Марыйка ўсё цярпела. Але разумела: такое сямейнае жыццё доўга не працягнецца. І хутка абарвецца, бы гнілая нітка… Прадчуванні хутка здзейсніліся.
Неяк забегла да яе Лідзія Русая. Сяброўка дзяцінства. Пагаманілі, выпілі гарачай кавы. А потым – балбатуха нечакана кажа:
– Пойдзем на вуліцу. Бачу, дзеткі ўжо спяць. А мы – праветрымся, пагамонім, успомнім дзяцінства. Згодна?
Марыя толькі кіўнула ў адказ. Яна і не прадчувала, які сюрпрыз рыхтаваўся для яе ў той вечар. Бо і раней зрэдку брындалі без справы па вуліцах, дыхалі свежым паветрам, дзяліліся самым патаемным. І нічога дзіўнага ў гэтым не назіралася. Сяброўства было правераным часам і жыццёвымі абставінамі. Гэтая акалічнасць толькі радавала. Недарэмна ж, мусіць, у народзе казалі: стары сябар лепей за новых двух! І не той сябар, хто салодкім мёдам мажа, а той, хто праўду ў вочы кажа.
Лідачка ў той цёплы майскі вечар была крыху ўсхваляванай. Але стан сваёй душы па-майстэрску завуаліравала. Непрыкметна сяброўка накіравалася па вузкім завулку. Марыйка нават не заўважыла, як яны апынуліся пад акном хаты, з якога лілося на вуліцу святло. Зазірнула ў пакой праз незахінутыя шчыльна фіранкі і здранцвела.
За сталом сядзеў яе каханы муж. Упэўнены і ганарлівы. А побач, каля яго шырокага пляча, шчыльна прытулілася Фэля, паўнагрудая кабета. На стале стаяла недапітая бутэлька гарэлкі, нейкая закусь. Пакамечаны ложак з раскіданымі падушкамі яскрава засведчыў, якая «падзея» там толькі што адбылася…
Лідачка пацягнула за руку сяброўку, настойліва прашаптала ў самае вуха:
– Марыся, толькі не перажывай. Упершыню бачыш такое, ці што? Антось – сапраўдны бабнік, лавелас. І ты пра гэтае добра ведаеш, толькі не жадаеш верыць сваёй інтуіцыі. Ён рэгулярна бегае налева і направа. А потым, як заяц у лесе, сляды свае хавае ў розных піруэтах.
Сяброўка літаральна тады адарвала яе ад чужога акна. І, заціснуўшы рот, пацягнула за сабой. Добра разумела: лямант зараз не дапаможа. Тут трэба нешта такое незвычайнае прыдумаць для гэтай салодкай парачкі, каб надоўга запомнілі. І ўцямілі гэтыя каханкі, што іх высачылі людзі, пасвойму адпомсцілі.
І прыдумала вось што. Выцягнуўшы з кішэні дрот, хутка разматала гэты металічны пярсцёнак. І лоўка нацягнула яго ад дзвярэй да бетоннага слупа ў двары. Карацей, зачыніла без ключа!
Задаволена ўсміхнулася самотнай і заплаканай Марыйцы. Ціхенька параіла:
– Падымі вышэй галаву! А хвост – заўсёды трымай толькі трубой! Зразумела? І не перажывай. Ды й не надумайся румзаць. Такога дабра, як Антось, на кожным вугле хапае. Абарві гэтую руціну, як павуціну!
Антон вярнуўся толькі ранкам. Злосны, буркатлівы, з пакамечаным выглядам. Не пазіраючы на жонку, адразу накінуўся з лаянкай на пасынка, які збіраўся ў школу. І прычына была дробязнай! Алесік не туды паклаў ягоную любімую газету. Як кожная маці, Марыя не вытрымала, заступілася за сына. І таксама пачула вадаспад нядобрых слоў у свой адрас. Грукнуўшы дзвярыма, муж падыбаў да аўтобуснага прыпынку. Трэба ж было ўжо ехаць на працу.
Толькі ўвечары адбылася сур’ёзная размова паміж мужам і жонкай. Калі Антон зноўку пажадаў правесці чарговы працэс выхавання Алесіка, Марыйка выказала ўсё прама ў вочы. Прыгадала нават тое, пра што доўга думала бяссоннымі начамі. І вось дзіва: нібыта адбылася споведзь, ачышчэнне ў царкве. Адразу вызваліла сваё сэрца ад непатрэбнага цяжару, які літаральна ціснуў, не даваў спакою.
Пералічыўшы даволі ўнушальны спіс каханак свайго мужа, жонка з трэскам кінула яму пад ногі дарожны чамадан і вялізую торбу. І бясконца ўпікала. Антось нават крыху спалохаўся, калі пачуў вось што:
– Збірай свае манаткі і вон з маёй хаткі! Без такога таткі-лавеласа, яшчэ пры гэтым нягодніка і эгаіста, мы пражывём. Сумаваць не будзем! Ніколі. У нашай хаце хоць будзе панаваць спакой і радасць, а не рэгулярныя сваркі.
– Сонейка, не будзь такой катэгарычнай! Кахаю ж цябе. Кахаю! – паспрабаваў Антон вымавіць усяго некалькі фраз, але ў адказ пачуў:
– Во як ты мне прадэманстраваў сваё каханне! З кулакамі стаў кідацца да майго сына, да мяне. Герой які знайшоўся. Ты ж бачыў, каго браў. Добра ведаў, што ў мяне дзіцятка. І не нагуляла… Нават запланавалi вяселле з Уладзікам ладзіць. Залатыя ўжо пярсцёнкi купiлі. Актыўна рыхтавалiся да важнай падзеi. Але здарылася бяда: мой нарачоны жаніх у аварыі загінуў. Атрымалася ўсё наадварот: замест вяселля, давялося пайсці на пахаванне бацькі будучага дзіцяткі.
Читать дальше