Амерыканка, місіс Маер, Васілю адразу спадабалася. Кабеце было даўно за семдзесят, а яна мела танклявую дзявочую паставу і не па ўзросце пышную фрызуру з уплеценым у скронь белым гарлачыкам. І звалі яе адмыслова: Каліста. Васіль, набраўшыся смеласці, пацікавіўся – адкуль такое дзіўнае імя? Аказалася, што бацька кабеты ў маладосці захапляўся навуковай фантастыкай, таму й назваў дачок у гонар спадарожнікаў Юпітэра: Каліста і Амальтэя.
Адно кепска – мучыла амерыканку задышка. Крыху пройдзе, спыніцца, на што-небудзь абапрэцца і зморана дыхае. І дыханне ў яе прыемнае – мятна-шакаладнае. Іншая рэч – унучка. Тая не па гадах тлустая. Як бяжыць, дык трыбух трасецца. Няйначай, ад кока-колы ды хот-догаў так расперла. І па-беларуску зусім нічога не цяміць. А вось бабуля, хаця і з нейкім дзіўным акцэнтам, а размаўляе на добрай літаратурнай мове. І асабліва любіць паэзію. Васіль тых вершаў ведае да халеры і раз-пораз іх чытае. І, што дзіўна, калі свой верш прачытае, місіс Маер толькі лагодна пасміхнецца. А прачытае якога класіка – адразу ганарар атрымлівае: дзесяць даляраў адной паперкай. Сёння раніцай, яшчэ да сняданку, прачытаў знакаміты верш «Трэба дома бываць часцей», дык госця расчулена носам шморгнула і паўсоценнай баксінай абдарыла.
Ну і, вядома, вось ужо чацвёрты дзень на губе і росачкі не было. Нават «дзембельскі каляндар» завёў: тры драпіны іржавым цвіком правёў па шуле. Першыя два дні надта цягнула ўзяць чарку, цяпер крыху адлягло. Увечары, як будзе спаць класціся, чацвёртую драпіну накрэмзае.
Спаць, праўда, даводзіцца ў адрыне, але яно і лепш: свежае паветра, здаровы сон і сена пахне так, што галава кружыцца. Сцяпан надоечы наогул прапанаваў застацца ў яго да Новага года. Збіраецца, казаў, мансарду будаваць, агароджу на бетонных слупах вакол сядзібы ставіць…
«Эхх!» – каротка выдыхнуў Васіль, кульнуўся на бок, збіраючыся крыху падрамаць, ды тут знадворку даляцеў заклапочаны голас гаспадара:
– Ты дзе?!
Васіль з’ехаў з тарпы, на хаду размінаючы рукі, як гэта робяць піяністы перад канцэртам.
– Таўстуха курынага булёну просіць, – Сцяпан незадаволена кіўнуў на дзверы хаты, – так што трэба пеўніка секануць. Вунь таго, цыбатага. А то ён на людзей кідаецца. Калодка з сякерай за адрынай стаіць.
Гаспадар пайшоў да хаты і ўжо з ганку крыкнуў:
– Круп сыпані ў хляве ды дзверы зачыні. Проста так не зловіш.
Васіль у адказ махнуў рукой. Ён сам нарадзіўся ў вёсцы і такія парады гучалі недарэчы.
Злавіць цыбатага задзіраку, што праўда, было не так і лёгка. На параду гаспадара Васіль сыпануў панцаку, паклікаў курэй, тыя гамузам збегліся, але задзірака ў хлеў не пайшоў. Стаяў ля шчарбатага ганка і незадаволена квахтаў, узняўшы пёры на шыі.
– Пеця, Пеця, – паклікаў Васіль, сыпануў круп на ганак, і певень з насцярогаю ўвайшоў у хлеў.
Нарэшце дзверы былі зачыненыя і звыклыя да зыркага сонца вочы апанавала шарая памрока. Уваччу паплылі вясёлкавыя кулі, а паміж імі размытымі белымі плямамі замітусіліся куры. Васіль, аднак, не выпускаў з поля зроку пяюна-задзіраку і, калі той падышоў бліжэй, кінуўся яго лавіць. У хляве ўсчаўся гармідар. Куры лёталі, б’ючы крыламі па твары, голасна кудахталі, а дзесьці над галавой, заляцеўшы на вышкі, галасіла, прадракаючы бяду, сіпатая курач. Да таго ж за дзвярыма адчайдушна забрахала гаспадарава сучка і спалохана задзяўкаў шчанюк. І калі, пабіўшы галаву аб загарадку, Васіль схапіў гарластага злодзея за хваста і са словамі «Адлётаўся, паскуда!» прыціснуў да грудзей, аказалася, што злапаў не пеўня, а рабую курыцу. Толькі хвілін праз пятнаццаць – з пабітай галавой, з пер’ем у валасах і з размазаным на носе курыным памётам – Васіль баднуў галавой дзверы хлява і сутыкнуўся з амерыканкай. Заморская госця была не на жарты ўсхваляваная. Перапужалася, відаць, пачуўшы сабачы брэх і курыны лямант. Але нечакана пасміхнулася, паспрабавала палашчыць пеўня, якога Васіль сціскаў дзвюма рукамі.
– Уот э вандэфул кок! – уражана прашаптала місіс Майер, забыўшыся на імгненне родную мову, але тут жа страсянула кудзеркамі: – «Кок» па-ангельску «певень».
– Ды я ведаю, – буркнуў Васіль, згадаўшы малюнкі свойскай птушкі з падручніка ангельскай мовы і подпісы пад імі: соck, goose, duck .
Спачатку Васіль хацеў адпусціць пеўня – ну не секчы ж яго на вачах гэтай Каністры, ці як яе там… Але ж тут і зло ўзяло. Столькі часу лавіў гэтага нягодніка, лоб пабіў, кашулю завэдзгаў… і што цяпер – адпусціць? Ну ўжо не… другім разам будзеш лавіць – інфаркт атрымаеш. Ды і што тут страшнага? Цюкнуў сякерай, абскуб, абсмаліў і ў чыгунок укінуў.
Читать дальше