1 ...6 7 8 10 11 12 ...28 – Менавіта што?
– Ну, напрыклад, араць альбо жывёлаў гадаваць?
– Прыйдзецца.
– Чаму?
– Ты жывеш на зямлі і аб ёй павінен дбаць – такі парадак.
– І абавязкова петавацца, аўрэць і кажанець?
– Іначай нельга.
– А розумам працаваць?
– Не для зямлі.
– Я не жадаю так!
– Гардун. Цябе прымусяць.
– Я буду супараваць і змагацца!
– Усё роўна ён цябе адолее.
– Хто?
– Голад . Яго з людзей яшчэ ніхто не падужаў і не перажыў.
Звычайна пасля заняткаў яны шумнаю гурмою вывальваліся на двор, каб пазабаўляцца апукай ці проста адцягнуцца, а сёння выйшлі па адным спакойнымі, задуменнымі і да гульні не рваліся.
Многія яўна пазбягалі зносінаў, адводзілі вочы, спадылба і скоса зыркалі па баках.
– Ну, як першы блін? – парушыў маўчаньне Джордж і гарэзліва крутнуўся на месцы.
– Лепш было б аддаць сабаку, – таксама не вытрымаў Жак і міжволі сцепануўся.
– На жаль, усе доследы мы праводзім толькі на сабе, – ці жартам, ці насур'ёз адцеміў Генрых.
– У нашым выпадку так карысней, – заўважыў Аляксандр і, пацягнуўшыся, стаў размінацца.
– Мала часу, – няведама што вызначыў Андрэй і ўздыхнуў.
– А мне спадабалася, – інакшай танальнасцю звярнуў на сябе ўвагу Мікаэль. – Што менавіта? – спытаў Барыс.
– Усё, – адказаў той і, адчуваючы нязазнанасць сітуацыі, удакладніў:
– Асабліва відзені.
Вакол яго ўмомант утварылася кола здзіўлення. Пасыпаліся пытанні. – Як у цябе гэта атрымалася?
– Які прадмет выбраў?
– Ты прасякнуў?
– Разглядзеў яго?
– Што там унутры?
Ахмад нецярпліва пхнуў Мікаэля ў бок:
– Распавядай падрабязней.
Той сумеўся, паціснуў плячыма і чамусьці стаў абараняцца, як вінаваты:
– Гэта інтымнае, пра яго звычайна не гавораць…
Юнакі абурыліся.
– Не дуры галаву!
– Тут усе свае.
– Знайшоў тайну!
– Скупярдзяй!
– Крыўднік!
Мікаэль яшчэ больш збянтэжыўся і, каб не злаваць сябрукоў, урэшце прызнаўся:
– Я сасніў… прыгожы секс з дзяўчынаю…
Выбух рогату страсянуў двор. У вокнах школы замільгацелі цікаўныя твары.
– Вось дык цудасей! – заходзіўся ад смеху Жак.
– Хвала святой прастаце! – тураваў яму Замба.
– Ну, як красачка? – блішчаў зрэнкамі Ахмад.
– Валяй далей! – бесцырымонна патрабаваў Аляксандр, і многія весела яго падтрымалі.
Узрушаны Мікаэль спярша няўцямна лыпаў зеркамі, апасля скмеціў, у чым справа, надзьмуўся і спехам пакінуў гурт.
– Мы яго пакрыўдзілі, – са шкадаваннем прамовіў Раджыў, гледзячы яму ўслед.
– Так, але не наўмысля, няўзнач, – за ўсіх апраўдваўся Замба.
Весялосць сыйшла, надарыўшы кожнага палёгкаю. Ад ранейшага напружання не засталося і сьледу. Нутром усе дзякавалі за гэта Мікаэлю і прасяклі да яго шчырасцю.
– Я паклічу яго, – радасна выгукнуў Лао і паімчаў у вучэльню.
Не змаўляючыся, шкаляры разам кінуліся да мячыка.
Яшчэ не загарэўся ўсход, а яны ўжо былі на нагах і збівалі золкую расу.
– Куды мы так рана, дзеду? – пытаў Косцік, трушком паспяваючы за старым.
– Надабе, унучак, – заклапочана адказваў той і наўздзіў борзда дыбаў па сцежцы. – Не заспеем палясоўшчыка дома – ён аддасць галу каму хаця, і мы застанемся без сена.
Косцік разумеў, але яго палохала чорная сцяна лесу і ён не хацеў туды. А раптам выскачыць воўк? Колькі разоў ён чуў пра такое! Ён жа не кіне дзеда і не ўцячэ! Будзе змагацца! Нават цяжка ўявіць, што адбудзецца! Няўжо за дзіцём лесніка абавязкова трэба прыглядваць, пакуль дарослыя будуць швэндацца? Што з ім здарыцца? Ён жа ў хаце!
Лес набліжаўся, пакрысе праступалі цёмныя абрысы хмызняку і дрэваў, між якімі, здавалася, варушыліся цені.
Хлопчык адводзіў вочы і адчуваў, як пульсуюць скроні.
Неба ўсё больш ірдзела і раскідвала барву па ўсяму наваколлю. Шэры гушчар з удзячнасцю прымаў гэтую мілату і спакваля расхінаўся разнастайнымі фарбамі і гукамі.
Косцік прыкмячаў змены і радаваўся. Чым больш святлела пушча, тым суцешней было ягонай душы. Страх саступаў месца замілаванню і пяшчоце.
Яны ўвайшлі ў лес з першымі промнямі сонца.
Хлопчык уздыхнуў і ад захаплення ўсміхнуўся. Ён яшчэ ніколі не быў сведкам такога казачнага абуджэння і ранішняй цнатлівасці прыроды. Якімі цудоўнымі і незлічонымі праявамі яна дэманстравала сваю радасць ад новага дня і жаданне жыць! Ніякае нуды і млявасці. Адно шчасце!
Читать дальше