«Ідзі на балкон сачыняць, Пушкін!».
А, яшчэ асобны дзякуй за імя Арсенія, народжанае ў нетрах гэнай хрушчоўкі. Што гэта імя самадайкі з аповеда Мерыме, якая памірае ад сухотаў, радзіну не бянтэжыла.
Напэўна, імя вынайшла маці – яна абкладалася кнігамі, як зацяты іпахондрык лекамі. Ася сама фанацела ад чытання, але ў маці гэта было нешта хваравітае, кожны блякла-ружовы томік чарговага жаночага рамана, на вокладцы якога жарсна абдымаліся кудлатыя дзевы ў дэкальтэ і чарнявыя мача ў расхрыстаных на грудзях кашулях, ставаў цаглінкай паралельнага сусвету, з якога маці выходзіла вельмі неахвотна. І, вядома, уласнае прасцецкае імя Марына ахвотна памяняла б на Марыяну. Працавала яна са сваёй хімічнай адукацыяй кантралёрам на заводзе па вырабу шасцяронак. Кантралявала вышэйзгаданыя шасцяронкі – ці правільны сплаў, ці няма трэшчынаў. Часта ў начную змену. Гісторыі пра спакушаных сіротак Мэры і неўтаймаваных піратак С’юзан грувасціліся ружовымі сумётамі ў прыбіральні, на кухонным стале, на падваконнях, паміж падушак на канапе. Бабуля Ірына, якая амаль не выходзіла з хаты ўжо тры гады, бо яе распухлыя ногі набылі проста пачварныя абрысы, страціўшы падабенства з часткай чалавечага цела, пасміхалася, папыхваючы цыгарэтай:
– Няхай бы лепей кулінарныя кнігі чытала. Больш было б карысці, чым ад гэтых ружовых сопляў.
Асіна бабуля дыміла, як паравоз. Танная цыгарэта нібыта і не знікала з ейных тонкі пажаўцелых пальцаў, якія так і не сталі з узростам вузлаватымі. Арсенія не адразу даведалася, што бабуля ў юнацтве была балерынай. Але таньчыла нядоўга – траўма, яшчэ ў вучэльні, і давялося перакваліфікавацца ў швачку. Машынка «Зінгер», дарэвалюцыйная, урачыстая і надзейная, стварала калыханкі Асінаму дзяцінству. Бабуліны рукі таньчылі над тканінай хуткі грацыёзны танец. Усе цяперашнія Асіны доўгія спадніцы і кофты з высокімі таліямі былі пашытыя на гэтай бліскуча-чорнай, з трохі аблезлымі залатымі гербамі машынцы «Зінгер»… І ўвогуле – усё ў доме. Нават накрыўкі на канапы – з непатрэбных кавалачкаў тканін, але падабраных так, што гэта нагадвала не звычайны для народных вырабаў стракаты россып «вырві вока», а далікатны ўзор на спіне марской жывёліны ці восеньскае перапляценне голляў, з якіх амаль абляцела лісцё. Калісьці ў дом часта прыходзілі заказчыцы, бабуля называла іх усіх «генеральшы», і Ася магла падзівавацца на неверагодныя тканіны – крэпдэшын, крэпжаржэт, натуральны шоўк, каралеўскі аксаміт… Разгорнутыя адрэзы нагадвалі сны пра балі, абрэзкі ад іх можна было займець, разглядаць і гладзіць, нібыта фотаздымкі краінаў, дзе не пабываеш ніколі. «Генеральшы» патрабавалі дэкальтэ і фальбонаў, рукавоў «ліхтарыкам» і спадніц «гадэ»…
Арсеніі часам здавалася, што бабуля Ірына здольная пашыць сабе новых сваякоў замест іх, няўдалых. І ў дзяцінстве нават вельмі баялася, атрымаўшы змайстраваную бабуляй ляльку-Золатавалоску, што хутка пад дробнае стукатанне голкі «Зінгера» з’явіцца і новая Ася. Прыгожая, залатакосая…
Цяпер прыходы «генеральш» у залатых завушніцах змяніліся рэдкімі візітамі «дваровых», гэта значыць суседак.
«Дваровыя», немаладыя, з гаспадарчымі сумкамі са штучнай скуры, звычайна прасілі падшыць куплёныя на рынку спадніцы ці нагавіцы, пераліцаваць жакет, а калі і прыносілі ў дом свае тканіны, гэта былі вельмі практычнага колеру альбо прастадушна стракатыя адрэзы, ад якіх думалася не пра баль, а пра цырульню, пральню, гастраном… Але бабуля ніколі не скардзілася і не крытыкавала «кантынгент».
Ася была мала падобная да бабулі Ірыны. Больш – да маці. А шкада. Хаця ногі бабулі пад старасць распухлі, цела заставалася хударлявым, твар – з рэзкаватымі рысамі, але прыцягальны, энергічна-іранічны… А матчыны (і ўласныя Асіны) рысы выяўлялі якасці, якія Арсенія ненавідзела: датклівасць, наіўнасць і чысціню, што межавала, на яе погляд, з дурноццем. Высокі лоб, асаблівая, нейкая дзіцячая, датклівая складка вуснаў… Так і хочацца самой сабе заехаць у фізіяномію. Як выглядаў іхні з сястрой бацька, Ася нават не ведала. Пасля таго, як ён яшчэ да нараджэння малодшай дачкі сышоў з сям’і, каб з’яднацца з чарговым палкім каханнем дзесьці ў Мардовіі, у доме былі старанна панішчаныя ўсе выявы «тхара», як называлі блуднага татачку маці і бабуля. І – ніякіх згадак! Асіна старэйшая сястра Маргарыта таксама не магла ўнесці яснаты, бо цьмяна памятала тату, які бавіў болей часу у камандзіроўках, чым дома, дый было ёй годзікі чатыры, калі ён знік. Запомніла толькі, што ўвесь час патрабаваў акуратнасці і цішыні, бо яму трэба дапрацоўваць чарговы праект чарговага сельскага клуба.
Читать дальше