Вера рана выйшла замуж, у дзевятнаццаць гадоў. Незадоўга да гэтага яны з малодшым братам страцілі маці, засталіся ўдваіх сам-насам з жыццём. Ім дапамагала цётка не вельмі вялікімі грашыма, часу займацца пляменнікамі ў яе не ставала. Вера ледзь зводзіла канцы з канцамі. Ліда неяк заскочыла да Веры ў госці, з інтэрнатаўскага галоднага бардаку ў гарадскую кватэру. Не нашмат там было лепей. Вера частавала сакурсніцу аладкамі на кефіры. Пачак мукі, алей у шкляной бутэльцы з ліпкай падранай налепкай і бутэлька кефіру – усе прадукты, што былі ў доме. А ў пакоі на засланай старым пацёртым дываном канапе ляжалі скруткі дарагіх шыкоўных махеравых нітак бэзавага колеру, купленых на зэканомленыя грошы. Вера вязала сабе шалік, бо гэта неверагодна прыгожа – бэзавы шалік.
Калі Вера выпадкова ў познім зімовым з заінелымі шыбамі трамваі сустрэла Яго, на Верынай шыі прывабна пухнаціўся бэзавы шалік. І Ён падышоў пазнаёміцца. Ад лёсу не ўцячэш.
Будучы Верын муж Леанід на спатканнях трымаўся самавіта. Веры паблажліва дазваляў ласкава называць сябе Лёнчыкам. Высокі, з гордай асанкай, нецярплівы і рэзкаваты ў выразах. Вера лічыла гэта мужнасцю і незалежнасцю, а было то звычайнай распешчанасцю. Адзіны сын у завадской працоўнай сям’і. Мама гадавала яго па прынцыпе: усё – для любімага дзіцяці. Мы, бацькі, пражылі жыццё, нічога добрага не бачылі, няхай хоць сынок пажыве. Рана не будзіць, гуляць не забараняць, рэчы купляць якія пажадае. Джынсы? Купім фірмовыя джынсы, коштам на цэлую маміну зарплату, а маме і ў старым паліто нядрэнна. Колькі ёй там трэба? Гадзіннік дарагі сыну спадабаўся? Абавязкова купім, ёсць у мамы прыхаваная капейка… Бацька Лёнчыка тым часам вечарамі ў ціхай самоце папіваў на кухні таннае віно…
Вера закахалася. Лёнчык быў нібы распісны заварнік з дзіўным носікам, занадта дарагі для яе кашалька, але ж так прыемна піць гарбату. Вера верыла, што ўсё будзе добра і іх з Лёнчыкам чакае цудоўнае жыццё. Тое, што Лёнчык больш часу праводзіць не з ёй, а з сябрамі на пагулянках, то – дробязі. Пажэняцца і ён зменіцца, абавязкова зменіцца… Не змяніўся. Вера выйшла замуж, нарадзіла дачку, але сям’і не займела. Лёнчык не разумеў, што аб жонцы і дачцэ трэба клапаціцца, што сям’ю трэба ўтрымліваць. Яго раздражнялі абавязкі і плач малога дзіцяці. Грошы ад яго з’яўляліся ў доме рэдка і ў абрэз. Вера зарабляла сама, як магла.
Па суседстве на адной з Верай лесвічнай пляцоўцы жыла халасцячка Эма. Фанабэрыстая, самалюбівая кабета, пра якіх кажуць, што ім трыццаць с хвосцікам, пра памер хвосціка ніхто не ўдакладняе. Старой дзевай называць Эму не выпадала, бо цнатлівасць яна не берагла, яна нават і не памятала часы цнатлівасці. «Я стаю у рэстарана, замуж позна, здохнуць рана» – таксама не пра яе. Эма замуж не збіралася. Філасофія Эмінага жыцця палягала ў тым, што жыць трэба выключна дзеля сябе і пажадана за кошт багатых палюбоўнікаў. Сям’я, муж, дзеці саплівыя – падобныя турботы былі ёй зусім непатрэбныя. Эма давала Веры магчымасць падзарабіць. То ёй спатрэбілася падкараціць спадніцу, то завузіць сукенку. Эма запрашала да сябе ў кватэру бедную, гаротную суседку, якая сядзела з дзіцём у дэкрэце і лічыла кожную капейку, велічна адчыняла перад Верай шафу з убраннем. Шафа ламілася ад вопраткі, і Эма, абвёўшы гардэроб паглядам, казала: «Дам табе сёння вось гэту сукенку… адрубіўся падол, яго трэба падшыць. Аксаміт – дарагая тканіна, ты глядзі старайся акуратна зрабіць. Та-а-акс… А ў гэтай сукенцы трэба перарабіць каўнер, ён мне не падабаецца». Вера марыла ствараць калекцыі адзення і дэманстраваць іх на подыуме, а ёй прапаноўвалі падрубіць падол. Але яна была і гэтаму рада, – падпрацоўка ў дэкрэце. Дзякуй Эме, па-суседску падкідвае працу і заўсёды з ёй мілая, размаўляе як з сяброўкай… Кінуўшы рэчы на мяккую канапу, Эма запрашала Веру чаго-небудзь выпіць і адкрывала перад ёй бар у чэшскай мэблевай секцыі. Бар поўніўся дарагімі напоямі: марачныя каньякі, віскі, лікёры, віно ў незвычайных бутэльках. Вера ў захапленні шырока раскрытымі зялёнымі вачамі глядзела на Эму. Эма, утульна захінуўшыся ў атласны халат, падобны на японскае кімано, падсаджвалася ля Веры і з робленай абыякавасцю апавядала, як Георгій Тадэвушавіч яе песціць: кветкі, цукеркі, нядаўна пярсцёнак падараваў. Эма карцінна ўздымала руку перад Верыным тварам, паказвала залаты фігурны пярсцёнак з каменьчыкам. «А дарагія напоі ў бары ён прыносіць для сябе. Георгій Тадэвушавіч абы-што не ўжывае», – расказвала Эма. Эма мела статуснага палюбоўніка. Каханак займаў пасаду ў райвыканкаме, выступаў за справядлівасць і моцную сям’ю, найгалоўнейшую ячэйку грамадства. Гэта акалічнасць зусім не замінала яму пад покрывам ночы хадзіць ад жонкі налева. Для Веры Эма заўсёды называла яго Георгіем Тадэвушавічам, каб надаць вагі. А ў інтымных абставінах, калі ў кватэры згасала святло, ён ператвараўся ў Жоржыка, у гудучага чмяля. Жоржык насіў перад сабой ладны пузень. Пяты год – на сёмым месяцы. Эма падсаджвалася да яго на калені, клубам упіралася ў пуза. Жоржык пажадліва запускаў тоўстыя пальцы пад атласны халат з малюнкам японскага кімано і мацаў Эміны вабноты. Жоржык наведваў яе па графіку. Астатнія вольныя вечары яна бавіла як пажадае. Ад няма чаго рабіць запрашала Веру. Перад ёй пахвалялася заможнасцю, а заадно вешала на суседку дробны рамонт рэчаў. Хадзіць у атэлье Эма ленавалася.
Читать дальше