– Dear guests and citizens of the United States! Please, retain the order. Now there’s going to be organized an emergency evacuation of all personnel of the airport, there will be provided a ground transportation for all of you. Strictly follow the instructions of police and remain calm. No one will be left without help! [5] Паважаныя госці і грамадзяне Злучаных Штатаў! Калі ласка, захоўвайце парадак! Зараз будзе арганізаваная экстранная эвакуацыя ўсяго персаналу аэрапорта, усім вам будуць вылучаныя месцы ў наземным транспарце. Строга выконвайце інструкцыі паліцыі і захоўвайце спакой. Ніхто не застанецца без дапамогі!
– Так, ён сказаў, што зараз нас будуць эвакуяваць з аэрапорта. Кіра, ты чула?! Усё будзе добра, пра нас паклапоцяцца!
Камера паказвае бледную Кіру: здаецца, у яе адабрала мову.
– Дзяўчынка мая, не хвалюйся, калі ласка, усё наладзіцца…
У кадры – Макар. Камера трасецца ад хуткіх крокаў, факусуючыся на яго шэрай майцы і нагах у сініх красоўках. Чуваць заўвагі персаналу.
– Мне забаранілі здымаць, – даносіцца прыглушаны голас Макара. – Я павесіў камеру на шыю, таму здымаць даводзіцца толькі такім чынам. Нам нічога не кажуць і вядуць да выхаду з тэрмінала… З вокнаў аэрапорта я бачу шчыльныя клубы дыму або туману… Нам выдалі рэспіратары… Звонку пад’ехалі аўтобусы… Так ціха…
Макар спыніўся.
– Keep calm! There will be landing on an evacuation transport! [6] Захоўвайце спакой! Зараз будзе здзяйсняцца пасадка на эвакуацыйны транспарт!
– чуваць голас з рэпрадуктара.
– Where are we going? [7] Куды мы накіроўваемся?
– істэрычна пытае ў кагосьці Макар.
Яго пытанне застаецца без адказу. Адусюль даносяцца трывожныя галасы людзей.
– Зараз нас пасадзяць у аўтобусы, куды павязуць – невядома. Я вельмі хачу паказаць, што адбываецца навокал. У паветры няма ніякіх прыкмет гару ці яшчэ чаго, але цяпер зразумела, што гэта не туман, а дым… вельмі шмат дыму…
Макар трымае камеру ў руках каля сваіх ног аб’ектывам да сябе – так, каб не было бачна, што ён здымае. Твар яго з гэтага ракурсу здаецца трохі азызлым.
– Нас пагрузілі ў аўтобус, – шэптам кажа ён, – і вязуць у метро. Я не пачуў, на якую станцыю… З намі ў аўтобусе каля трыццаці цывільных і адзін вайсковец.
Макар асцярожна паварочвае камеру і нерашуча прыўздымае яе над сядзеннем спераду. Ля вадзіцеля спінай да аб’ектыва стаіць афіцэр у натаўскай форме. Бачны рэмень ад «М-16». Камера ўздрыгвае ад язды, і Макар вяртае яе ў ранейшае становішча.
– Афіцэр сказаў, што праз якісьці небяспечны выбух у горадзе ўвялі надзвычайнае становішча. Мажліва, тэрарысты зноў узарвалі ў Нью-Ёрку бомбу. Нам нічога не расказваюць. Пакуль проста вымушаюць захоўваць цярпенне і спакой. Гэта так нечакана і несвоечасова. Мы выйгралі білет у лепшае жыццё, але, відаць, трапілі ў штосьці горшае. Кіра са мной. З намі ўсё добра. Я не магу да канца зразумець, што гэта за дым, які ахутаў усё наваколле. І мяне гэта бянтэжыць, не дае супакоіцца.
Макар павольна накіроўвае камеру на акно аўтобуса. За шклом мала што бачна. Шэры дым і ледзьве адрозныя ў ім абрысы гарадской забудовы.
– Наўрад ці ў метро будзе месца, дзе можна зарадзіць камеру, таму я буду рабіць кароткія, самыя неабходныя і важныя здымкі з месцаў нашага знаходжання. Камера цяпер – наш летапісец і гарантыя нашай бяспекі.
Камера здымае падлогу, відаць сходы і чуваць гук крокаў. Рэха розных галасоў. Хаатычнае перамяшчэнне, быццам хтосьці выпадкова ўключыў відэазапіс. Здымкі абрываюцца.
Камера накіраваная на штосьці цёмнае, хутчэй за ўсё, на нагу Макара.
– Мы ў метро, – шэптам кажа Макар. – Я па-ранейшаму не рашаюся здымаць адкрыта, тым больш што ніхто з прысутных нічога не здымае. Прынамсі я гэтага не заўважыў. Не буду вылучацца і паказваць, што ў мяне ёсць камера, вычакаю больш зручнага моманту. Мы на станцыі «Сатфін-бульвар – Арчэр-авеню». Вайскоўцы спешна даставілі нас на найбліжэйшую ад аэрапорта Кенэдзі станцыю метро. Людзей навокал шмат, усе сядзяць абы-дзе і ўжо раздзяліліся на невялікія групы. Я пачуў ад некага, што рускія скінулі на ЗША ядзерную бомбу, але пакуль гэта дакладна не пацвярджаецца і гучыць як дурная плётка. Усе напалоханыя. Нам абвясцілі, што праз некаторы час пачнуць раздаваць ежу і ваду, а таксама прадметы першай неабходнасці. У кагосьці з прысутных сардэчны прыступ, непадалёк ад нас абмачыўся іспанец. Адзін афраамерыканец паспрабаваў нахабна забіць касяк, аднак вайсковец груба адабраў у яго запалку. Маўляў, ніякага агню ў памяшканні. Асабіста я спадзяюся на найхутчэйшае высвятленне сітуацыі. Усім нам патрэбныя адказы на шматлікія пытанні. Я ўгаворваю Кіру трохі паспаць, але абстаноўка такая, што яна не можа супакоіцца. Мае вочы зліпаюцца, і, магчыма, пасплю я, хаця б дваццаць хвілін, потым прымушу паспаць і Кіру. Будзем адпачываць вахтамі. Што ж… Гэта вельмі кепская сітуацыя… Я не ведаю, што яшчэ можна сказаць… Як такое наогул магло здарыцца?.. Чаму менавіта з намі?.. І ў такі адказны для нас час…
Читать дальше