– І ты. І кіндэрбобікі твае. І ўсе, – відаць, кіроўцу ўжо сьмяртэльна надакучылі гэтыя ўсе тлумачэньні-аб'ясьненьні, таму што нават кукурузную палачку, якую ён знайшоў у сябе на сядзеньні, ён жаваў неахвоць, лянотна, абы разжаваць.
– Ды што… Ды як вы можаце?! А бацькі?.. А… Не, нікуды мы не паедзем! – ужо стаяла на цьвёрдых нагах таўсматушка.
– І бацькі, – як ня чуў трохі злоснае катэгарычнасьці ў апошніх ейных словах кіроўца. – Усе паедуць.
– А я!.. – пачала была выхавацелька, ды раптам кіроўца са спрытам выскачыў з кабіны, бы той ушчэнт згаладнелы клешч, учапіўся растапыранымі пальцамі жанчыне ў шырокія цыцкі ды пацягнуў-павалок, адыходзячы задам, яе да аўтобусу:
– А ты… Ты… – пеніліся па краёх ягоныя пасінелыя вусны. Вось чарговае брыдкае слова зьляцела зь іх, хвостка пляснула выхавацельцы па твары, які ўвесь пайшоў плямнотнаю чырваньню. – Арыштаваная ты, скукожына! Ясна табе?!
– Дзеці… дзеці… – міжволі паддавалася яна кіроўцу. – Толькі ня плачце… У аўтобус… Дзядзя памыліўся… Ня бойцеся. Мы паедзем і прыедзем… А дахаты… я сама… вас… потым… Толькі ж ня плачце!
І толькі выхавацелька паўтарыла пра плач, як дзеці зараўлі. Засмаркаліся, заенчылі, заверашчалі. Яны плакалі, яны насамрэч баяліся гэтага худажэзнага дзядзю, які цягне іхнюю Ганну Халімонаўну ў нейкі страшны бэзавы аўтобус ды яшчэ хоча, каб і ўсе яны лезьлі туды таксама.
– А-а!.. Сьціхніце, каб вам заляпіла! – таксама разьдзіраўся крыкам кіроўца. Ужо жахліва раскрытыя вочы Ганны Халімонаўны спачатку ўпляжыліся знутры ў аўтобуснае вакно, потым яна мітусьліва падалася да выхаду, ужо кідаў кіроўца парамі, а то й па трох-чатырох у аўтобус саплівае, перамурзанае падшываньне, і ўжо падалі, валіліся адзін на аднаго пераляканыя сапліўцы ў духотным, нажараным сонцам за дзень салёне. Дзяцей як магла лавіла ды супакойвала ўпацелая выхавацелька, ёй крыху дапамагалі ранейшыя арыштанты, неахвотна ўсаджвалі на вольныя мейсцы. Праўда, адна бабулька пачала хутка-хутка маліцца за кожнага, у кожнага спрабуючы запытацца імечка, але мала хто з перамакрэлых малятаў да яе азываўся…
А матор заходзіўся гудам-скрыгатам, бэзавы аўтобус калаціўся ды ляскацеў, кіроўца лаяўся, дзеці раўлі не сьціхаючы. Вось працяты мэталёваю трасучкаю ПАЗік тузануўся, крануўся ды, ушчэнт распляжыўшы акуратненькую пясочніцу з жоўтым жвірочкам, рэзка выпер зь сіротна апусьцелага садку.
Да самае цёмнае начы ладаваў кіроўца арыштантамі свой аўтобус. Падазронага электрыка ён зьдзер проста з тэлеграфнага слупу разам з “кошкамі” ды ланцугамі, дзьве цётухны нейкае халеры стаялі от так сабе пры дарозе ды немаведама пра што балабонілі, нейкі сівізны дзядзька бартаваў побач са сваім “Запарожчыкам” прабітае кола, на хутары, дзе нармальнаму чалавеку й жыць немагчыма, сяміска, па ўсім відаць, добрых куркулёў перабірала мінулагоднюю бульбу, непадалёк ад хутару, таксама пры дарозе, адна лядачая кабетухна прадавала зь вядра яблыкі-піпенкі, узбоч лесу сухаплюжны татка, таўсмужная мамка ды дзьве цыбатыя дзевачкі-пераростачкі шуравалі з грыбоў, перакрыўлены дзед з кульбачкаю пераганяў цераз дарогу статак каровак, якія пачалі рыкаць па-дурному, калі кіроўца застаўбурыў дзядка ў аўтобус, на пустэльнае АЗС касірка-запраўшчыца ніяк не магла даўмецца, як жа гэта так яна ўсё кіне без нагляду-прызору ды некуды паедзе ды, магчыма, ужо й ня вернецца(?!), вясковы паштальён проста бразнуўся з ровару, ашаломханы загадным крыкам кіроўцы спыніцца, “Паскудрыла бздючы, стой, каб ты здох!”, ды так з роварам і хацеў перціся ў ПАЗік, але, страціўшы зьнянацку пярэдніх два зубы, свой ровар з крываточным жалем пакінуў у прыдарожнае траве-мураве, буракапольная брыгада спачатку нават не азірнулася на ўсё тыя ж скульлёрвучыя зыкі кіроўцы, аднак яны яшчэ ня ведалі, ого, яшчэ ня зналі, з кім маюць справу, і справу не абы якую, і што жартамі тут… нават і блізка…, у маленькім гарадочку адзін дужа акулярысты разумнік з выглядам закалотнага заўзятара чытаў на лаве, а болей, паскуда, рабіў выгляд што чытае, газэту, а ў кавярнячцы, у якую кіроўца ўпароўся-заехаў от так проста аўтобусам, тры млявыя ахвіцыянтачкі спрабавалі нават ад яго адкупіцца скрыняю перабрадзілага піва…
Ай, ды ўсіх і не пералічыш. Людзей у ПАЗ было ўжо напіхана столькі, што было чуваць, як хрумсьцяць нечыя костачкі, нехта дзіка крычаў, той-сёй зь дзетак яшчэ вішчаў, але большасьць, зачаўленая з усіх бакоў дзядзькамі ды цёткамі, ужо нават і не дапінала ні да воднага ўздышку. Твары, перакрыўленыя, раскірплюханыя твары былі прыціснутыя да вокнаў, і вочы шмат у каго вылузваліся проста прэч…
Читать дальше