Але тут здарылася сама дзівоснае з усяго, што сталася за гэты доўгі і дзівосны дзень: сама брыдкі чалавек зноў, цяпер ужо апошні раз пачаў хрыпець і клекатаць, а калі, нарэшце, дайшло да слоў, — вусны ў яго ясна і выразна выдалі пытанне, пытанне такое частае, глыбокае і зразумелае, што ва ўсіх, хто пачуў яго, замлела ў грудзях сэрца.
«О вы, сябры мае, — спытаўся сама брыдкі чалавек, — што робіцца ў вашых душах? Дзякуючы гэтаму дню, упершыню ў жыцці сваім я задаволены, што пражыў яго,
— і не стамляюся я сведчыць пра тое, што варта жыць на зямлі: адзін дзень, адно свята з Заратустрам навучылі мяне любіць яго.
«Дык гэта было жыццё? — скажу я смерці. — Што ж! Яшчэ раз!»
Сябры мае, што робіцца ў душах у вас? Ці гатовыя вы, як і я, сказаць смерці: «Дык гэта было жыццё? Што ж! Яшчэ раз!»
Так сказаў сама брыдкі чалавек, а ўжо было пад поўнач. І як вы думаеце, што сталася тады? Як толькі вышэйшыя людзі выслухалі яго, яны ўсвядомілі пераўтварэнне і выздараўленне сваё і зразумелі, хто прынёс ім усё гэта. І тады кінуліся яны да Заратустры, поўныя шацунку, любові і ўзнання, цалавалі яму ў рукі і, як каму адпавядала ў лад душы, адны смяяліся, другія плакалі. А стары вяшчун скакаў ад замілаванасці; і калі, як думаюць многія апавядальнікі, ён быў упіты салодкім віном, дык, несумненна, намнога больш ап'янела ягоная радасць жыцця, бо ён зрокся ўсякае стомы. Некаторыя нават кажуць, што скакаў і асёл: відаць, невыпадкова сама брыдкі чалавек напаіў яго віном. Ці было яно так, няважна, але калі нават асёл і не скакаў у той вечар, дык адбыліся дзеі больш дзіўныя і дзівосныя. Адным словам, як кажа Заратустрава прыказка: «Што з таго!»
2
А Заратустра, пакуль адбывалася ўсё, што тут апісана, стаяў, як п'яны: згасаў яго позірк, язык заплятаўся, ногі падкошваліся. І хто б мог адгадаць, якія думкі праносіліся тады ў душы ў яго? Аднак было відавочна, што дух ягоны адступіўся і пайшоў назад, і памкнуўся наперад, і быў недзе ў далёкай будучыні, і быццам трываў, як напісана, «над горнымі пераваламі, паміж двух мораў,
— блукаючы, быццам цяжкая хмара, паміж мінулым і будучым».
Але вышэйшыя людзі падтрымлівалі яго з усіх бакоў, і памалу ён ачуўся і адхіліў рукою натоўп заклапочаных шанавальнікаў. Раптам ён хутка павярнуў галаву, быццам пачуў нешта, і, прыклаўшы палец да вуснаў, сказаў: « Ідзе!»
І адразу атачылі яго цішыня і таемнасць, а з глыбокай далечыні пачуўся доўгі, працяглы гуд звона. Заратустра, як і ўсе вышэйшыя людзі, прыслухаўся, а потым зноў прыклаў палец да вуснаў і сказаў: « Ідзе! Ідзе! Набліжаецца поўнач!» — і перамяніўся голас ягоны. Але ён усё яшчэ не кранаўся з месца; і тады яшчэ больш загуслі вакол яго цішыня і таемнасць, і ўсё вакол прыслухоўвалася — нават асёл, і сама Заратустрава пячора, і вялікі халодны месяц, і сама ноч. І вось, Заратустра трэці раз прыклаў палец да вуснаў і сказаў:
« Ідзе! Ідзе! Хадземце ж! Гадзіна прабіла! Пойдзем вандраваць у ноч!»
3
«Набліжаецца поўнач, о вышэйшыя людзі: і вось — хачу я сказаць вам нешта на вуха, як і той старадаўні звон, які звяртаецца да слыху майго,
— з тою самаю таямніцаю і жахам, гэтаксама пранікнёна, як той старадаўні звон, які перажыў на сваім вяку больш, чым хто-небудзь смяротны;
— які палічыў усе да апошняга пакутлівыя ўдары сэрцаў, што біліся ў грудзях у нашых бацькоў. О, як уздыхае яна! Як смяецца ў сне даўняя глыбокая поўнач!
Ціха! Ціха!: Чуецца многае, што ўдзень не адважваецца гаварыць на поўны голас; толькі цяпер, у холадзе ночы, калі суняўся шум сэрцаў,
— толькі цяпер яно чутно слыху і вяшчае, пранікаючы ў начныя чуйныя душы: о, як уздыхае яно! О, як смяецца ў сне!
— хіба не чуеце вы, як таямніча, страшна і пранікнёна вяшчае яна, глыбокая-глыбокая старадаўняя ноч?
О чалавеча, уважай!
4
О, гора мне! Куды падзеўся час? Ці апусціўся ў найглыбейшыя крыніцы? Свет дрэмле…
О! брэша сабака. Я хутчэй памру, чым раскажу пра думкі, якія сёння перапаўняюць паўночнае сэрца маё.
Я памёр. Спраўдзілася. Павук, навошта аплятаеш мяне павуцінай? Прагнеш маёй крыві? О! Выпадае раса, блізіцца гадзіна,
— гадзіна ледзяное сцюжы, гадзіна, калі я калею і стыну, гадзіна, якая нястомна пытаецца:
Чыё сэрца здольнае ўвабраць гэта?
— хто павінен быць валадаром зямлі? Хто скажа: Ад сёння так вы будзеце цячы, вялікія і малыя рэкі!»
— набліжаецца гадзіна: о чалавеча, о вышэйшы чалавеча, уважай! Гэтая казань — тонкаму слыху, твайму слыху — што вяшчае глыбокая поўнач?
Читать дальше