Ківітц
Урывак з паліцэйскага рапарта:
"Лісткі на гэты раз не толькі клеілі да муроў. Іх яшчэ раскідалі ў раёне рынку. Адміністрацыя толькі з некаторым спазненнем пачала барацьбу з імі. Ёсць меркаванні, што некаторая колькасць людзей паспела прачытаць іх. Змест той самы, што і ў мінулы раз, змянілі толькі месца здарэння".
Вытрымка з медыцынскай экспертызы:
"Труп унтэр-афіцэра Гердтмана выцягнулі з дна рэчкі. Патылічная косць праламаная нейкім тупым прадметам — магчыма, каменем, аб які ён мог ударыцца, упаўшы з моста. У страўніку і вантробах мёртвага выяўлены алкаголь…"
Урывак з паліцэйскага рапарта:
"Лісткоў на гэты раз не было, але на разбуранай камяніцы банка паліцэйскімі быў заўважаны надпіс:
"Я — Доўгі. Я знішчыў афіцэра". Раён вуліцы быў ачэплены. Надпіс знішчаецца".
Данясенне намесніка начальніка аховы парадку ў гета обер-лейтэнанта Ліст.
Сёння, 24 лістапада, у чатырнаццаць гадзін на адзін з двух рабочых атрадаў, пакінутых па Вашаму загаду ў гета, быў зроблены напад. Атрад у колькасці сямідзесяці трох чалавек працаваў на рамонце дарогі ля мяжы горада. Ахова ў колькасці дзевяці чалавек пад камандай унтэра Паўля Лёве дапусціла парушэнне ўстава: згрупаваўшыся ў адным месцы, на абочыне дарогі. Дзве трапныя аўтаматныя чаргі з адлегласці ў дваццаць крокаў (з нізкага хмызняку) паклалі на зямлю ўсіх, акрамя цяжкапараненага радавога Адольфа Бюхнера. Па яго расказу, з хмызоў вылез вельмі брудны і зарослы чалавек і падышоў да арыштантаў. Словы яго, як зразумеў Бюхнер, былі такія:
— Авечкі вы, ці што?! Ратуйцеся, можа, хто дойдзе лясамі да фронту. У гета — канец… Калі хто будзе жывы — скажыце, што я Антось Доўгі. Мяне абылгалі. Я Антось Доўгі, я іх б'ю. — Пасля гэтага ён стрэлам ва ўпор паклаў на месцы камісарскага старшыню юдэнрата Каждана, які спрабаваў умаўляць усіх, — і знік. Дапамога прыбыла праз дзве гадзіны. 3 тых, што разбегліся, удалося спаймаць сорак два чалавекі.
Подпіс: Ліст
Рэзалюцыя сінім алоўкам:
"Скажыце обер-лейтэнанту, што ён дурань. Ён піша данясенне, а не крымінальны раман. Болыш фактаў і менш фантазіі. Гэта не мог быць адзін чалавек. Справу радавога перадаць у трыбунал. Ён так добра ведае чужую мову, што яму самае месца на Усходнім фронце, калі не пад аўтаматамі сяброў за абураючае галавацяпства. На обер-лейтэнанта Ліста накласці спагнанне".
Урывак з рапарта начальніка фельдпаліцыі гебітскамісару Вестфаль:
"…Сабраныя намі факты дазволілі нам выявіць з доляй пэўнасці месца сховаў мяркуемага злачынца. Гэта кварталы Старога Места. Вырашана ачапіць іх дзвюма ротамі салдат і пачаць прачэсванне. Аперацыя пачнецца заўтра, 28 лістапада".
Антось бачыў іх як на далоні. Невялічкія зялёныя фігуркі, развярнуўшыся ў ланцуг, павольна і метадычна ныралі ў каробкі будынкаў, затрымліваліся там і крочылі далей. Была ў гэтых рухах энергія мурашак, якія шукаюць матыля, каб аб'есці яму крылы.
Доўгі ляжаў на даху касцёла, за брандмаўэрам і лаяў сябе апошнімі словамі. Як ён мог так далёка адысці ад сховішча, дзе яго ніколі не адшукалі б, дзе засталася зброя. Ён адчуваў сябе моцным з таго дня, як адбіў у іх кулямёт. Хай сунуцца! Ёсць стужкі, ёсць два запасныя ствалы! І вось з-за ўласнай дурасці яго заспелі на мяжы свайго царства і адрэзалі ад усяго, што рабіла яго моцным. "Вальтэр" з чатырма наборамі патронаў. І ўсё.
Трэба было ўцякаць. І гэта ў той час, як яны самі ішлі на яго і заставалася толькі знішчаць і знішчаць.
Дах поруч з ім быў прадаўлены, дажджавая вада набралася ў яміну. Антось прагна глытнуў нясмачную ваду і глянуў у гэта самаробнае люстэрка. Зарослы, страшны, азызлы ад недасыпання і голаду глянуў на яго ўласны твар. І таму, што ён так ненавідзеў гэты твар, так пагарджаў ім — Антось не баяўся. Заб'юць зараз, заб'юць потым — якая розніца. "Потым" толькі таму і лепей, што можа яшчэ пару разоў бахнуць з пісталета камусьці ў пячонкі.
Ён змераў вачыма адлегласць да пакарожанай пажарнай лесвіцы. Пасля выбраў асабліва нахабнага з праследавацеляў, прыцэліўся і стрэліў.
Знаёма падскочыў угару ствол пісталета. Чалавек схапіўся далонню за рот, пахістаўся на нагах, стаў на калені.
"Хацеў мяне паставіць, — злосна падумаў Антось, — стой зараз сам".
Стрэліў другі раз, трэці. Пасля асцярожна падпоўз да лесвіцы і, намацаўшы нагамі прыступак, саслізнуў па шчэбні, хапаючыся рукамі за ўцалелыя прыступкі, каб прытармазіць рух.
Читать дальше