1 ...6 7 8 10 11 12 ...31 Нам было цяжка глядзець на птушак, многія з якіх у няволі развучыліся лятаць. Мы нават раздалі ім частку сваёй калекцыі камянёў, што збіралі ў розных краінах. Птушкі, якім пашчасціла знайсці камень са сваёй радзімы, праглынулі гэты каштоўны падарунак і захавалі назаўсёды ў сваім валлі. Мы бачылі кракадзілаў, бегемотаў, розных грызуноў, толькі коней нідзе не было. Ты неяк крыху спахмурнеў, вочы твае, якія заўсёды прыцягвалі святло, сталі цьмянымі, нібыта хтосьці задзьмуў іх, як свечку. Жартаўлівая бойка маленькіх медзведзяняткаў цябе крыху ўсцешыла і павесяліла. Іх бацькі распавялі нам, што гэта іх першае патомства, і што толькі дзякуючы сваім дзеткам яны адчулі сябе ў гэтым чужым горадзе, як дома.
Нешта надзвычайнае лунала ў паветры. Відаць, не выпадкова поўня прывяла нас у гэты горад. Ты сядзеў перада мной і глядзеў на набліжэнне захаду. Я імкнулася зрабіць усё як мага хутчэй, пакуль было дастаткова святла. Імпрэсіяністы заўсёды малявалі памежныя станы, і толькі зараз я зразумела, як гэта цяжка: злавіць тваю ледзь заўважную ўсмешку і глыбокія вочы, у якіх люструецца жоўтае сонца, што паступова сыходзіць на другую частку зямлі, пакідаючы свой цёплы след на даху заціхаючага горада.
Маленькі пэндзаль быў зроблены з маіх валасоў, а вялікі – з тваіх. Фарбу для малюнкаў я збірала ў самых дзіўных месцах: парцалянавы блакіт Чорнага мора, шэраружовая галька – Азоўскага, таматна-памаранчавы сок Мексікі, цёмны колер піва Гінэс, празрыстае чэшскае шкло, чорны дождж Лондана, бездакорны белы – Барселоны. Фарбы захоўвалі подых і дух тых мясцінаў, з якіх былі прывезеныя, а таму і малюнкі звычайна дыхалі нейкай шматнароднай традыцыяй. У іх зліваліся гарачыя іспанскія рытмы, ірландская народная весялосць, шум мора, святочнасць Рыо, англійская суворасць, чэшская сціпласць – яркія вясёлкавыя пералівы ўсіх часцінаў свету.
Для партрэту я абрала цёплыя карычнева-жоўтазялёныя колеры: аліўкавыя ўзгор’і Харватыі, ахрыстае сухое лісце Карпатаў, пяшчотна-салатавае першае цвіценне крымскіх падгор’яў, а таксама светла-шэры Свіцязі для тваіх вачэй. У салёнай вадзе заліву гэтыя фарбы рабіліся яшчэ больш выразнымі і лёгка клаліся на тканіну аповеду. І вось пасярэдзіне подыху, паміж расплюшчанымі і заплюшчанымі вачыма, пасля сонца і перад поўняй, на пераходзе ад святла да цені, на самай мяжы сяброўства ды кахання выявіўся твой твар, подобны хутчэй на сімвал бясконцага пераўтварэння інь у янь.
Мы паставілі намёт на пяску ля мора. Раніцай ён быў напалову заліты вадой. Але мы не адразу заўважылі – так стаміліся пасля ўчарашняй прагулкі – і не маглі прачнуцца. Мы бачылі адзін сон на дваіх, толькі глядзелі яго з розных бакоў: нехта з пачатку, а нехта – з канца. Мы сустрэліся на сярэдзіне і толькі тады прачнуліся.
Мы ляжалі, калыхаючыся на паверхні салёнай вады, і ўспаміналі свой сон. Гаспадары дома, пад якім мы начавалі, знайшлі намёт, спусціліся на пляж і паклікалі: «Ці ёсць хто жывы?» Яны запрасілі нас паснедаць. Мы пагадзіліся адразу, бо наш сняданак быў наскрозь мокры: захаваўся цэлым толькі маленькі слоік варэння з грэцкіх арэхаў, якім мы частавалі сваіх новых гасцінных сяброў. Сняданак на адкрытай тэрасе з відам на мора атрымаўся вельмі натхняльным. Была ўжо восень, але гэты дзень нагадваў пра лета. Марская вада колеру мятнае гарбаты накатвала хвалі на бераг, водар салёнае свежасці прасякаў крыштальнае паветра, асветленыя сонцам аблокі марудна цягнуліся адно за адным.
Людзі, якія жывуць ля мора, вельмі шчаслівыя. Кіран і Лорна распавядалі нам свае сны. І ён, і яна ляталі ў сне. Лорна, як звычайна, ляцела, нібыта плыла па вадзе, адчуваючы цяжар. Яна адштурхоўвалася ад пяску на пляжы і ўзнімалася вышэй і вышэй, перамагаючы зямное прыцягненне. Кіран ляцеў, нібыта падаў у бяздонны калодзеж. Падчас гэтых палётаў ён, наадварот, адчуваў лёгкасць, нібыта пакідаў сваё цела. Яшчэ яны казалі, што адчуванне палёту было вельмі моцным ды рэалістычным – у сне яны былі ўпэўненыя, што могуць паўтарыць гэта на яве. Я падумала, што гэта абавязкова адбудзецца калі-небудзь, трэба толькі ашчадна захоўваць досвед пра палёты. Ты толькі ўсміхнуўся сам сабе, табе невядомая была пакутлівая мара навучыцца лятаць.
У Кірана была свая букіністычная кнігарня ў горадзе. Ён чытаў усе кнігі, якія прадаваў сам, і ведаў пра іх шмат цікавага. Ён дапамог нам знайсці падарункі для сяброў – збор кельцкіх легендаў ды паданняў, кінакаталог 1993 года выдання, вершы Ленана з ягонымі малюнкамі ў перакладзе на чэшскую мову. Для сябе я выбрала энцыклапедыю коней. Ты набыў альбом з рэпрадукцыямі мастакоў, якія малявалі неба. Мы пакінулі Кірану кнігі з бібліятэкі нашай свядомасці, якія заўсёды насілі з сабой – раман Мілана Кундэры аб празе захавацца ў памяці пасля смерці, далікатны жыццяпіс эратычнасці мастацтва Джона Барта, кніга спасціжэння самога сябе Кена Кізі, даоская прыпавесць Джэка Керуака, казка пра гульню ў шахматы Уладзіміра Караткевіча, дзённік-Кама Сутра Чарлза Букоўскі, твор пра шматлікасць чалавечых абліччаў Германа Гесэ, даследаванне Тома Вулфа пра эксперыменты са свядомасцю, выдзьмутая скразняком праз фортку аповесць Генрыха Бёля, сатыра на брудны Парыж Генры Мілера, аўтабіяграфічная містыка пра змарнаваных часам Пітэра Хёга.
Читать дальше