Але вось, бабуля абцірала насоўкай сьлёзы радасьці і вяла нас у хату, у якой пахла аерам і яшчэ невядомымі мне тады зёлкамі. У пячы стаялі смачныя цацні{Цацэнь, мн. цацні (дыял.) – блінцы, ляпёхі.}, прыхаваныя рушніком, але яны так пахлі, што я ўжо ведаў, што там цацні.
Бацькі гэтым разам не затрымліваліся ў бабулі – трэба было завезьці старэйшых сястру і брата ў лягер. Мяне пакуль пакідалі ў бабулі. Яна толькі міргала мне і дапамагала сабрацца толькі што прыбылым і ўжо ў новую дарогу сабралым родным. Хіба на хвілю я шкадаваў Віцебска, кніжных казак; паглядаў у вакно на чароўны, вялізны сад, дзе крываватыя, згарбелыя яблыні нагадвалі мне вядзьмарак, і ўжо ведаў, што хачу застацца з бабуляй. Зрэшты, пах цацнёў зьнішчаў усе засталыя сумненьні. Я міргаў у адказ бабульцы.
Цікава, яна чамусьці з прыбышамі размаўляла на мове гораду. Я гадаў, чаму так? Што за хітрыкі? Ня інакш тут крыецца нейкае нешта. Ці яна проста практыкавала гарадзкую мову, мову сумнай прозы? Ці яна была за мудрую дыпляматку, якая ведала розныя мовы, а таму перайшла на мову, на якой да яе зьвярнуліся? Ці азначала гэта што-небудзь – можа кепскі настрой? І тады яна сумысьля пераходзіла на расейскую мову, каб пакрыўдзіць і стацца гіпэррэальнай, да суму і паўтору празаічнай? Процьма сур’ёзных думак і здагадак пілавалі мае дзяціныя глуздочкі.
І вось пад амаль вартавой ігрушынай стаю цяпер я побач з бабуляй і мы адчайна махаем родным, якія едуць у лягер, у горад. Зьнікае аўта і мы сядаем на лаву, нібыта зразумець, што ж сталася з намі. Навокал нас хмызьняк, адцьвілыя месяц таму бэз і калакалуха. Адцьвілыя і вызваленыя ад цяжару і цяжкай місыі адцьвісьці і зачмуціць гіпэррэальны сьвет пахамі нягэтульнымі, да казкі запрашалымі, у вір невядомага і смачнага ўцяглымі. Любуюся і дзівуюся я загарэтымі рукамі і прыгожым тварам бабулі. Лічу кветкі на ейнай спадніцы, стамляюся, зьбіваюся, кідаю задуму. Яна, тым часам, распавядае мне пра свае пляны. І зусім ня казачныя яны, а такія простыя і рутынныя: ускапаць нешта трэба, сьвіньням даць трэба… Хіба фэя займаецца сьвіньнямі? Але ўсё адно не даю веры ў бабулькавую простасьць. Заўважаю, усьміхаецца яна хітра, размаўляе за мною ня так, як кагадзе размаўляла з бацькамі. На вачох мяняецца мая бабуля а вялкія, намучаныя рукі. І ўжо не да фэі, а да волаткі падобная яна, волаткі, якая кагадзе раскідала цэлае варожае войска. І вось, зноў ротам я любуюся бабуляй. Наводаль красуюцца вясковыя могілкі, схаваныя ад нас, жывых, плотам. Яшчэ далей відна купола зрынутай кімсьці царквы – цыбульчына, як кажа мне бабуля. Злева праз хмызьняк, здагадваюся, бяжыць сьцежка, якая зьнітоўвае бабульчын хутар зь вёскай. І яна кажа мне зьнячэўку: «Малец, хадзем падсілкуемся». І так прыемна мне чуць гэтыя «малец» і «падсілкуемся», быццам нам трэба паесьці, каб сілаў набрацца ды ў казку вярнуцца і справы добрыя чыніць. Але ж не пасьпяваем мы з лаўкі прыўстаць, як чуем шоргат на сьцежцы. І вось забытыя горад, бацькі, кніжныя казкі і пад’ездныя сябры. Шкада мне іх усіх, пазбаўленых магчымасьці даведацца іншай казкі, гэтульнай, цалкам дасяжнай і блізкай. Ротам глядзеў я на раптам адбылае. Па сьцежцы да нас шыбавалі, падобныя вопраткай да бабулі, кабеты: у стракатых вокараздражняльных хустках, у яскравых – малінавых, салатных і блакітных – кохтах з кішэнямі, у якіх нешта ды было. Шыбавалі яны лоўка, бы прытанцоўваючы, бы маладухі, а не бабулькавы раўналеткі йшлі да нас. Усьмяхалася ім бабуля, кідаючы: «Дабрыдзень!» Сяброўкі бабулі набліжаліся, разглядалі мяне і кідалі ёй: «Во якога табе мальчонку падкінулі». І гаманілі вяскоўкі, не зважаючы на мяне, гаманілі так, што разумеў я: так размаўляюць хіба вядзьмаркі альбо знахаркі ў казках, чытаных мне маці. І ўсе гаманілі на казачнай, але такой рэальнай і да сьвету спрычыненай мове. Ці зразумелі б іх бацькі? А сястрыца? А брат? Але ж я разумею іх. Ці гэта можа праз тое, што я ў казцы, а ў казцы магчыма ўсё. Частавалі, у рукі сувалі мне чароўныя госьці цукерчыны, куханы і семкі. Глядзеў на ўсё, бы на зачараваныя пачастункі і сарамліва, схаваўшы вочы, кідаў пачастухам «дзякуй». Сьмяяліся дзеўкі гучна: «А ён умее па-наскаму!»
Усе да воднай падобныя былі бабулявы госьці да вядзьмарак, але вядзьмарак добрых. І на сьцежцы зьявіліся, па мне, яны, мэрам з неадкуль. Бы чакалі яны ад’езду гарадзкіх сваякоў, ня лезьлі ў гарадзкі сьвет, дачакаліся і зьявіліся перад намі. Думалася мне, а вось вярніся раптам бацькі назад, што сталася б з гэтымі дзіўнымі гасьцьмі? Зьніклі б раптоўна, як і зьявіліся?
Читать дальше