— Курыце?
— Не, дзякуй, — кіўнуў галавой Агееў.
— Ну, а мы закурым, — сказаў ён густым басам і азірнуўся. — Пакуль Жалудкоў закусь нясе.
Цераз плот пералазіў з выгляду худы і невялічкі, але цвёрды, бы ядловец, жвавы чалавек з папяровымі скруткамі ў абедзвюх руках. Ён быў у зялёнай вайсковай сарочцы з цёмным гальштукам, кароценькі хвосцік якога матляўся на яго кастлявых грудзях.
— Во і закусон!
— Ну што ж, сядайце, Жалудкоў. Хаміч, налі патроху, — звыкла распараджаўся Еўсцігнееў, спатнелы мясісты твар якога ўжо трохі астыў у засені. Пакуль Хаміч разліваў, усе глядзелі на дзве скасабочаныя ў траве шклянкі, а Жалудкоў, седзячы на кукішках, разгортваў жоўтую паперу з кавалкамі селядца.
— Значыць, за старшага сяржанта Сямёнава. За ягоную памяць! — абвясціў Еўсцігнееў, падняў шклянку і моўчкі перадаў яе Агееву. Другую шклянку ўзяў Жалудкоў.
— Знаеце, я не магу, — сумеўся Агееў.
— Ну, колькі можаце.
Ён паднёс шклянку да рота, гарэлка ўдарыла ў нос амаль што агідным пахам, і ён апусціў руку. Жалудкоў спаважна, мернымі глыткамі дапіў сваю да канца. Агееў аддаў шклянку Хамічу, які без слоў узяў яе, наліў з бутэлькі спярша суседу Агеева — бландзіну з абпаленым тварам, пасля даліў троху сабе.
— Ну, каб яму там было чым пахмяліцца!
Еўсцігнееў незадаволена хмыкнуў.
— Хаміч, няўжо ты думаеш, што і там гэта самае… як тут. Ніякага парадку. Усё б вам адно і тое ж…
— Не, там парадак! — зыркнуўшы яршыстым позіркам, запярэчыў Жалудкоў. — Там не тое, што тут. Там як у войску!
— Тожа найшоў парадак! — усумніўся Хаміч.
— А ты адкуль ведаеш, як у войску? Ты што, доўга служыў? — настырчыўся Еўсцігнееў.
— У мяне зяць прапаршчык. Начуўся…
— Не гаварыце пра тое, чаго не ведаеце! — адрэзаў Еўсцігнееў. — У войску парадак. А во на гражданцы далёка не заўсёды.
— Ён ведае, — падміргнуў Агееву Жалудкоў. — Дваццаць пяць год адбахаў.
— Дваццаць восем, да вашага ведама. Год вайны лічыцца за два.
— На тваім месцы, Еўсцігнеіч, можна было і трыццаць. Ты ж у штабе сядзеў?
— Ну, у штабе! — падабраўся Еўсцігнееў. — А што думаеш, у штабе лёгка?
— Дужа цяжка, — з'едліва пацвердзіў Жалудкоў і нагнуўся па кавалак сялёдкі. — Паперы заелі.
— А думаеш, не? Колькі мне весці належала? Улік асабовага складу па пяці формах. Перамяшчэнне і перастаноўкі. Журнал беззваротных страт. Страявыя ведамасці. Загады! А матэрыял да ўзнагарод?
— Ага, спіна не разгіналася, — ранейшым тонам сказаў Жалудкоў, жуючы хлеб з селядцом.
— І што ж ты думаеш: было, тыднямі не разгінаўся, — усё гучней сказаў Еўсцігнееў. — У добрага работніка, які хоча выконваць усё, што паложана, заўжды плечы мокрыя. А я ніколі разгільдзяем не быў, можаш быць упэўнены.
Ён абвёў усіх запытальна-насцярожаным позіркам, трохі затрымаўся на Агееве, які з некаторай нават цікавасцю слухаў грубаватую размову гэтых, відаць, даўно і добра знаёмых між сабою людзей. Ён жа тут быў чалавек выпадковы і не спяшаўся судзіць каго ці апраўдваць — хацеў толькі паслухаць, каб зразумець кожнага. Яны выпілі і яшчэ, хаця на гэты раз Агееву ўжо не прапаноўвалі, і ён быў удзячны за тое: піць ён і сапраўды не мог, тым болей гарэлку. Мабыць, пакрыўджаны чымсь Еўсцігнееў расхваляваўся і гаварыў, ні да каго не звяртаючыся:
— Некаторыя думаюць, што толькі яны і ваявалі. Калі ён там лётчык, дык ужо і герой! Але ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны чорным па белым напісана, што перамога здабыта сумеснымі высілкамі ўсіх радоў войск…
— Гэта мы чулі, — адмахнуўся Жалудкоў.
— Не, Еўсцігнеіч кажа праўду, — раптам уставіў паўнаваты брунет. — Мы гэта недаацэньваем.
— Што недаацэньваем? — раптам напяўся Жалудкоў. — Ты, Скараход, кім на вайне быў?
— Ну ваенным журналістам. А што?
— Журналістам? У якім гэта ты журнале тады пісаў?
— Не ў журнале, а ў газеце гвардзейскай паветранай арміі.
— А ты што — лётчык? — не сціхаў Жалудкоў.
— Я не лётчык. Але я пісаў пра ўсё, у тым ліку і пра лётчыкаў.
— Дык як жа ты пра іх пісаў, калі сам не лятаў?
— З зямлі лепей відаць, — хітра падміргнуў Хаміч.
— А што ж, бывае і лепей, — сур'ёзна адказаў Скараход. — Знаеш, каб ацаніць яечню, не абавязкова самому несці яйкі.
— Яйкі! — усхапіўся Жалудкоў і нават прыўстаў на каленях. — Вось бы цябе ў стралковы ланцуг. Ды пад кулямётны агонь! Ты ведаеш, што такое кулямётны агонь? Ты не ведаеш…
— Навошта мне ведаць? Ты ж усё ведаеш…
— Я-та ведаю. Я ж камандзір кулямётнай роты. Кулямётны агонь — гэта агняны тайфун! Гэта канец свету! Во што такое кулямётны агонь! — выпаліў Жалудкоў і павёў над галовамі слухачоў нейкім дзіўнаватым, амаль адсутным позіркам.
Читать дальше