы і зноў апынуўся на першым паверсе. Мернае сноўданне цяпер было парушанае. Людзі згуртаваліся вакол знявечанага, зламанага цела ў некалькіх кроках ад яго. Наверсе, там, адкуль чалавек мог упасці ― нейкі размыты шэры сілуэт. Даніл напружыў зрок, аднак не змог вызначыць ні полу, ні ўзросту.
На гэты раз ён лёгка ўзляцеў па лесвіцы. Фігура нават не зварухнулася. І колькі б ён ні набліжаўся ― заставалася размытай. Перад Данілам плыў шэры, нібы з дыму і туманоў, згустак, які набыў форму чалавека. Рысы твару ― таго, што павінна ім быць, ― увесь час змяняліся, і часам ён пазнаваў людзей, якіх бачыў на партрэтах у бібліятэцы «Лабірынта».
Сапега, Вітаўт, Караткевіч, невядомы, Каліноўскі, Ластоўскі, Быкаў, невядомы, Геніюш, Багдановіч, Скарына, невядомы, Гарэцкі, Гусоўскі, Купала…
Читать дальше