Далібог, нават пудовыя ўдары кулакоў ды ботаў у грудзі, у рэбры, у скроні не такія балючыя, як гэты дажывотны, ванітоўны гул з буханьнем. Давай, Яне, давай, сэрца ў кулак, вунь на ліхтар – адтуль учуеш, як ухнуць у вушы аглухлае Беларууусі!..
Уух, удыхнуў у небе волі, і ад нясьцерпнасьці, крыкам крыку, да болю, калі ня чуеш сябе:
– Пакайцеся!.. Беларусы!.. – набіраў паветра ў грудзі. – Пакайцеся!..
Плошча вакол прасела, увагнула галовы ў плечы, прасьвятлела сотнямі твараў, вачэй і вушэй.
– Эй, б… Пацан, ты чё там, перепил?
– Па-Кай-Це-Ся!..
Сьцягнулі за калашыну, ён дрыгаў нагой, сутаргава адбіваўся зусім не па-хрысьціянску, але чэпкія рукі, што прывыклі рваць, хапаць і цягнуць, рэзка, бяз фокусаў зрынулі ўніз, брук расступіўся, каб ударыць яго ўсёй каменнай сьцяной – і градам, градам, залпавай сістэмай, зь яраснай радасьцю, толькі б вытрымалі барабанныя перапонкі!..
Гэта быў, гэта біў, Яне, беларускі народ. Родны. Як быць, калі пнуцца біць, пнуць ды крыжуюць родныя людзі?.. І ён сіпеў, аддыхваўся ў “хуткай”, куды яго выцягнулі з натоўпу амапаўцы, размазваў кулаком кроў і сьлёзы – ад крыўды, нарооод!.. Не, хіба і ад болю таксама… Так, найперш ад болю, ад бруду ў сьветлай кучаравай галаве, што далі ў музычнае вуха да гуду, ад балючага ўздыху ў баку, ды яшчэ раскрывянілі вусны, якія так кранальна ўчора пацалавала Хрысьціначка… …лёгкі, паветраны, як знак Божы, рух рук і вуснаў насустрач, калі кожны шэпт робіць рухі пякучымі, а вусны ловяць, ловяць кожную кропельку ласкі, яе язычок зьнемагае ў пяшчотным змаганьні, вось яшчэ кропелька – і страціш прытомнасьць ад шчасьця… Ён скрывіў ныючы рот, вачніца правалілася болем на паўтвары, і зноў шыбанула сьлязьмі. Зноў гэтыя тры ноты пакінутага дзіцяці. Бацька, які далёка-далёка. Матуля, якая яго кінула. І народ, які выракаецца сваіх дзяцей і продкаў.
Шкада сябе, садніць у шнарах і гематомах шкадоба, а гэта паскудна. Гэта ня воля, Ян, гэта няволя.
І вось дыхае побач няведамы Леў, глыбока, агромніста маўчыць, толькі ўбірае ўсю прастору алтара ў ноздры – і чуе Ян, як пячатае – так, так, так! – ягонае сэрца.
Нагаварыў сёньня кругамі па калідоры бальнічным, хрыпла-хрыпла пра канец сьвету, пра Бога і волю, выцягнуў, выдраў яго зь лякарні, – і знай сабе дыхае.
Чакае – ці пачуе што Ян.
Так, у лякарні было няўцерп. Боль. Бель. Халодна голаму. І высокія дзявоцкія галасы.
Ляскае ліфт, зь якога яго вывозяць на каталцы. Металёвыя засаўкі, быццам кайданы. Ці то дзінькае снадзіва ў металёвых бліскучых скрынях, ці то чаркі, ці то відэльцы пад навагоднія бомікі – але вылоўлівае трывожнае вуха шарканьне, кхеканьне, сьцішаны кашаль.
Навагодні?.. Саўсем яшчэ мальчык… Тамаграфія… Мачу…
Ачомаўся, калі яму паміж ног уставілі шкляную колбу, ці то на аналіз, ці проста апаражніць пухір, і халодныя пальчыкі медсястры, і мурашкі па скуры, і зацурчэла пякучае, і ён сам засіпеў: трапіў.
Навагодняя ноч. Званкі. Енкі. Млосьць і бясьсіласьць.
Палон. Пад’ём. Зноў шыпеньне, шарканьне, званкі. Каша а сёмай. Сплёўваньні суседа. Агляд. Гематомы, рэнтген. Язык, цьфу. Калупаецца ў вуху… Адхіснуўся, ня лезьце!
Леў кажа, чуў яго там, на Плошчы. Мо і чуў. Паехалі, кажа, са мной: калі цябе знойдуць… Слухайце, і чаму гэта беларускамоўныя заўсёды нейкія ашалеўшы?
Глядзіць дрымуча і толькі дыхае, такі сабе Леў. Табе небясьпечна тут заставацца. Яны адсочваюць такіх, як ты. У старога рэальная манія, але прычынаў заставацца ў халоднай палаце з дурацкімі аналізамі сапраўды не было ані.
Хачу быць вольным ад усяго гэтага, нявызначаны рух рукой.
Канечне, дзе ж яшчэ размаўляць пра волю – тут, дзе ўсе ў белым, сярод перабінтаваных ахвяраў кітайскае піратэхнікі, з пахам сьпірту і гною… І з кім – барадатым, насатым гарадскім Санта-Клаўсам, у якога, гэта ж бачна, паехаў дах.
– Хочаш быць вольным? Стой у свабоде, якую табе даў Хрыстос, і не схіляйся зноў пад ярмо рабства.
Воля. Леў хрыпеў і хрыпеў пра волю, і гэта была адзіная прычына, дзеля якой ён гэтага Льва паслухаў.
Воля…О-о, гэта было так, як быццам празь цябе праходзіць Госпад.
Ён ня мог выявіць яе словамі. Але на ўзроўні слыху – чуў па адным подыху, па трымценьні паветра. Зь першай жа высокай-высокай ноты ўсёй істотай ведаў – Ян, гэта Яна. Воля.
Амаль заўсёды – у небе. Часам – у храме. Бывала – у сьпеве, чыстым да апошняй ноты. Рэдка, надзвычай рэдка – у чалавеку, калі скрозь галосныя адразу чуеш сэрца. І ніколі – сярод вулічнай штурханіны ды ў натоўпе.
Читать дальше