Уладзімір Караткевіч
Сіняя-сіняя...
Апошнія вершнікі з крыкам і гартанным лямантам адхлынулі за дзюны і праваліліся, зніклі за імі, як жоўта-белая лава... Як вада... Не, як апошнія языкі самуму.
Настала цішыня.
Ён ляжаў на пяску, гэтай разагрэтай, нясцерпна гарачай патэльні. Ад дзюнаў яго аддаляла нізкая, на палову сажня вышынёй, паласа: разбураны мур борджа [1] Спаруда для аховы крыніцы: чатырохкутны двор, абнесены мурам і байніцамі.
. Тут усё было разбурана: муры, дзве халупы для людзей і стайні. Над крыніцай варушылі калючымі крыламі дзве пальмы. На такіх бываюць найлепшыя фінікі «дзеглатнур». Яны маціцовыя, як поласць дняпроўскай ракавінкі. Найлепшыя фінікі.
Толькі не тут.
Бо крыніца заплывае. Бо мур ужо разбураны з трох бакоў, і ён ледзь паспеў нацягаць плітняку і зрабіць у адным з куткоў яшчэ два невялікія муры, свой маленькі бордж, наводдаль ад вады і дрэў. Зрабіць прыстанак для іх у яго не было часу. І гэта была сапраўды патэльня, і ён ляжаў на распаленым пяску, а руля ягонай стрэльбы была яшчэ гарачэйшая за пясок. Перад ім, на пяску, каля самай грады дзюнаў, ляжалі ў нежывой паставе два вярблюды, аднагорбыя мясцовыя драмадэры. Адтуль часам патыхала смуродам: вярблюд дрэнна пахне, калі некалькі дзён не п'е. Вельмі дрэнна пахне.
Трохі наводдаль ад жывёл ляжаў чалавек у блакітнай доўгай блузе і шараварах, перацягнутых у таліі чырвоным поясам. Як і пры жыцці, галава, рот і нос таргві [2] Арабская назва людзей з племя туарэгаў.
былі пад белым пакрывалам. Бачныя былі толькі вочы. Дакладней - адно вока, бо другое разам з паловай аблічча танула ў пяску. Гэтае вока глядзела. Яно было, як жывое, чорнае і драпежнае.
Ён не хацеў страляць па туарэгах. Але другія суткі без вады - гэта ўжо занадта. Спачатку ён страляў па вярблюдах, гэта павінна было пераканаць таргві ў тым, што ён не хоча ім зла, хоць яны і нападаюць.
Вунь той, што ляжыць там, упаў з забітай жывёлы і не кінуўся ўцякаць. Таргві самыя смелыя людзі пустэчы. Гэты самы проста ўзяў і пайшоў на яго, узняўшы меч. Валюхаў нязграбна, як качка, і размахваў рукамі: таргві дрэнна ходзяць, зусім як маракі.
Бог на сваім высакародным мехары [3] Асабліва цягавітая парода вярблюдаў.
, гном - на пяску.
Дзяўчынка закрычала так страшна! А таргві як адурэў, і быў ужо зусім блізка, і мог уварвацца з мячом ці кінуць дзіду. Дзяўчынка крычала.
...І вось цяпер чалавек ляжыць нерухома. Круглы шчыт са шкуры антылопы адкаціўся ўбок. Правая рука з каменным бранзалетам з серпенціну адкінута. Нясцерпна зіхацяць на поясе і шыі амулеты. А меч, што адляцеў амаль да ног, абутых у вярблюджыя поршні, блішчыць у пяску, як струменьчык вады.
Нават у мёртвага ў яго высакародная пастава. Чырвоны плашч на шырокіх плячах, як заламаныя крылы. Напаўзакрытае белае аблічча, магутныя ногі. І меч ззяе ўбаку, як струменьчык вады. Рыцар часоў агульнага гандлю, чыгуначных спекуляцый і шыбеніц. Чалавек, які здольны з'явіцца не там, дзе яго чакаюць, а там, дзе ён хоча. Жах пустыні. Граза схватак. Уладар пяскоў. Труп.
...Дзяўчынка варухнулася за спіной.
- Адхаліб, піць.
- Пачакай, Джаміля, - сказаў ён шорхлым голасам. - Пацярпі. Дам, калі будзе зусім дрэнна.
Ён адчуў роспач. Узвысіў шорхлы голас і крыкнуў па-арабску тое, што ўжо крычаў сёння, можа, дваццаць разоў і што цяпер, пасля злашчаснай сутычкі, зусім не мела сэнсу.
- Таргві! У імя Аманаі, у імя Аджэн! [4] У імя Бога, у імя неба!
Ідзіце да крыніцы.
Пустыня маўчала. Яна не верыла. І яна мела рацыю.
«Веру. На добрай дыстанцыі ружэйнага стрэлу».
Ён не збіраўся страляць, але яны гэтага не ведалі. Яны атакавалі - і ён забіў аднаго. Веры не было.
І яшчэ не было вады. Не было ў тых, за дзюнамі, бо яны баяліся куль. Не было і ў яго. І вось ён ляжаў, як сабака на сене. Сам не мог піць і не даваў ім.
Нічога не было. Быў толькі бордж, ушчэнт разбураны два гады назад. Была распаленая патэльня, дзяўчынка і ён.
І тут, пад мурамі борджа, ён павінен быў скончыць свае дні. Пятрок Ясюкевіч. Былы беларус, былы гімназіст Віленскай гімназіі, былы студэнт, былы паўстанец, былы вандроўнік, былы ўдзельнік геаграфічнай экспедыцыі Каміла дэ ла Брысака.
Былы чалавек.
Бо тут ляжаў жывы труп. Труп у падзёртай вопратцы і з неабмежаванай колькасцю набояў для штуцэра. Труп без радзімы, без ежы, без вады.
І побач з жывым ляжаў труп.
Вада была там, ля кубы - магілы якогась мусульманскага святога, таксама даўно разбуранай, з разнесенымі ўшчэнт мурамі. (Французы, калі тут яшчэ быў пост, хавалі ў ёй порах.)
Читать дальше