А галоўнай вядзьмаркай, канечне, была мая бабуля. Якая да няўзнаву зьмянілася. І ўжо ніякай гульні-дыпляматыі не было ў ейных паводзінах, была такой натуральнай і прыгожай, гаманіла, жартавала, а часам і рагататал на ўсю сілу, бы сапраўдная волатка, якая змагла ворагаў з барбарыі.
Сьмяяліся, кпілі на ўсе галасы сьмелыя дзеўкі, мяне не сароміліся. Мальцаў абсьмеявалі мясцовых, старшыню крытыкавалі, крамніцу саўгаснай харчовай лаўкі бэсьцілі, як маглі, кпілі з нядаўна прысланага бацюшкі, дзівіліся, навошта ён зноў тут? Згаджаліся разам: толькі галаву дурыць людзям. А тады весяло завяршала мая бабуля: «Бальшавікі былі ды мінулі, бацюшкі не аднойчы былі ды мінулі, а мы, дзеўкі, застаемся – нас ня выкарчаваць адсюль». Пра хваробы, як ні дзіўна, не гаварылі. А тады нечакана, бяз уступу ўсякага ўзгрымнулі іх галасы і пацягнулі дзеўкі песьні журлівыя, да іх вясёлых строяў і колераў не пасавальныя. Песьні пра мінулае ды каханьне няшчаснае. І дасюль увушшу песьні тыя тужлівыя нагадваюць мне пра бабулю, якая падарыла мне цуд.
Ведаю, мне проста пашэнціла дакрануцца да такой казкі – да адзінай, першай казкі, якая зьмяніла маё жыцьцё. Казкі, якая і дзеецца толькі тут, у нас на зямлі. Іншых казак няма і быць ня можа, бо сапраўдная казка заўсёды недзе побач і з чалавекам дарагім, мілым зьвязаная. Мне пашэнціла мець бабулю ў вёсцы, простую і такую чароўную бабулю, якой больш няма…
Так надарылася за мною першая, спадзяюся, не апошняя казка жыцьця…
Лістапад 2013, Віцебск
З сумам і гонарам гляджу з сяньняшняга ў дзяцінства. Смачнае, мяккае, але не пухматае, рэальнае, з турботамі, посьпехамі і паразамі, сьмерцю таты дзяцінства. Заўсёды ў жуду наступала казка, увівалася нахабна і нечакана, жыцьцясьцьвярджальна. Летняя і першая казка з бабуляй, у бабулі ў вёсцы назаўжды надала мне сілы, пераканала ў сэнсе жыцьця, у вартасьці існаваньня і назаўжды адвярнула мяне ад ідэі, думкі пра самагубства.
Другая ж казка спаткала мяне неўзабаве пасьля зьдзяйсьненьня першай, пасьля апусканьня ў сьвет роднай мовы, якую хавалі ад мяне ў горадзе. Якую хавалі ці не ад усіх беларусаў у музэях, архівах, могілках і вёсках. Чужая краіна, у якой жылі беларусы – СССР – была, дадушы, чужой, гвалтоўнай. І ўсе беларусы разумелі, адчувалі гэта на сваіх скурах, на сваіх языках і вушах. А калі некаторыя не хацелі і ня хочуць прызнаваць гэтага, то гэта азначае хіба адно – яны хлусяць самі сабе. Мая першая казка пра чароўную бабулю і манструёзнае места якраз сьведчыць аб велізарнай супярэчнасьці чужога ўтварэньня – СССР – на беларускай зямлі.
Але вярнуся да другой, ня менш важнай казкі майго жыцьця – казкі пра тое, як і калі я адчуў сябе геям. Ня проста так зразумеў усё я пра сябе – казкава дайшоў я да сябе. Праз бабульку ў вёсцы я зразумеў, што я – беларус. Спазнаў сьвет па‐беларуску. На прыкладзе слова «валошка» я адчуў смак мовы і непаўторны валошкавы колер. Пасьля гэтага абліваха смачных словаў прыкула мяне да беларускай мовы. Колькі моваў ня зьведаў пазьней, адпаведнікі васілёк, bleuet, rugiagėlė так і засталіся цьмянымі копіямі валошкі. Пасьля гэтага я зразумеў, што ня толькі беларус я, а што я – гей. Так паволі, здалёку і так упарта, сьмела наведвалі мяне розныя думкі, зачэпкі, стрэмкі, адкрыцьці, прадчуваньні. І так няўпэўнена адразу і так усмак затым рэагавала маё цела, мае маладое, у стане сасьпяваньня і даросьленьня цела, на імпульсы, пасланьні звонку, але і спадыспаду. То нейкі позірк, то пэўная лінія дарослага ці юнацкага мужчынскага цела, то разрэз вуснаў, вачэй, то какетлівая пасмачка альбо грыўка, то сымпатычны, аб нечым казалы, да нечага запрашалы тэмбар, голас, слова, кінутае невядомымі мальцамі, то здымак у часопісе, то ўсьмешка артыста ці рэальнага хлопца, то простая ўвага з боку жывога мальца, усё разам няўмольна, бязупынку стварала мяне, маю непаўторную, аднойчы існую і ўміручую ў мёртвым сьвеце тоеснасьць, маю адрознасьць – маю гейнасьць.
Якім сьмелчаком я быў тады ў той казцы і рэальнай жудзе! Бо ніхто, нішто не дапамагала мне ў маім выбары, станаўленьні, я, толькі я сам ствараў сябе, выбіраў, шоў да маёй поўнай, адкрытай, прызнанай, усьвядомленай, аптымістычнай і, зрэшты, прынятай гейнасьці. Ніхто не дапамагаў мне, але, варта адзначыць, ніхто і ня шкодзіў, не забаранаяў мне, як гэта, напрыклад, адбываецца сяньня шмат дзе – у Расеі, Савудаўскай Арабіі ці Іране.
Казка пра маю гейнасьць – гэта, канечне, яшчэ і гісторыя маёй генэрацыі, якая цудам пасьпела паўстаць тады, калі кнэблі ўлады, ідэалёгіі былі расьцятыя ў самым пачатку 90‐ых гадоў мінулага ўжо стагодзьдзя. Да і пасьля маладым ды наагул усім было і ёсьць значна цяжэй – яны жывуць, сталеюць ва ўмовах забабонаў, забаронаў, панікі і амальгамы, узмацьненьня патрыярхатных маразмаў. Мая ж казка часткова сталася магчымай якраз дзякуючы пэўнай вольніцы часу. Сяньня, думаю, для абсалютнай бальшыні геяў і лесьбіяк Беларусі, рэгіёну пагатоў, казка немагчымая, заказаная. Вусьцішна, але ў цяперашняй страшнай прозе жыцьця дзяржаўцы ня проста перашкаджаюць маладым сталець, разьвівацца і квітнець вольна і разнастайна, яны спрычыненыя праз сваю ігнарацыю і аднабаковасьць да шматлікіх сьмярцей, незьлічоных самагубстваў і перакрутаў лёсаў людзей, якім не дадзеная, не падараваная казка, ці, проста кажучы, выбар быць самім сабою. Я меў гэты выбар, я скарыстаўся ім. Мяркую, я належу да прывілегаваных, шчасьцьліўцаў. Ці не таму я цяпер і пішу, сьведчу?
Читать дальше