Ён прастаяў пад страхой гадзіну ці болей, навокал ужо зусім усё сціхла, замерла; садок, двор і гароды схаваліся ў прытуманенай цемры. Настала ноч. Дожджык то сыпаў, налятаючы з парывамі ветру, то нібы пераставаў. На падворку, аднак, ніхто не з'яўляўся, нікога за ўвесь вечар не чутна было і на вуліцы — ні прахожага, ні фурманкі, ні нават якога сабакі. Хаця Агееў больш слухаў і ўзіраўся ў бок гародаў і рова, хутчэй за ўсё нехта павінен прыйсці адтуль. Але мінаў час, а ніхто ніадкуль не паяўляўся. Мабыць, за поўнач ён ціхенька пратупаў праз хлеў да застаронка. Ён думаў, што Марыя даўно ўжо спіць, а яна, ахінуўшыся кажушком, сіратліва сядзела на сенніку, прыпёршыся плячмі да сцяны.
— Ну што? Прыйшоў хто?
— Спі. Чаму не спіш? Прыйдуць. Можа, пасля.
— Ён прысеў побач, не знімаючы мокрай ватоўкі, і яна ў кажушку падалася да яго.
— Ой, якія ў цябе рукі! Дай я пагрэю. Дай во сюды…
— Сцюдзёныя. Спалохаешся…
— Як лёд! Во я іх пагрэю, — ціхенька сказала яна, уся сціскаючыся ад дотыку ягоных халодных рук і далей засоўваючы іх сабе пад пахі. — А хто да цябе павінен прыйсці, ты ведаеш?
— У тым-та і справа, што не ведаю. Але хтосьці прыйдзе.
— А калі паліцыя?
— Паліцыя ўжо прыходзіла. Болей не прыйдзе, — сказаў ён ціха, без асаблівай, аднак, упэўненасці.
— А калі тыя, твае, не прыйдуць?
— Ну, як не прыйдуць? Мыла ж патрэбна…
«Мыла», вядома, патрэбна, думаў ён, але во Кіслякова няма ўжо другі тыдзень, а Малаковіч не ведае нават, што з ім здарылася. А раптам сапраўды з іх наладжанага ланцужка сувязі выпала нейкае звяно, што тады? Як тады звязацца? І што яму рабіць? Чакаць ці праявіць ініцыятыву самому?
Трохі сагрэўшы каля Марыі свае азяблыя рукі, Агееў усё ж паклаў яе дасыпаць, старанна ўкрыў кажушком, а сам зноў выйшаў у двор. Дажджу цяпер быццам ужо не было, але вецер дзьмуў з большай сілай, стала сцюдзёней, чым увечары. Мокраю слізкай сцяжынай Агееў пайшоў у гарод, спыніўся, паслухаў. У глухім начным цемрыве чуваць былі бязладныя парывы ветру і неспакойны, захлёбісты пошум вязаў, што чорнай сцяной высіліся на ўзроўку. Нікога вакол быццам не было, і ён вярнуўся на двор. Усё ж тут было зацішней, і можна было чакаць далей.
І ён чакаў, то захінаючыся ад ветру за варотамі ў хляве, то выходзячы на падворак, то спыняючыся пад дахам, — увесь у напружанай увазе, насцярожаны і чуйны да кожнага гуку ўначы. Але ноч выдалася надзвычай скупой на гукі, з мястэчка амаль нічога не было чуваць, а з рова ад могілак нядоўга даносіўся далёкі сабачы брэх, які неяк непрыкметна сам сабою змарнеў. І зноў ветраная цішыня запанавала ўначы.
Пад ранак ад доўгага стаяння пачала ныць параненая нага — набрыняла хваравітым цяжарам, і ён, намацаўшы ў хляве пустую дзежку, перакуліў яе на праходзе і сеў. Спаць яму не хацелася, цярплівае чаканне на зыходзе начы стала перапыняцца пакутнымі хвілінамі неспакою, цьмянай трывогай — чаму ж да яго не ідуць? Апроч таго, што ўзрыўчатка, мабыць жа, патрэбна была там, на станцыі, яна была немалой небяспекаю тут, на сядзібе. У выпадку, калі тут што западозраць, канечне ж, усё перавернуць і знойдуць; такую паклажу схаваць не проста. Хіба што закапаць на гародзе. Але гэта калі надоўга. А прыйсці маглі кожнай гадзіны дня і начы. Асабліва начы. Але во не ішлі. А можа, усё ж трэба было яе аднесці самому? Можа, цяпер там Малаковіч, як і ён тут, чакае ягонага прыходу і таксама не спіць усю ноч? Але як ён туды пойдзе? Ён нават не ведае, дзе тая станцыя, у якім баку. Ды і ці дойдзе ён з ношай, кульгавы, мала каму тут вядомы і таму для ўсіх чужы і падазроны…
Чорт ведае, што рабіць?
Калі пачаўся позні нясмелы світанак, ён зразумеў, што ноч мінулася марна, і пабудзіў Марыю.
— Пара. Пайшлі на гарышча.
— Што? Ужо раніца?.. А я так добра заснула, — гаварыла яна, падхопліваючыся на тапчане, і, уся разамлелая, яшчэ санлівая, абхапіла яго за шыю.
— Пойдзем на гарышча. Там даспіш, — сказаў ён шэптам, цалуючы яе рассыпаныя валасы.
— Ну, прыходзілі? Ты аддаў?
— Панімаеш, не прыйшоў ніхто. Не ведаю, што рабіць…
Яго трывожны клопат адразу перадаўся Марыі, тая прагнала з вачэй рэшту сну і, ускінуўшы тонкія рукі, хуценька прычасала кароткія валасы маленькім перламутравым грабяньком.
— Калі перадалі, дык, мабыць, прыйдуць, — спрабавала супакоіць яго Марыя.
Ён думаў таксама і хацеў верыць, што неўзабаве павінен нехта прыйсці. Праўда, як пачаўся світанак, упэўненасць яго аслабла, пачала мацней дапякаць трывога: напэўна, нешта там не зладзілася. Яны перайшлі на гарышча, паелі ўчарашняй бульбы. Зрэшты, Агееў амаль не еў, пасядзеў ля Марыі і зноў злез на кухню, выйшаў на двор.
Читать дальше