1 ...6 7 8 10 11 12 ...23 Лідэр дэмакратычна-ліберальнай партыі, сам выдатны папуліст, актор і красамоўца, заможны і ўпэўнены Леў Сафаравіч Задулаў пранікліва і сур’ёзна трымаў руку наваспечанага прафесара ў сваёй нечакана моцнай далоні, уважліва слухаў, кідаючы позіркі вакол, потым рашуча, пераблытаўшы імя, сказаў: – Паможам, Руслан Аляксеевіч, і матэрыяльна, і фінансава. Чаму ж не памагчы…
Задулаў разбагацеў дзякуючы партыйнай дзейнасці, на перапрадажы іракскай нафты, пасля чаго адразу набыў грамадзкую і палітычную вагу ў краіне.
Спрытна і прафесійна пачаў прафесар Пятакоў вечаровае паседжанне.
– Господа … – прамовіў ён у прыціхлую залу, запоўненую гасцьмі, студэнтамі, дыпламатамі, прадстаўнікамі ўрадавых структур, бізнэсоўцамі.
Затым красамоўна выказваўся амбасадар Расіі, нехта з тутэйшых дыпламатаў, важка гаварыў Леў Сафаравіч, воплескі лёгкім шумам падтрымлівалі ўзнёслую аўру свята. Усё было як заўсёды, некаторыя з калег прафесара, пабачыўшы нечакана высокі ўзровень атрыманага дзейства, зайздросна казалі між сабой, што Пятакоў можа свідраваць дзюрку ў пільчаку для дзяржаўнай узнагароды… І канечне насурочылі, змяюгі падкалодныя, гэнаму ўдала працякаўшаму мерапрыемству…
– Уважаемые друзья, сейчас перед вами … – У дынаміку ў гэты момант нешта трэснула і зашыпела, і далей зноў загучаў голас Арсена Аляксеевіча, – … несколько неожиданнаяличность – лидер опозиции Зиновий Позьний , – Арсен Аляксеевіч вымавіў гэтыя страшныя словы на ўсю залу ўрачыста, і чамусьці са здзіўленнем паглядзеў на мікрафон. Зала насцярожана маўчала. Воплескі гучалі, але не набіралі патрэбнай сілы.
Між тым па дывановай сцежцы ходка, упэўнена, цвёрда і непахісна ўжо ішоў знакаміты на ўсю Беларусь Зіновій Позьні, у цёмна-сінім строі пры гальштуку, чамусьці ў файнай чорнай падводніцкай пілотцы з кукардай «Пагоня», з добра вядомай усёй краіне мужнай харызмай важака і лідэра. У зале ўсталявалася цішыня, толькі расійскія госці, адчуўшы незвычайнасць імгнення, перапытвалі тубыльцаў:
– Кто это? Он масон? Сколько он имеет миллионов?
Зіновій Позьні ўзышоў на трыбуну і, нахіліўшы галаву да мікрафона, сказаў: – Шаноўнае спадарства! У гэты святочны дзень я віншую грамадзян незалежнай Беларусі з Днём Перамогі, за якую тры мільёны нашых суайчыннікаў паклалі свае жыцці.
Моладзь, што прысутнічала ў зале, нібы ачуняўшы, нечакана так грымнула вадаспадам воплескаў, што ажно галубы, якія сядзелі на франтоне універсітэта, спужанай снегавой гурбой рынуліся ў сіняе неба, а напалоханыя нечаканым і невядомым гулам кіроўцы легкавікоў рэзка гамавалі пасярод Грунвальдскай плошчы, нарабіўшы з паўтузіна ДТЗ.
Зіновій Позьні, дачакаўшыся, калі воплескі заціхлі, рашуча кідаў у залу рэвалюцыйныя думкі аб злавесным хаўрусе імперыялістычных дзяржаваў. Усталявалася мёртвая цішыня, у якой было добра чуваць, як у сярэдзіне залы, у восьмым радзе, пахропваў ветэран адзінай на ўсіх перамогі, стомлены за дзень беганіны, экскурсій і франтавых ста грамаў, лысы, у абвешаным медалямі і значкамі палкоўніцкім мундуры.
Зіновій Позьні ўладарна падняў руку і сказаў словы, якіх ніхто ад яго не чакаў і якія імкліва пранесліся па ўсёй зямной кулі, выклікаўшы радасць у прыгнечаных і бедных і ледзяное здзіўленне ў элітаў панавальных нацый: – Сябры, сёння сярод нас – тыя ўжо нешматлікія людзі самаадданага пакалення, што выратавала цывілізацыю ад карычневай чумы. Прэзідэнт Штатаў Франклін Рузвельт некалі зазначыў, што калі б не гераічны Савецкі Саюз, то гітлераўская Германія існавала б яшчэ чатырыста гадоў. Не было ў той гістарычны час сілы, акрамя савецкіх людзей, што магла перамагчы фашызм. Сёння сярод нас франтавікі! Тыя, хто некалі падымаўся ў наступ пад смертаносным шквалам нямецкіх кулямётаў! Хто стаяў дзень і ноч ля станкоў і мартэнаў, плавіў сталь, вырабляў патроны і снарады, танкі і самалёты для фронту. Яны сучаснікі герояў, што ляглі мёртвымі пад Ржэвам у страшных 41–42 гадох! Яны помняць тых, хто камандаваў ротамі і паклаў жыццё ў ледзяных траншэях Ленінграда і Сталінграда!
У іх памяці высечаны словы, выказаныя ў трагічным, бязлітасным 41 годзе : «Братья и сёстры!.. К вам обращаюсь я, друзья мои… Нас постигла большая беда… Коварный враг обрушился на мирную жизнь советских людей… ». Гісторыя – гэта не стрункі і прамы праспект Скарыны. Ветэраны ведаюць, што Вярхоўны Галоўнакамандуючы неаднойчы казаў у вузкім коле дзяржаўных асобаў: «Нам не хапіла для падрыхтоўкі да вайны паўтара – два гады» …Пасля бліскучай і трагічнай перамогі як цудоўна застацца жыць і пражыць яшчэ пяцьдзесят ці шэсцьдзесят гадоў, нарадзіць дзяцей, дачакацца ўнукаў і праўнукаў, жыць у спакоі і міры, з забяспечанай старасцю. Але шмат хто з уцалелых франтавікоў і ветэранаў зараз употай думае, што лепш было гераічна загінуць разам са сваімі аднапалчанамі, калі не ў 41-м, дык у 45 годзе, чым дачакацца цяперашніх часоў, калі мінулае падвяргаецца адмаўленню і ганьбе. Сёння марнее памяць пра велічныя гады, калі савецкі чалавек быў далучаны да вялікіх перамог: Днепрагэс і сталінскія пяцігодкі, Перамога і надзейная абарона дзяржавы, палёт у космас і харчовая бяспека краіны, народная адукацыя і народная ахова здароўя, тысячы вялікіх і маленькіх перамог, і кожны сумленны чалавек быў не толькі ўдзельнікам, але і пераможцам. Ніводнае жыццё не прайшло марна, кожнае мела сэнс. Франтавікі і ветэраны, яны маўкліва пытаюцца ў нас: ці можна сёння святкаваць нашую Перамогу ўзнёсла і эйфарычна, калі нашая Краіна разбураная? Калі іхных рабочых і сялянскіх унукаў і праўнукаў навучаюць варожым звычкам і адчуванням?…Сёння мы ўжо «господа»?! Якія мы «господа»? Мы – таварышы, супольныя гаспадары Айчыны – дзеці, унукі і праўнукі рабочых і сялян!
Читать дальше