Заключэннем уніі з Польшчай, якая злучала ў адно дзве дзяржавы і рабіла яго не толькі вялікім князем, але й каралём, ён адарваўся ад гэтай гайні, адным махам пераскочыў праз агароджу і зачыніўся моцнай брамай. Праўда, абяцаў і Вітаўту, і Скіргайлу вялікі сталец, і яны былі пры заключэнні уніі, нават перахрысціліся ў каталіцтва разам з ім у Кракаве, ды ці мала абяцаецца пры пачатку вялікага паходу? Паход скончыўся, і заўсёды можна казаць, што твае праціўнікі не ўтрымаліся на абумоўленых межах, што нешта парушылі, а значыць, ранейшыя абяцанкі губляюць сілу…
Што рабіць цяпер? Паслаць ганца да Вітаўта, каб патлумачыў, чаму парушае крохкае перамір’е? А што, калі гэта не людзі Вітаўта? Калі гэта простыя рабаўнікі, альбо маскоўцы, альбо і татары? Праўда, Марыя піша, нібыта стрэлы, якімі пазабівалі пачот, былі Вітаўтавы, але ў вайне зацікаўлены і маскоўскі князь, і Тахтамыш, і шмат хто на Захадзе, а найперш крыжакі. Тыя расклалі ўсё па гадах, метадычна і пасьлядоўна, з задачай на кожны год: аслабіць і Вітаўта, і Вялікае Княства, і Польшчу, распаліць паміж імі варажнечу. І хаця за прыязнасць крыжакоў змагаюцца зараз і Ягайла, і Вітаўт, яны абодва разумеюць: гэта – часова. Бо ў крыжакоў адна задача: саслабелых пасля вайны Вітаўта і Ягайлу лёгка можна будзе прымусіць да с в а і х, ордэнскіх умоваў.
…Калі яны са стрыечным братам, а цяпер ворагам Вітаўтам застануцца жывымі…
Малітва скончылася. Ядвіга ўзялася за сваю ўлюбёную страву: дактылі і малако, пшанічная выпечка…
Чырвонабокія яблыкі, якія ён так не любіць, яна стане есці потым. Перад ім паставілі сваё, ліцьвінскае, што гатаваў уласны віленскі кухар: флячкі з цыбуляй, з пякучым хрэнам, жур з лустамі варанай бручкі. Кароль зачэрпнуў сярэбранай лыжкай жыжу, апёк вусны. Драўляная лыжка лепей, матуля ў Вільні разумела гэта і загадвала, нават пад час прыняцьця іншаземных паслоў, класьці перад ім побач з сярэбранай таксама і драўляную, з ліпы, – мяккае дрэва грэлася пад рукой і палагоджвала думкі. Ядвіга стрэльнула ў яго вачыма, але прамаўчала, толькі тузанула да сябе ручнік для выціраньня рук, і ейныя фраўцымер, дзяўчаты-венгеркі з Буды – Альжбета ды Ядвіга – замітусіліся, адсоўваючы ад яе пусты кубак і талерку. Ягоны ж улюбёнак – падстольнічы Цімох з бацькоўскага замка – стаяў нерухома, з лёгкай пагардай гледзячы на жаночую мітусню.
Так, у іх з Ядвігай ад пачатку былі ня толькі розныя канцылярыі, але і розныя кухары, розныя густы і розныя стравы. Ды яму няма патрэбы прынараўлівацца да ейных: ужо палова прыдворных заказвае сваім кухарам ліцьвінскія флячкі, халаднікі ды мяса з дробна пасечанымі грыбамі. Якніяк, ён ня толькі муж каралевы, але найперш сам валадар магутнага Княства, якое, як спадзяюцца вяльможныя паны, выратуе Польшчу ад крыжакоў. Зноў жа пры ўмове – калі ён аб’яднае дзве сілы ў адно, калі разам яны стануць мацней за крыжакоў.
Ізноў думкі яго вярнуліся да ранішняга ліста, да рабавання пад Лідай.
Трэба правесці пільнае дазнанне: хто там быў, куды звезена скарбонка. Няхай Маскажэўскі і займецца гэтым, пакуль у Троках брат Свіргайла п’е моцныя напоі і сячэ шабляй таго, хто падвернецца пад руку.
А пасля лечыць.
Сняданак яшчэ не скончыўся, а ганец Арабей, атрымаўшы за важнае паведамленне цяжкі дэнарый і не паспеўшы пад’есці, ужо мчаўся па гасцінцы назад. Злосны вецер ірваў на ім лісіны шлык, скуголіў, гнаў з вачэй слёзы. Але такі лёс у ганца. У караля лёс іншы – ён сядзіць на залатым троне, носіць тонкія кашулі і гафтаваныя золатам жупаны, п’е колькі ўлезе куфляў піва, слухае песні гусляроў.
Ягайла ж, узгадваючы Арабея, думаў пра Вільню, у якую ляціць ганец, пра стромкія вежы над далінай і Вяллёй, дзе ў дзяцінстве вучыўся плаваць і разам з прыдворнымі рыбакамі, нягледзячы на забарону княгіні-маці, таптухай лавіў язёў. Адчуў халаднаваты вільготны пясок пад нагамі, якія лашчыла празрыстая вада, і гайню маленькіх серабрыстых рыбак, што пырскалі ў розныя бакі. А яшчэ сонца, – яно пранізвала калыхлівую тоўшчу вады, і там, у зеленавата-пругкай глыбіні, цягнуліся ўверх водарасці, падобныя да калматай барады вадзеніка. Рыбакі заўсёды кідалі ў ваду лустачку хлеба – для яго, валадара рачных глыбіняў, і прасілі здабычы і ўдачы. І прыдворныя дзяўчаты, мыючы яго, маленькага, у лазні, таксама звярталіся да лазніка, каб вымыў з княскага дзіцяці ўсе хваробы і адагнаў злыдуха, і лядашчыка, і стрыгу. Таму свежым бярозавым венікам абводзілі вуглы лазні, прыгаворваючы замовы. Гэта самае робіць ён і цяпер, і шмат што іншае, чаму навучылі яго там, у родным доме. Хаця тут, у Кракаве, ягоныя звычкі здаюцца дзіўнымі, ды ён ведае тое, на што забыліся яны: усё вакол жывое. І нават трава каля замка, якую косяць штотыдзень, хоча жыць і радуецца сонцу.
Читать дальше