Не ведаючы, як адчапіцца ад Каністры, Васіль з нецярплівасцю пераступіў з нагі на нагу, заклапочана азірнуўся на бокі, і тут яму пашанцавала: з сабачай будкі вылез таўсматы шчанюк, і кабета, ляпнуўшы далонямі, кінулася яго лашчыць.
Сцярожка, на дыбачках, завярнуў Васіль за адрыну, падышоў да калодкі, выдзер з яе сякеру і ўжо замахнуўся, каб адсекчы пеўню галаву, ды тут за спінай нема, з гартаннымі нотамі, залямантавала амерыканка.
– Што вы робіце?!
Рука здрыганулася, і з-пад сякеры адляцеў толькі грэбень. Певень вырваўся з рук, узляцеў у паветра, скокнуў на голаў Каністры, цыркнуўшы на твар гарачай юшкі. Амерыканка ціха вохнула, закаціла вочы, з млявай павольнасцю асунулася на зямлю. У тую ж хвіліну, пакліканая немым бабчыным воклікам, з-за адрыны вытыркнулася ўнучка і, пабачыўшы скрываўленую бабцю і поруч з ёю мужчыну з сякерай, таксама вохнула, ушчаперылася ў збуцвелую сцяну і, здзіраючы з пальцаў манікюр, таксама абрынула вобзем.
Неўзабаве з-за рога адрыны вылецеў гаспадар аграсядзібы. З разгону ён зачапіўся нагой за таўстуху і нават збялеў з перапуду. Але тут жа ўцяміў, у чым справа, прыпаў вухам да грудзіны непрытомнай пастаялкі.
– Ці жывая? – сіпата запытаўся Васіль, звяртаючыся да выстаўленага Сцяпанавага азадка.
Сцяпан у адказ мацюкнуўся.
– Ідзі лепш зірні – што з унучкай!
Васіль крадком падышоў да таўстухі і перавёў дых: малады арганізм справіўся са стрэсам і дзяўчына ўжо спрабавала падняцца. Але, угледзеўшы Васіля, прыціснулася плячамі да сцяны і са слязьмі на вачах перахрысцілася.
– Сякеру кінь, халера! – грымнуў за спінай адчайны Сцяпанаў голас.
Толькі цяпер заўважыў Васіль, што трымае ў руках сякеру. Выпусціўшы з рук тапарышча, ён разважліва, прачышчаючы глытку, кашлянуў у далонь.
– Кок… май кок! – паспрабаваў штосьці патлумачыць па-ангельску, але таўстуха, пачуўшы слова «кок», шалёнымі вачыма ўтаропілася на крэсла Васілёвых штаноў і яшчэ ямчэй прыціснулася да адрыны.
– Дзе ты, йоп?! – гаспадар ускочыў на ногі, падхапіў пастаялку пад пахі. – Бярыся, пацягнем да калодзежа!
Місіс Майер была на дзіва лёгкай.
Паклаўшы змарнелую небараку ля калодзежа, Васіль налёг на корбу калаўрота, з аглушальным плёскатам выцягнуў паўнюткае вядро і хацеў быў шухнуць вады на самлелую госцю, ды Сцяпан перахапіў вядро.
– Ты што, бляха, зусім ашалеў?!
Сёрбнуўшы на поўную губу халадзёнкі, гаспадар аграсядзібы пырснуў вады на твар непрытомнай пастаялкі.
– Ну што стаіш, як усёршыся. Ляці ў хату, цягні скрыню з лекамі. Адразу ля ўваходу, на сцяне вісіць.
Васіль ужо бег да хаты, а Сцяпан усё крычаў яму наўздагон: – Мабілу прыхапі, трэба «хуткую» выклікаць!
На ганку былы журналіст спыніўся, і нечаканая думка працяла свядомасць: «А што я, сапраўды, бегаю тут, як усёршыся?» – Васіль збіў з чупрыны пух, выцер рукавом курыны памёт з носа. «Знайшлі парабка. Запрашалі выправу правесці, а тут ужо на двух руках мазалі. Працую як мурын на плантацыі. І ноччу сну няма праз камароў. Самі ў хаце на ложках дрыхнуць, а мяне ў адрыну ўперлі», – і, дзіўная рэч, пад уражаннем тых гарачкавых думак ногі панеслі яго ў шырокае поле. Спачатку ён ішоў нясмела, сюд-туд азіраючыся на Сцяпанаву аграсядзібу, потым прыпусціў нібыта яму жару кінулі ў порткі ды тут жа ізноў запаволіў хаду і са сполахам уваччу зірнуў праз плячук.
«А як возьме ды здырдзіцца? На каго тады пальцам торкнуць? На мяне, вядома», – ад такіх думак былому журналісту стала не па сабе і ногі зрабіліся ватнымі. «Але што я такога зрабіў? Пеўню грэбень адсек?» Васіль згадаў раптам, як у далёкім дзяцінстве маці адсекла качцы галаву, тая стала бегаць, безгаловая, па двары, а ён, дзіцянё, крычаў ліхім голасам: «Мама, мама! Яна яшчэ жывая!»
Згадаўшы маці, Васіль пракаўтнуў халодны камяк, што знянацку падступіў да горла, рашуча пашыбаваў па полі – туды, дзе стаяў шыхт высокіх бярэзін, на якіх трывожна гарлалі гракі, і дзе бегла вясковая праселіца.
Машыны па той праселіцы ездзілі зрэдку, але Васілю пашанцавала. Не паспеў узысці на ўзбочыну, як з-за павароткі выехала, уздымаючы страшэнную пылюку, «лятучка» тэхдапамогі.
Ён са стогнам залез у навылёт прапыленую кабінку, кіўнуў на знак падзякі маладому кіроўцу.
Настрою не было. Панурыўшы голаў, Васіль невідушча глядзеў на дарогу і слухаў выццё рухавіка – то жаласлівае на пад’ёме, то абуранае, калі машына каціла з гары. Нечакана рука намацала цупкія даляры ў кішэні, і добры настрой вомігам апанаваў душу.
Читать дальше