Што датычыць новага раёну, то адразу па пераезьдзе я пачаў адсочваць, як да балкона на першым паверсе ў супрацьлеглым доме падыходзяць жанчыны. Такія жанчыны, якія відавочна маюць патрэбу ў фінансавай падтрымцы, і доўгі час сядзяць на алькаголі не ад добрага жыцьця.
Падыходзяць гэтыя жанчыны, і заўсёды розныя, і грукаюцца ў вокны балкона. Прыходзяць, быццам на паклон да мэсіі, ды стаяць у чарзе, каб памыць яму ногі сваімі сьлязьмі ды абцерці даўгімі валасамі.
Адмыкае ім звычайна заспаны гаспадар, у карычневым халаце, і перадае нешта, зусім невялікае.
Што гэта? Навошта? Не ключы ж шторазу ён перадае. І вось я, нават ненаўмысна, але стабільна раз ці два на тыдзень у розныя гадзіны, то раніцай, то ў абед, альбо ўвечары, назіраю, як да суседа ў двары ходзіць натоўп жанчын.
Пазьней, недзе праз тры месяцы, стала яшчэ весялей жыць, бо калі рана выйсьці гуляць з сабакам, недзе так а шостай, калі табе альбо на працу раней трэба, альбо ты прачнуўся зь перапою па чарговай творчай сустрэчы зь літаратарамі ды мастакамі, і ня можаш больш спаць, – можна назіраць адных і тых жа двух пацаноў, наркаманаў, маладых яшчэ зусім. Яны двойчы на тыдзень ходзяць вакол дому, і з такім трымценьнем, вусьцішу, шукаюць «нычку» гандляра.
Дылер з рук наркотыкаў не перадае, закладае хованку – напрыклад, у вакенцы, што ў падмурку дому, дзе трубы. Аднойчы гэтыя самыя два маладыя чалавекі, адзін зь якіх па мабільным перапытваў, дзе дакладна шукаць, а другі на каленях поўзаў, дасталі тавар з расколіны дому. Радасныя былі, не перадаць словамі.
Кожны дзень Амэрыка прыносіў у школу штосьці цікавае і, як папугай, насіўся з гэтым.
Шлем гульца ў амэрыканскі футбол – і цэлы дзень у калідорах школы толькі і чуваць, як хлопцы носяцца за кімсьці, хто ў шлеме.
Носяцца за ім, а той спрабуе зьбегчы, альбо спыняецца і разварочваецца, і бяжыць у натоўп хлапчукоў, і літаральна за імгненьне ператвараецца з хлопца ў шлеме ў шар для боўлінгу, а тыя, хто трапіліся на дарозе, – у кеглі.
Бэйсбольная драўляная біта – і ўвесь трэці паверх зьвініць бітым шклом, бо ў памяшканьнях біта зь няўмелых і слабых рук школьнікаў выпадае і ляціць верталётам у бліжэйшую шыбу, і вось ужо дырэктар вызвоньвае бацькоў.
Рагатка амэрыканскай вытворчасьці ў параўнаньні з нашымі драўлянымі рагаткамі выглядала як сапраўдная зброя. Мэталічная цяжкая ручка і гума, якая была здольная нацягвацца на даўжыню рукі, і біць хутка, як пісталет, прабіваючы дзіркі ў сьценах.
Скураныя каляровыя шарыкі для жангляваньня, напампаваныя пяском, на цэлы дзень ператваралі школу ў сьвята, кожны вучыўся, як гэта – круціць у руках тры, чатыры ці пяць мячоў. Амэрыка, здаецца, мог круціць усе дзесяць.
Распавядаць пра тое, што зь цікавостак Амэрыка мае дома, альбо што ён меў у Айдаха, бессэнсоўна, бо ніводны тэтрыс ня стане на адзін п’едэстал з прыстаўкаю, каляровым тэлевізарам ці сапраўдным, самым сапраўдным крутым горным роварам.
Такім чынам, калі Печань зрабіўся майстрам апавяданьняў, Нэрв навучыўся граць на гітары й сьпяваць брудныя й жорсткія песьні, а Верабей стаўся чэмпіёнам пітва, я вырашыў быць генэратарам ідэяў, бо падставаў для новага й сьвежага баўленьня часу было багата.
Нашым месцам сустрэчаў быў лесапарк, празь які зрэдчас праходзіў хуткасны аўтобус нумар 313, ён спыняўся на прыпынку й потым ішоў пад невялічкі пешаходны мост, які яднаў дзьве паловы парку, мост быў танюткі, меў невысокія парэнчы ў выглядзе турэмных кратаў і замест вадасьцёкаў – простыя дзіркі на краях, у якія, каб не запашвацца на мосьце, сьцякала дажджавая вада.
Штовечар мы езьдзілі на гэтым аўтобусе і праз раз натыкаліся на злоснага кіроўцу, які, выглядае, хацеў быць настаўнікам, богам альбо выхавацелем для нас. Тое, як ён сябе паводзіў, абурала, але адначасова яднала яго зь іншымі пасажырамі.
«Езьдзяць яны тут без квіткоў, грэбаная моладзь! Брудныя вунь якія! Лепей бы месцы саступілі!» – звычайна ён на прыпынку спыняўся, высоўваў твар праз вакенца выдачы квіткоў і роў на нас, а мы толькі сьмяяліся зь яго, а іншыя пасажыры ківалі галовамі, пагаджаліся з кіроўцам.
Але якая магла знайсьціся на нас управа – добра, што мы ня драпалі цьвікамі вокнаў і не размалёўвалі фарбаю сядзеньняў, мы проста жадалі аднаго – абы ён нас не чапаў і моўчкі давозіў дадому!
Я стаў каля табло з раскладам руху цягнікоў.
І так прастаяў, вагаючыся, хвілінаў дзесяць і, нічога не надумаўшы, ужо нават быў схільны вярнуцца дадому, бо нейкая ўнутраная вусьціш мяне клікала паехаць назад.
Читать дальше