Увесь той дзень да самага вечара ён не мог знайсці сабе месца і ўсё швэндаўся па падворку, стаяў пад страхой, сядзеў на кухні. Разы два ён схадзіў па сцежцы да рова, паўзіраўся ў яго мокрыя, непрытульныя зараснікі з рэштаю рудой лістоты на дрэвах. Але ў рове было глуха і пуста, як толькі там можа быць глыбокаю восенню, нідзе не было нікога, як не было нікога і на вуліцы, нават у суседзяў у дварах і гародах — пазнікалі ўсе, нібы ў прадчуванні хуткай бяды. Марыя, захінуўшыся ў кажушок, сядзела на коўдры і, як ён узлазіў на гарышча, трывожна ўзіралася ў яго. Агееў паныла кідаў:
— Няма нікога…
Тады яна пачынала пытацца, хто там, на станцыі, і нашто мыла, але ён ужо не мог трываць тыя яе роспыты, яны яго пачыналі злаваць, і трэба было намаганне, каб схаваць тую яго злосць. Хвіліну пасядзеўшы на гарышчы, ён зноў злазіў уніз, паныла стаяў ля акна на кухні, зноў выходзіў на двор.
Так мінуў дзень, і зноў прыйшла ноч. Яны перабраліся ў застаронак. На гэты раз, спакутаваная ягонай трывогай, Марыя таксама не прылягла ні на хвіліну — стаяла на праходзе ў хляве, пакуль ён атупела хадзіў па двары. Калі ж ён паяўляўся ў варотах, пыталася: «Ну што? Няма нікога? Што ж нам рабіць?»
Што рабіць — ён таксама не ведаў, але па меры таго, як міналі цёмныя хвіліны ночы, усё мацнела яго нядобрая ўпэўненасць, што гэта — не выпадкова, штосьці там здарылася. Можа, якая мітрэнга, можа, схапілі каго, а можа… А можа, там, на станцыі, ужо адмовілі яму ў даверы і чакаюць. Чакаюць, як зробіць ён з толам, каму перадасць…
Як пачало днець, азяблы і спакутаваны сумненнямі ды марным чаканнем, ён увайшоў у хлеў і на праходзе сутыкнуўся з Марыяй. Тая нерухома ўгледзелася ў яго і нічога ўжо не пыталася — мусіць, сама разумела ўсё.
— Вось такія дзяла, — паныла сказаў ён, абы сказаць што-небудзь.
— А можа, трэба туды аднесці? Перадаць каму? — загаманіла Марыя.
— На станцыю?
— Ну, — сказала яна. — Гэта ж недалёка. Адразу за мястэчкам.
— Панімаеш, я нават не ведаю… Я ж там ніколі не быў.
— Давай я збегаю. Каму там аддаць, ты знаеш?
— Знаю. Толькі… панімаеш…
Ён абсалютна не ведаў, як аднесціся да гэтай яе гатоўнасці. Канечне, у нейкай ступені гэта было для яго выйсце, якое, аднак, нараджала і некалькі новых, таксама няпростых праблем, галоўнай з якіх была рызыка, што цяпер перакідвалася і на Марыю.
— А калі паліцыя? — сказаў ён.
— Ну і што — паліцыя? Толькі б на Драздзенку не нарвацца. А іншыя, што яны мне?
— Ой, ой, Марыя… Не, яшчэ пачакаем. Можа, хто ранкам прыйдзе. Усё ж ноччу каменданцкі час…
У халодным світальным тумане яны перабеглі мокрым дваром на кухню, Марыя палезла на гарышча, а Агееў застаўся ўнізе. У галаве яго ўсё гуло ад бяссоннай ночы, цела аслабла, думкі вяла і бязладна варушыліся вакол аднаго і таго ж у пошуках выйсця. Усе ягоныя намеры зблыталіся, ён не ведаў, як зрабіць лепей. Чакаць? Даверыцца часу? Выпадку? Ці ўзяць у дапамогу Марыю? Але ж Марыя — чалавек старонні, хіба ён мае права ўцягваць яе ў такую сур'ёзную і рызыкоўную справу? Але і самому брысці на станцыю?.. Усё ж на ім замыкалася некалькі ланцугоў сувязі, ці мог ён так легкадумна рызыкаваць сабой? І тым самым ставіць пад пагрозу гэтую не ім наладжаную сувязь? Разумней было б рызыкнуць кім-небудзь іншым — іншым заўжды рызыкаваць зручней, са зласцівай іроніяй падумаў Агееў. Але — Марыя… І ці разумее яна, ці здагадваецца, якое «мыла» ў гэтай торбіне? І ці можна яму ўсё ёй патлумачыць, ці не лепш, каб у такой сітуацыі яна нічога не ведала.
А калі яе схопяць?
Не, рашыў ён, калі пасылаць Марыю, дык трэба ёй усё растлумачыць, ён не мог гуляць з ёю ў хованкі. Усё ж гэта гульня са смерцю, дзе стаўка — жыццё. Той, хто робіць гэтую стаўку, павінен выразна сабе ўяўляць, чым рызыкуе, інакш гэта будзе ашуканствам, подласцю з ягонага боку. Так ён не мог.
Усё ж ён чакаў увесь гэты ляніва-світальны ранак, прыслухоўваючыся да глухіх гукаў знадворку — выпадковых галасоў з суседніх двароў, кудахтання курыцы за плотам. З кухоннага акна было відаць, як па вуліцы ў мястэчка пратупала немаладая цётка ў вялікай, напятай на плечы хустцы, яна несла ў абедзьвюх руках чымсьці накладзеныя кашолкі, і ён здагадаўся: відаць, на кірмаш? Здаецца, сёння была нядзеля, каля царквы збіраўся кірмаш, штось прадавалі там, штосьці куплялі. Зрэшты, Агееў там ні разу не быў, чуў толькі, расказвала Марыя.
— А што, калі вось гэтак — у кашолцы?
Ён пашукаў позіркам па кутках кухні, па сценах, зірнуў пад стол. Не, прыдатнай пасудзіны тут не было, бульбу звычайна капалі ў старое бляшанае вядро з дзвюма дзіркамі ў дне… І ён раптам прыпомніў, што на гарышчы за комінам сярод іншага ламачча валялася нейкая кашолка. Тая, мабыць, згадзілася б… Ён таропка ўзлез на гарышча, перш чым пралезці ў лаз, зірнуў пад акно на пасцель, позіркам сустрэўся з Марыяй. Тая не спала, ляжала на баку, захінуўшыся ў стракатую коўдру, і ў яе вачах свяцілася штосьці далёкае адсюль і ад ягоных клопатаў. Але трывогі ў іх нібыта не было, дзяўчына неяк хуценька супакоілася, адышлася ад сваіх нядаўніх яўных і надуманых страхаў. Неспакой цяпер цалкам перайшоў да яго, і Агееву было нялёгка ўтаіць яго ад Марыі.
Читать дальше