Грышка быў невысокi, худзенькi, нешматслоўны. У зашмальцаванай кухвайцы, старэнькiх галiфэ невядомага колеру, стаптаных кірзавых ботах, вылiнялай кепцы-васьмiклiнцы, няголены немаведама колькi часу, ён спачатку «не ўпаў да вока» Нюрцы. Вельмi запушчаны быў чалавек. Як на першы яе погляд – замухрышка заваляшчая, падмятайла нейкi. Сама Нюрка была «добрая лашыца» – так яе ацэньвалi вяскоўцы.
Неяк жанчына прыгледзелася больш пiльна да Грышкi i прыкмецiла, што нi разу не бачыла яго п’яным, звярнула ўвагу, як той спрытна ўпраўляўся з сякерай, рыдлёўкай, iншым iнструментам. «Эге, ды гэта ж золата, а не мужык!» – падумала сама сабе Нюрка i вырашыла прыбраць яго да сваiх рук. Яна ўжо ведала ад баб на рынку, што Грышка жыў бабылём, быў бязроднiкам. Адным словам, нiчыйны мужык аказаўся на той момант.
Нюрка, як толькi прыняла для сябе такое рашэнне, надоўга не стала адкладваць справу, баялася, што iншыя бабы агледзяць такi скарб i хутка падбяруць. У адзiн з прыездаў, калi нiчыйны Грышка дапамагаў ёй перацягнуць клункi ад станцыйнага аўтобуса да яе звычнага месца на кiрмашовым радзе, тут жа ўступiла з iм у перамовы. Грышка на пераезд у вёску даў згоду: маладзiца ў асобе Нюркi яму была даспадобы.
Пасля першай жа лазнi, галення i недарагiх Нюрчыных абновак, Грышка заблiшчаў, як тая новая капейка. Не пазнаць стала мужыка. Старшыня калгаса, пазнаёмiўшыся з iм блiжэй, прызначыў Грышку брыгадзiрам будаўнiчай брыгады. Пара зажыла ў мiры i згодзе. Нюрка яшчэ болей расквiтнела: ведама ж, шчасце красiць, а няшчасце гасiць.
На такiя крутыя змены ў жыццi Нюркi вясковыя бабы аж пазелянелi ад злосцi i зайздрасцi. А тут яшчэ Грышка-прымак неяк непрыкметна, але даволi хутка прыбраў-паднавiў старэнькую Нюрчыну сядзiбу, якая дасталася ёй ад памерлых бацькоў, чым яшчэ больш паддаў жару яе сяброўкам – такiм сама, як яна нядаўна, адзiнокiм гаротнiцам. Тыя пачалi пад любымi зачэпкамi зазываць мужыка да сябе: адной – клямку падбiць на дзвярах, другой – вядро з дна калодзежу дастаць, трэцяй – дах падрамантаваць. Кожная старалася аддзячыць Грышку за работу. А чым? Дык звычайна ж – шклянкай самагонкi. А яе тут мясцовыя ўмельцы гналi з жыта, бульбы, буракоў, садавiны-паданкi – хто з чаго прымудраўся. Гарэлка ў вёсках (ведама ж) была замест грошай.
Асаблiва ўвiхалася каля мужыка найблiжэйшая Нюрчына сяброўка – Сонька, якую па-вулiчнаму (за вочы) звалi Мейта. У яе больш за ўсiх на двары знаходзiлася спраў да Грышкi. Той не адмаўляўся ад працы, а часам i… ад шклянкі. Але колькi яму, бедалагу малому, патрэбна было тых шклянак? Грышка стаў спiвацца проста на вачах. У хаце пачалiся сваркi. Падчас iх Нюрка абзывала Грышку па-ўсякаму, гразiлася выгнаць прымака з селiшча.
– Валацуга! Кiчка непатрэбная, заваляшчая. Прыблуда ты базарная, адкуль толькi накараскаўся на маю галаву?! Ыч, падабрала, адмачыла, адскрэбла, дык цяперака i ён iндык-певень – хвост распушыў. Баб яму падавай, гарэлку?! Кавалер знайшоўся. А каб ты смалы гарачай напiўся, навалока! А каб у цябе скулле выскачыла на гарлянцы! А каб ты выпруцiўся! Вось як шугану, дык кулём паляцiш з селiшча! П’янюга несусветны!
– А ты будзеш па мне галасiць, калi я выпручуся? – спытаў неяк Грышка Нюрку.
– Дулю табе з макам, а не майго галасу, – аж падскочыла тая.
Так яны пражылi яшчэ трохi часу. Бабы, як згаварыўшыся, перахоплiвалi Грышку ўжо нават на цэнтральнай сядзiбе калгаса, што знаходзiлася за тры кiламетры ад iхняй вёскi. Пасля стрэч з «заказчыцамi» Грышка ледзь прыцягваўся да Нюрчынай хаты. Тая на чым свет кляла-праклiнала сваю долю, мужыка-п’яніцу, баб-суседак, з якiмi злыгаўся яе чалавек i якога яны, «вужакi падкалодныя», сурочылi-спаiлi…
Кожны раз Грышка на праклёны жонкi слаба адбрэхваўся i абяцаў больш не пiць. Да Нюркi ён прыкiпеў, ды i назад у брудную халодную кануру на базары ўжо не хацеў вяртацца: пры цёплым Нюрчыным баку яму было набагата лепш. Але дзе ж ты ўтрымаешся ад спакусы перакулiць чарку-другую, паднесеную ледзь не сiлком той жа ўсюдыiснай Мейтай? Нюрка перасварылася з усiмi бабамi, якiх падазравала ў спойваннi свайго Грышкi. А з найлепшай колiсь сяброўкай Сонькай-Мейтай, нават пабiлася.
Неяк Грышка не прыйшоў зусiм начаваць, дамаглася-такi Мейта свайго: упаiла да бяспамяцтва мужыка i проста абвалiла яго на ўслон, на якiм той, небарака, сядзеў-гасцяваў. Нюрка, якой бабы-суседкi данеслi гэтую навiну, такога вераломства сцярпець ужо не змагла: рана-раненька, перад тым як бегчы на ферму, яна выставiла на ганак старэнькi, аблезлы Грышкаў чамаданчык i павесiла на клямку ўваходных дзвярэй новы замок.
Читать дальше