І ніхто не мог заўважыць, што адзін пакой на чацвёртым паверсе застаўся амаль цэлым, што ўсходы праходзяць зусім ля яго (прайсці па карнізе якіх пяць крокаў і ўлезці ў акенца былой спіжарні), што адсюль лепяцца ўверх уламкі вінтавых усходаў на гару, якая засталася цэлай (пажартаваў агонь) і адкуль быў добры агляд.
Ніхто не мог заўважыць таму, што акенца выходзіла не на суседнія будынкі, а ў вузкі, падобны на калодзеж, унутраны двор будынка.
Тут і ўладзіў Доўгі свой барлог: прыцягнуў мізэрныя прыпасы, кажух, палітон, лямец, але галоўнае — тры гранаты, адбіты кулямёт з бляшанкамі, аўтамат і пісталет. Шчыліны ў сценках так-сяк заторкнуў анучамі.
Тут і адседжваўся ён ужо шосты дзень пасля забойства гэбітскамісара. Выходзіць было небяспечна — немцы пачалі вельмі сцерагчыся. Трэба было пачакаць і пасля, калі падумаюць, што ён пакінуў горад, выйсці на сваю апошнюю справу: дабрацца неяк да аксамітнага ката і скруціць яму вусы. Можа, хоць тады пакіне яго пякучы боль сумлення, такога хворага і пакутнага, можа, хоць тады супакоіцца ў магіле чалавек з непрыемным азызлым тварам, якога ён аддаў на пакуты і смерць.
Проста перад вачыма, праз часткова зашклёную ім дзірку ў сцяне, Антось бачыў, як на пятым паверсе пагойдваецца на ўламку арматуры дзіцячы ложачак. Думкі былі ліхаманкавымі, хворымі:
"Хто ж цябе асудзіў на смерць, маленькі чалавек? Шкада вялікіх, але яны награшылі сваё, гэтыя здаровыя дзядзькі… У многіх з іх пасля першага пацалунка не было нічога вартага ў жыцці. У цябе не было і гэтага… Дзяцей шкада, сабак таксама шкада… Вы ўсё разумееце, а выказаць не можаце… Сорам людзям.
Столькі зрабілі, а ў душах Залатая арда гуляе па стэпе… Жыццё, жыццё".
Цяжкі сон зваліў яго ў душны змрок, хоць ён выспаўся. Яшчэ не пачынала днець.
І зноў лягла перад вачыма раўніна. І была яна бясконцай, як чалавечая туга, і спявалі галасы на выжарах, і густы попел укрываў слоем зямлю.
Са здзіўленнем пабачыў Антось, што яго ногі і ногі яго спадарожніка не пакідаюць у попеле слядоў. Галасы спявалі-спявалі, але Антось не мог ісці да іх, бо ў яго была іншая мэта: спадарожнік вёў яго на суд.
І многія цягнулі да яго рукі, але ён ішоў на суд, яму трэба было спяшаць. Спадарожнік і ён апынуліся ў нейкім вялікім пакоі, насустрач ім устаў з-за стала нехта малады, ружовы і ясны.
— Вось гэты чалавек выдаў мяне, — і Антось зразумеў, што спадарожнік яго — той самы госць, што з'явіўся на золкім світанні.
— Тады арыштуй яго, — сказаў трэці.
— Ён зрабіў гэта незнарок.
— А хто гэта ведае?
— Гэта наша спрэчка. Мая і яго. Ён апраўдаўся перада мною.
— А ты залез у яго сумленне? Можа, ён спужаўся і хацеў абяліць сябе. Ты ведаеш, чаму ён зрабіў гэта?
— Я ведаю. Я сведак.
— Ты мёртвы.
— Але ж я… — абурыўся Антось.
— Вы самі разумееце, што справа патрабуе дадатковага расследавання, — халодна і нечакана ясна сказаў чалавек.
У цемры ляглі на плячо Антося рукі і голас начнога госця сказаў:
— Братка, цяпер я з табою.
Замілаванне, гарачая пяшчота заліла сэрца Антося. Ён хацеў пацалаваць гэтыя цёплыя рукі і… прачнуўся.
У каробцы дома ліліся, недзе пад ім, чалавечыя галасы. Доўгі схапіўся за аўтамат, хутка падпоўз да самай вялікай шчыліны, выдзер з яе анучу, забітую снегам.
Пабачыў проста пад сабою дзіўна кароткія з вышыні постаці некалькіх салдат і афіцэра. Паміж іх стаяў нехта ў цывільным.
— Тут? — спытаў афіцэр.
— Прынамсі, тут яго ўчора бачылі нашы хлопцы, — сказаў цывільны.
Антось вылаяўся ў думках. Трэба яму было ўчора вылазіць са сховішча ў сутарэнні суседняга дома за лямцам. Халодна, бачыце, было. Вось зараз табе цёпла будзе.
Але такія думкі прыйшлі да яго толькі на хвіліну. Ён прыпомніў сон, словы начнога госця, і нейкі незразумелы ўзлёт хмелем закружыў яго галаву.
Усё было зроблена на гэтай зямлі. Заставалася даражэй прадаць сваю нікому не патрэбную шкуру. Каб той, трэці ў спрэчцы, маўчаў.
Ён пабачыў, як салдат недарэчна вялікімі — у параўнанні з кароценькім тулавам — крокамі пабег кудысьці. І тады Доўгі выставіў шкло з расколіны і, дзе толькі было магчыма, выцягнуў анучы і лямец са шчылін. Халодны снежаньскі вецер задудзеў у дзюркі. Адразу стала халодна шчакам.
Антось умацаваў на сошках кулямёт і, адклаўшы кавалак дошкі, прасунуў рулю ў расколіну над падлогай.
Няхай ён спаймаўся, як лісіца ў пастку, затое пазіцыя была добрая. Толькі вузкім праходам між муроў маглі падысці да яго цытадэлі тыя, за якімі пабег салдат. І гэты праход ляжаў перад ім як на сподку. Вось і яны з'явіліся. Паўрота салдат.
Читать дальше