«Свет пахне аксалінам, марзозам, нікацінам…»
Свет пахне аксалінам, марзозам, нікацінам,
За нейкай сумнай спінай выходжу на праспект.
У ГУМа ўсе вітрыны, яе белыя прасціны,
І праз натоўп няспынны я назіраю снег!
А мяне кахае вецер.
Адчуваю, прадчуваю.
Ён спявае ціха песні,
Ён у твар мне лёгка дзьме.
А мяне кахае вецер —
Гаспадар у гэтым краі.
І мае пачуцці-вецці Ён схіляе да сябе.
«Толькі, на жаль, у вас няма крылаў…»
Толькі, на жаль, у вас няма крылаў.
Можаце дваццаць разоў перабраць словы.
І выдумляць новы сэнс, новы сэнс, новы.
Толькі, на жаль, у вас няма крылаў.
Божухна, як вы лятаеце? Нізка, нізка!
Хіба ж палётам назваць гэты бег можна?
Хутка падобным да помнікаў будзе кожны…
Божухна, як вы лятаеце? Нізка, нізка!
…Свет не расплюшчвае вочы – сны благія.
Хочацца паразумення, пяшчоты і веры.
Вылецець з даху… Ляцець праз нябесныя дзверы.
Свет не расплюшчвае вочы – сны благія.
Мажліва, хтосьці любіць родны дом,
Дзе з коміну бруіцца лёгкі дым…
А я люблю бязлюднае метро
І подых вентыляцыі у ім.
Мажліва, хтосьці прагне цішыні
Ды спеваў птушак – музыкі лясоў…
Кагосьці, можа, цягне да зямлі,
Мяне – на дах высокіх забудоў.
Люблю штодзённы меладычны звон
І твары незнаёмых мне людзей.
І нават пляц пустых халодных дзён
Люблю я ўсіх палёў зямных мацней!
У цёмным-цёмным лесе пад пнём № 4
Жывуць тры вельмі дробныя прыгожыя Валькірыі.
Варожымі і злоснымі не лічыць іх ніхто,
Такія ўжо маленькія! Мурашка ў паліто
На вочы цягне лінзы, ды нават тое шкло
Не дапаможа ўбачыць іх Мурашку ў паліто!
У іх ёсць імбрык з атам і кубачкі з часціцы,
Яны п’юць невідочную гарбату з палуніцамі.
Як свята, то гатуюць з нейтронамі пірог,
Пасыплюць іх пратонамі і клічуць на парог,
Але паколькі ў лесе іх ніхто знайсці не мог,
То самі і з’ядаюць гэты казачны пірог.
Але аднойчы ноччу Megaphragma Caribea
Раптоўна завітала ў хату скандынаўскіх феяў!..
Сястрычкі мітусяцца, нарэшце ў хаце госць!
З фундаментальных ферміёнаў згатавалі штось,
Усаджваюць за стол, крычаць-вішчаць: «Частуйся! Вось!»
Пад пнём № 4 сястрычкі й рэдкі госць.
[1992 г. н.]
– Яначак, можна я ў цябе на каленках паляжу, бо ехаць жа яшчэ далёка, – пад грукат чыгункі саладжава прамаўляла Надзейка.
«Наступны прыпынак – станцыя Раманы», – агучваў жаночы голас.
– Толькі калі прыедзем, ты не стой ля парога, як бэйбас, праходзь адразу да стала, будзь як дома. Маці мая цябе не з’есць, хоць яна строгая, праўда, бацька з братам у мяне таксама не маўклівыя. Ты ж не маўчы.
Электрычка імкліва ляцела, да Маладзечна было ўжо зусім нічога.
– Вось, паглядзі, які прыгожы касцёл – тут часта Кандрусевіч служыць. Мы з мамаю сюды ездзілі на дзясятуху. Такі фэст тут бывае! Ой, скарэй бы ўжо, не прыжду, не дачакаюся.
Цягнік паволі спыняў хаду, у шыбіне электрычкі паказаўся невялікі будынак чыгуначнага вакзала. На даху віднеўся надпіс: «Маладзечна».
– Усё, Яначак, бяры торбы, дый сыходзім, канцавая.
Праз сваё задуменне і разгубленасць хлопец і не пачуў аб яву пра канцавую станцыю. Дзяўчына працягвала:
– Так хутка час мінуў, аж не верыцца, што мы першы раз да мяне дамоў едзем. Ну, весялей, чаго ўнурыўся? Вось наш вакзал. Глянь, які харошы. Яму ўжо больш за сто гадоў, зірні на элегантныя арачныя вокны, пілястры ды рызаліты.
– А што гэта хаця за астры?
– Ну ты смешны, Хомка, пілястры – гэта такія выступы, якія, быццам калоны, упрыгожваюць будынкі,– крыху насмешна адказвала Надзея, працягваючы: – Зараз мы ідзем вуліцай Прытыцкага, паглядзі, якая шырокая і прасторная яна, нездарма яе называюць «Брадвей». Але мне яна нагадвае кіеўскі Хрышчацік. Як файна тут летам! На гэтай вуліцы спяваюць і граюць тутэйшыя музыкі – студэнты з музычнага вучылішча імя Міхала Клеафаса Агінскага.
Надзея гаварыла і гаварыла. Яна нават не заўважыла, што Янак ужо даўно не слухаў яе. Ён глядзеў некуды ўбок, часта азіраўся назад, як быццам хацеў адсюль уцячы. А Надзея, смакуючы кожнае слова, з асаблівым запалам працягвала:
– Вось мы і падышлі да самага сакральнага. Раней тут стаяў іншы прыгожы помнік На бяду, перанеслі яго ў парк. Ён там нядаўна і раскалоўся па іроніі лёсу. Але цяпер тут стаіць не горшы помнік, «Папараць-кветка» завецца, бачыш, закаханыя хлопец і дзяўчына ў папараці. Як мы з табой.
Читать дальше