Дзіўная справа, калі яна была побач усе гэтыя дні, тыдні і нават апошнюю ноч, праведзеную разам, ён больш перажываў за свае шматпакутныя справы, сувязь, заданні. Цяпер жа, з тае хвіліны, як разлучыўся з ёю, ён ні пра што іншае, як пра яе, не мог і падумаць, падобна, ён толькі цяпер і зразумеў, якую бяду наклікаў на яе галаву, а ўсё астатняе, што тыднямі дапякала яму, адышлося на другі, задні план. Не тое каб стала другарадным, але адсунулася, здрабнела ў сваёй значнасці, затуленае яе мілым абліччам, яе развітальнай усмешкай — яе бядой.
Надвячоркам ён ужо выразна адчуў, што прайграў, што дапусціў фатальную памылку, і толькі той факт, што ўсё ж да скону дня да яго ніхто не з'явіўся, даваў яму нейкае апраўданне — не перад Марыяй — перад сэнсам барацьбы, у якую ён быў уцягнуты. Усё ж, мабыць, трэба было праявіць ініцыятыву, паклапаціцца даставіць тол куды было трэба, дзе чакалі яго. Тут сваю задачу ён зразумеў правільна і пастараўся яе выканаць.
Вось толькі якімі сродкамі?
Калі ў кухні нарэшце зусім запанавала вечаровае цемрыва, хваляванне яго дасягнула мяжы. Ён ужо з рашучасцю прыкідваў, куды падацца — на станцыю па яе слядах ці яшчэ раз паспрабаваць знайсці Кіслякова. Можа, трэба было ўзяць пісталет? Усё ж са зброяй было зручней, а галоўнае, болей звыкла. Але ён яшчэ не рашыў, куды ісці, як раптам ад вуліцы пачуліся крокі — тупаценне многіх мужчынскіх ног па камянях падворка, пад клёнам матлянуўся доўгі і вузкі, бы нямецкі цясак, прамень з ліхтара. Гэты прамень затым ударыў праз аконнае шкло на кухню, рэзка высвеціў стол і прыкрыты на ім посуд, чорны цень ад яго лёг на аблезлую шпалеру сцяны. Агееў інстынктыўна падаўся да кладоўкі, але спыніўся і стаў. Дзверы ўжо расчыняліся, дыхнуўшы на яго вулічнай сцюжай, і два пукі электрычных прамянёў зусім асляпілі яго з парога.
— Во ён! І не хаваецца, сука!..
Па голасе ён пазнаў адразу: то быў Драздзенка. Аднак, зусім аслеплены скіраваным у вочы святлом, Агееў нічога не бачыў там, і люты знянацкі ўдар у левае вуха змусіў яго адляцець убок. Ён наткнуўся на паваленае крэсла, але паспеў ухапіцца рукой за рог пліты і ўстаяў на нагах.
— Ах ты б…! Здраднік! Ану, перавярнуць усё дагары нагамі! Абшукаць кожную дзірку! Пахом, дзействуйце! — з лютасцю распараджаўся Драздзенка. — А гэтага — марш у падвал! Ужо я пагавару з ім!..
Усё слепячы яго промнямі з двух ліхтароў, яны таропка аблапалі яго ватоўку, кішані брыджаў, пад пахамі, пасля злосна піхнулі ў насцеж расчыненыя дзверы, і ён з амаль заплюшчанымі ад святла вачамі слепа патупаў знаёмым падворкам да вуліцы…
Пасля пахавання Агееў у сумнай адзіноце сядзеў над сваім абрывам, аддаваўся малавясёлым думкам, як раптам згледзеў на дарозе ля могілак Шурку з Артурам. Апранутыя ў летнія безрукаўкі з моднымі лацінскімі надпісамі на грудзях, у кароткіх штанах, хлапчукі, яўна спяшаючыся, кіравалі да яго на пагорак, і Агееў зразумеў: на гэты раз у іх была справа. Яно так і сталася.
— Вас там просяць прыйсці, — яшчэ здалёку задыхана паведаміў Шурка.
— Хто просіць? — здзівіўся Агееў.
— Ну там, на памінкі.
— Ага. Дзядзька Еўсцігнееў сказаў, — пацвердзіў Артур.
«Во як!» — трохі здзіўлена падумаў Агееў. Гэты адстаўнік, які нядаўна яшчэ на цэлы дзень сапсаваў ягоны настрой, цяпер запрашаў яго на памінкі. Канечне, лішні раз сустракацца з ім у Агеева не было вялікага жадання, але ўсё ж памінкі былі па Сямёну, і ён падумаў, што трэба пайсці.
— А дзе гэта?
— Ды тут, недалёка. Мы пакажам, — прыжмурыўся пад нізкае сонца Шурка. — Ідзёмце…
Што ж, надта збірацца не было патрэбы, наогул Агееў быў унутрана гатовы да таго і, цяжка падняўшыся, пайшоў па адхоне за хлопцамі. Капаць сёння ўсё роўна ўжо не было настрою, і ён падумаў, што, можа, лепш будзе пасядзець з людзьмі за агульным сталом, памянуць чалавека. Аднагодкі ўсё ж.
Хлопчыкі хутка беглі ўзбочынай вуліцы, зрэдзьчасу азіраючыся на цяжкаватага такі ў хадзе Агеева, за мастком павярнулі ў зарослы дзядоўнікам завулак, пералезлі самі і пачакалі, пакуль пералезе ён цераз жэрдку невысокага плота, затым сцежкай па краі бульбы выйшлі на незнаёмую вулічку паблізу ад узроўка. Зады тутэйшых сядзіб, як і на яго Зялёнай, упіраліся ў аўражныя зараснікі, над якімі велічна ўзвышалася некалькі вязаў — гэтаксама, як некалі па-над сядзібаю Бараноўскай. Тут, у новым, нядаўна зрубленым дамку са стромкім вільчыкам і насцеж расчыненымі вокнамі, чуўся стрыманы гоман; у двары стаяла некалькі мужчын і жанчын, гэтыя або маўчалі з журбою на тварах, або скупа перамаўляліся каля паркана. З хаты якраз насустрач Агееву выйшаў разамлелы ад духаты Еўсцігнееў у сваім нязменным цёмна-сінім гарнітуры, пачаў абмахваць счырванелы твар жорсткім капелюшом з капрону.
Читать дальше