Я ўсё разьлічыў, каб зьнікнуць: дзяцінства навучыла мяне жыць паводле ўласных правілаў і давяраць толькі сабе. Тое, што мяне забралі ў сталіцу і з шостай клясы я вучыўся і жыў прыстойней, ніж раней, ніякім чынам не адбілася на маім адчуваньні ўдзячнасьці або падсьвядомым. Мне хапіла моцы і розуму скончыць школу, сабраць заплечнік, грошы і дакумэнты, і мэтанакіравана выправіцца на чыгуначны вакзал.
Мой бліскуча пабудаваны плян зьнікненьня быў распрацаваны акурат да моманту, як я зьяўлюся на вакзале. Далей мне трэба было наважыцца на падарожжа. Я наўмысна не плянаваў месца свайго далейшага жыцьця: рамантычнасьць выпадковасьці цешыла мяне ня менш за думку пра помсту маці зьнікненьнем.
У кожнага пісьменьніка мусіць быць бар, свая кавярня, сваё гарадзкое месца, дзе ён будзе ствараць кнігі, разважаць і ператварацца ў мясцовы помнік, пэрсону, да якой можна дакрануцца, зь якой можна выпіць і проста пагутарыць пра надвор’е, і абавязкова, што зусім не ў традыцыях Менску, пасьля сьмерці пісьменьніка ягоны любімы бар павесіць шыльду і зробіць стол, за якім той любіў сядзець, месцам пакланеньня.
Але, яшчэ да сьмерці аўтара, гарадзкія ўлады пасьпеюць некалькі разоў зруйнаваць бар і дом з барам, і нават суседні дом-гістарычную-каштоўнасьць зьнесьці, так што ніякай памяці, акрамя гэтага тэксту, пра месца не застанецца.
Адна з сакральных роляў беларускай літаратуры – захаваньне, і гэта датычыць нават кнайпы і дому, у якім гэтая кнайпа ёсьць.
Я выбраў бар «Рукі Мадонны», абсалютна выпадкова, кіруючыся толькі блізкасьцю да дому, каб, калі ўжо так напрацуесься, што будзе складана перасоўваць ногі, ня ехаць паўвечара праз горад на таксі, але акуратна і прыгожа дапаўзьці да сваёй нары за дзесяць хвілінаў.
У першы дзень працы ў «Руках Мадонны» я выпіў два кубкі кавы, астылай і шэрай, як танны пуэр, нічога ня еў, і ўвогуле саромеўся свайго перабываньня ў гэтым месцы на працягу пяці гадзінаў, бо цадзіў каву і нічога не замаўляў, нават двухрублёвую манэту ўмудрыўся закаціць пад барную стойку, калі даваў барыста гасьцінца.
Няўклюдны і спужаны, я выйшаў у халодны горад зь вялікай, велічэзнай цеплынёй унутры ад напісаных трох няшчасных старонак кнігі.
Няшчасных, але доўгачаканых і вартых таго, каб яшчэ раз адчуць усю няёмкасьць замоваў кавы ў «Руках М.».
Я быў малым падшыванцам, і цягаў пад сталом котку за хвост, калі мая бабуля, сабраўшы ў садзе вялікія букеты ружаў і прывёзшы з гораду пэрсікаў, стаяла на кухні й рыхтавалася варыць з гэтага каляровага багацьця сочыва. Яна брала сваімі старымі, лядашчымі рукамі маладыя бутоны белых цнатлівых ружаў, камячыла іх скручанымі пальцамі й кідала ў вялікі рондаль, потым брала чырвоныя ружы, трушчыла й дадавала да белых скамечаных пялёсткаў, далей у кулачках сьціскала жоўтыя ружы, і таксама дадавала да астатніх, ціхенька напяваючы сабе пад нос, наразала сакавітыя пэрсікі, якія расьціскаліся пад пальцамі, як плястылін, і запаўнялі прастору салодкім пахам.
Бабуля засыпала наскрыляныя пэрсікі ў рондаль з ружамі, дадавала цукар, запальвала агонь на нямецкай газавай пліце й сядала, з абмазанай смакатой драўлянаю лыжкаю ў руцэ, на скасабочаны зэдлік.
У гэты час чаканьня пакой пакрысе насычаўся пахам і чорна-белымі малюнкамі, фотаздымкамі ды стужкамі. Пра што разважала альбо марыла мая бабка? Можа быць, пра мужа, які маладым сышоў з гэтага сьвету? Можа быць, пра першы дарослы ровар, на якім яна, перакінуўшы праз раму левую нагу, круціла пэдалі ў лес. А можа быць яна, паглядаючы на мяне, думала, кім я зраблюся, калі вырасту, і ці будзе мая маці калі-небудзь мяне гадаваць, альбо гэта цяпер яе, старой жанчыны, лёс. Невядома. Адзінае можна сказаць дакладна: у гэты момант, варэньня сочыва, я пачуваўся Дома, як ніколі больш нідзе.
Як гэта, адкатаць дзесяць гадоў на машыне і ніводнага разу ня быць спыненым даішнікам?
Атрымаць за дзесяць гадоў толькі некалькі штрафаў ад відэарэгістрацыі за перавышэньне, і ўсё?!
Зразумела, за стырном лёгка разьнявольваесься і пачынаеш лічыць сябе калі ня Богам, то хаця б Ягоным сынам.
З такім шчасьцем варта было б у казыно хадзіць і зрываць вялікі куш. Нахабна выйграваць, але я чалавек азартны, мяне лёгка можа зацягнуць.
Калі мінае шмат гадоў беспакаранасьці, становісься сьмелым і дзёрзкім кіроўцам, якому выдалі ці ня самыя шчасьлівыя правы, ліцэнзавана дазволілі праяжджаць праз даішныя кардоны непрыкметным. Кранутым ласкаю Ўсявышняга.
Читать дальше