Іхні з Джамілёй закутак раптам знік. Шум пяскоў напоўніў свет. Пустыня стагнала і калацілася, падымаючы ў неба з кожным уздрыгам усё новыя і новыя пласты сваёй паверхні.
Ён стаў на калені і папоўз. Але і так яго раз-пораз згінала да зямлі. Тады ён папоўз лежачы. Дыхаць было немагчыма. Ён поўз з заплюшчанымі вачыма і толькі зрэдку, праз далонь, ля самых вачэй, глядзеў на дрыжачую стрэлку.
Некалькі разоў яго ссоўвала назад, як чарапаху, як бязважкі лісцік дрэва. Ссоўвала разам з пяском. Але ён поўз і поўз.
Ён плазаваў, адчуваючы, што памірае.
Апошні кашмар прыйшоў раптоўна. Ён ляжаў і сутаргава соваў нагамі, а нехта прыклаў да ягонай галавы вялізную далонь і лёгка, як чалавек, што не дае паўзці сляпому кацяняці, затрымаў. Пятрок торгаўся так хвілін пяць - а можа, вечнасць? - торгаўся, абліваючыся халодным потам, пакуль не зразумеў, што гэта канец дарогі, што гэта не далонь невядомага, а іхні закутак, іхні маленькі бордж.
Тры разы вецер зрываў яго з муру, аж пакуль яму не ўдалося перакуліцца ў яго. А там ён адшукаў рукамі напаўзасыпаны горбік, паклаў побач з ім цёплы ўжо мяшок, а сам лёг побач, захутаўшы мяшок і галаву краем тэліса з вярблюджай воўны. Вычысціў пясок з вушэй, заткнуў іх і сціх.
Пясок імчаў над імі, паступова заносячы ўсё і ўся.
І Пятрок адчуваў, што сэрца ягонае як не выскачыць з грудзей. Ён напіўся і не адчуваў смагі, але глотка - яна ўжо высахла. Яе, здавалася, пакрыў суцэльны балесны струп. Нешта падступала павольна-павольна. Як сон. А потым нібы нехта дзьмухнуў на свечку. І стаў змрок.
...Ён ачуняў раптам, адразу ж усвядоміўшы і небяспеку, і самум, і стрэлы з-за дзюнаў. А ўсвядоміўшы - сеў, скінуўшы з сябе тоўсты слой пяску.
Была цішыня. Паветра ачысцілася. І толькі нібыта разам з вызваленым сонцам, якое спускалася за далягляд, асядала на зямлю чырванаватая смуга. Зацененыя бакі дзюнаў былі ліловыя, на баках ліловы колер пераходзіў у бэзавы, а на вяршынях, на якія клаліся апошнія промні, гарэла, паступова цьмянеючы, вадкае золата. Пустыня свяцілася, як сумная згасаючая вясёлка.
Пятрок ведаў: з пачаткам ночы яны могуць прыйсці зноў. І ён паспешліва пачаў прыгаршчамі высыпаць пясок са свайго маленькага борджа. Вызваліў месца, дзе яны ляжалі, націснуў на мяшок: амаль поўны. І ўрэшце адкапаў з пяску маленькі запылены кокан. Адсунуў краечак - спіць. Вейкі падрыгваюць. Доўгія, загінастыя. Пакруціў галавою: хай спіць, пакуль спадае гарачыня і пакуль яшчэ не захаладала нанач.
Ён дастаў мяшочак з прыпасамі і пералічыў іх. Узяў дзве жмені мукі і замясіў іх на кроплі вады, разам з сушаным мясам. Паклаў фінікі. Нічога, пад'есці можна, а смага амаль не мучыць уначы.
- Матыль-матыль, на мукі, за гарою тры ваўкі, - сказаў ён, успомніўшы сваё маленства.
Матыль рухам галавы рассунуў тэліс і, толькі паказаўшы сонцу аблічча, расплюшчыў вочы.
- Сіняя-сіняя? - прамармытаў матыль.
- Сіняя-сіняя, - нібы ў даўнюю гульню гуляючы, сказаў ён. - Еш.
Дзяўчынка прыпала да пляшкі.
- Ты не пі многа, - папрасіў Пятрок. - Уначы будзе холадна. - А сам падумаў, што ўначы будзе ці не занадта горача.
Пылок асеў. Разам з сонцам. Чыстае зеленаватае неба, трохі расплаўленае з аднаго боку, бяздонна распасціралася над пяскамі.
- І тамарынд там сіні?
- Тамарынду там няма, - сказаў ён. - Але там ёсць лясы. Нешта накшталт гэтых пальмаў, толькі зялёныя да паловы. І там іх - як зор на небе.
- А яны сінія?
- Бываюць. У месячныя ночы... І тады яны стаяць спакойна, а пад ветрам шумяць.
- А што ёсць яшчэ?
- І яшчэ ёсць рэкі.
- Што гэта?
- Ты ведаеш, што такое Іхархар?
- Ведаю. Шырокая сухая лагчына.
- Ну вось. А там лагчына шырынёю ў тры Іхархары. Толькі не сухая, а поўная вады. І вада гэтая не стаіць. Яна плыве, грукоча, цурчыць або проста і плаўна рухаецца наперад. Удзень на ёй гуляе сонца. Уначы ў ёй адбіваюцца зоры.
Яна маўчала, нібы абдумваючы нешта. Першая зорка загаралася ў зялёным небе. Зорка не міргала - такое чыстае было паветра над маўчаннем Сахары.
- Ты дарослы, - сказала Джаміля, - і мне няможна гаварыць такое даросламу. Але мне здаецца - ты хлусіш. Такога не можа быць на зямлі. Ты гэта, напэўна, каб мне было весялей. І яшчэ таму, што бацька так доўга не ідзе... А твая зямля, напэўна, проста пясок, дзе няма і лужыны. Сорам табе хлусіць. Людзі пустыні ніколі не хлусяць.
- Я не хлушу, - сказаў ён. - Ты ж бачыла міраж? Гэта паветра прыносіць яго з іншых краін, дзе шмат дрэў і вады. Каб дзеці верылі. Ты ж бачыла? Рэкі, а над імі дрэвы.
Читать дальше