Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію
Раман-інструкцыя
“Мы прыйшлі ў гэты сьвет не для таго,
каб праклінаць цемру, а для таго, каб запаліць у ім сьвятло.”
З апавяданьня Русланы Палынскай.
Альбарутэнія для нас пачыналася як Гульня.
Мы напачатку ня ведалі, што той хто ўвайшоў у гэтую Гульню – ніколі ад яе не адмовіцца, як ня можа крыж пазбавіцца адной з перакладзінаў і застацца крыжам.
У горадзе нас пяцёра.
На два мільёны – пяцёра…
Кожны прыйшоў у Гульню сваім шляхам. Якім? А хіба вы можаце пралічыць шлях кропель дажджу, якія сьцякаюць па шыбе і ўрэшце зьліваюцца ў адну ручаінку?
Неяк дажджлівым травеньскім вечарам мы сядзелі ў нашай улюбёнай кавярні, сьцены якой упрыгожаныя чорна-белымі сямейнымі фотаздымкамі і калекцыямі манетаў і савецкіх марак у зялёных драўляных рамачках, і спрабавалі паводле дзядулі Фройда згадаць свае першыя дзіцячыя ўспаміны… Таму я, карыстаючыся пачутым тады, проста абмалюю для вас нашыя партрэты — так бы мовіць, у сямейных інтэр’ерах…
Гэта гульня…
Усяго толькі — наша гульня.
Што нам да тых,
хто спрабуе зямлю перайначыць?
Альбарутэніі позірк, як рана, гарачы,
Сонца мае… Ты забіла мяне, як ягня
На ахвярніку белым…
І кроў — паласою — на белым…
Ваўкалакі правылі маю пахавальную ноч.
Час, як рана, загоіцца.
Лёс разаб’юць, як вакно.
Гэта толькі гульня…
І ўсяго толькі — мёртвае цела.
Трубы раўлі, быццам зьбіраліся зьнесьці сьцены кватэры.
Не ўрачыста-бліскучыя трубы, якія прынята называць меднымі – хоць насамрэч яны Бог ведае з якіх сплаваў, — а схаваныя ў цаглянай тоўшчы сьценаў, з агіднай сьмярдзючай сьлізьзю ўнутры…
Верагодна, гэтыя сьцены, абклееныя блякла-зялёнымі шпалерамі з малюнкам “вермішэль у палёце”, заслугоўвалі зруйнаваньня.
Але так казаць несправядліва – бо маленькія катухі “без архітэктурных лішкаў”, рассыпаныя па Савецкім Саюзе пры Хрушчове, нібыта часткі дзіцячага канструктара, былі важнымі дэталямі, з якіх будавалася маленькае шчасьце маленькіх людзей. Мець свой катух, знайсьці ў савецкіх сотах сваю ячэйку, і напаўняць-напаўняць-напаўняць яе мёдам кволага свайго дабрабыту… Камода, плюшавыя шторы, “мяккі вугал”, збор твораў Андрэ Маруа, рэпрадукцыя Рубенса Пітэра Пауля “Саюз Зямлі і Вады” з часопісу “Огонёк” у гіпсавым багеце пад бронзу…
Даліла так і не палюбіла гэтыя сьцены.
Для яе яны назаўсёды – сьцены Іерыхона, вакол якіх нясе свой каўчэг войска дзіўнага племя прыхадняў, і ты адчуваеш: Бог – з імі. А тут… маленькае шчасьце мець сваю бетонную ячэйку.
Божа мой, у кагосьці першы ўспамін дзяцінства – сонечныя зайчыкі на яблыневых галінках, матчына калыханка, урэшце – яркая, неверагодна яркая, як бывае толькі ў несьвядомым дзяцінстве, бразготка…
А ў яе – выцьцё вадаправодных трубаў. Блякла-зялёныя шпалеры. Незнаёмы мужчына (яна так і не навучылася вымаўляць слова “тата”) прыкладае да сьценаў жалезную стужку, вылічвае нейкія “квадратныя метры”... Праз некалькі гадоў суседкі па пад’езьдзе патлумачаць Даліле: твой нягоднік-татка пасьля разводу хацеў адсудзіць кватэру…
Даліла была выдатніцай, але з восьмага класу сышла – абрыдла. “На залаты медаль рыхтавалі! У інстытут!” – бедавалі педагогі.
А яна проста ўзяла даведнік па сярэдніх сьпецыяльных установах і выбрала прафесію з больш-менш прывабнай назвай: афарбоўка тканінаў. Аказалася, праўда, што будучая прафесія зьвязаная не з маляваньнем, а з самым нудным для Далілы прадметам – хіміяй. Гэта толькі ў дзяцінстве цікава: крапаеш кроплю ёду, у яе кроплю зялёнкі, і ўтвараюцца паскудныя брунатныя камякі, ні да чаго не прыдатныя, акрамя як выклікаць тваю цікавасьць. Дыплом Даліле перадалі ў раддом – аднакурсьнікі прычапілі яго да апушчанай з вакна ніткі. Нарадзілася дачка. Хто бацька? А навошта вам ведаць? Даліла выканала прыроднае прызначэньне, найменш пацярпеўшы ад “патрыярхатнага ладу”.
Яна расьціла дачку і працавала вахцёрам у рэабілітацыйным цэнтры. Працуе і пасёньня. На вахце ціха, чытаць можна, толькі часам уночы загарлае бязногі “афганец”. Спробы мужчынаў пазнаёміцца з Далілай спыняюцца звычайна на першым яе паглядзе. Цяжкі ў яе пагляд, у Далілы. Вузкія зялёныя вочы, халодныя, як у зьмяі. І ўся яна высокая, гнуткая, маўклівая, цёмныя валасы гладка зачасаныя, і “луска” з сэканд-хэнду чорная і шчыльна па фігуры. Улюбёны пісьменьнік Далілы – Оскар Уайльд.
Читать дальше