Страшэнна захацедася спаць; дрыжыкі беглі па скуры. Але спаць было нельга. Прайшоў афіцэр. У яго кабур з пісталетам. Дрэнная, ненадзейная рэч пісталет. Б'е на кароткую адлегласць, і трэба добра страляць, каб трапіць… І другі з пісталетам… І трэці.
"Здабыча" з'явілася зусім нечакана. Наўскос перасек вуліцу ладны, як цацка, зграбны афіцэрык у бліскучым плашчы. За ім, на адлегласці некалькі крокаў, дыбаў салдат з аўтаматам. Збочылі ў завулак.
Антось нячутна, як кот, перабег да пралому і накруціў на руку вусце меха, у якім ляжаў, завязаны зверху, цяжкі круглы камень.
Дзейнічаў, як яму здавалася, разважліва і халодна. Прапусціў паўз сябе, пабачыў патыліцу пад пілоткай і з сілай жмякнуў па гэтым, круглым, сваім самаробскім кісцянём. Салдат бязгучна ўпаў тварам на брук. У той самы момант Антось моцным рыўком садраў з яго аўтамат.
Пабачыў твар афіцэра, які, павараціўшыся, непаразумела глядзеў на тое, што адбывалася. Кінуўся на яго. Схапіў за правы бок, мацаў рукамі, шукаючы пісталета. Пісталета не было.
Наступны момант ледзь не каштаваў яму жыцця. Не паспеў ён прыпомніць, што немцы носяць кабур на левым баку, часам проста пад падхвінай, як афіцэр ачуняў і схапіў яго за глотку доўгімі халоднымі пальцамі левай рукі. Правай адарваў руку Антося ад сваіх рэбраў і ўдарыў яго ў пераноссе.
Ледзь не ўпаўшы, Доўгі завішчаў ад злосці і перапуду і, замест таго каб стрэльнуць, што зрабіў бы на яго месцы кожны разумны чалавек, — пачаў пхаць немца ў жывот руляю аўтамата. Немец павараціўся і кінуўся бегчы ад гэтага азвярэлага чужога чалавека, на бягу хапаючыся рукою за кабур.
Разумеючы, што гэта канец, перапуджаны больш за немца, Доўгі паляцеў за ім, размахнуўся аўтаматам і апусціў сваю зброю на спіну ворага. Той заверашчаў, як заяц, калі яго кіпцюрыць сава, і наддаў хутчэй. Антось, не памятаючы сябе, бег за ім і малаціў яго аўтаматам па спіне. Напэўна, ён выбег бы за ім да самага казіно, але немец запнуўся аб цагліну на дарозе і ўпаў. Ліхаманкава перакруціўся на спіну, Антось пабачыў яго збялелы твар і з сілаю апусціў зброю проста туды, у гэтыя белыя вочы.
Апусціў раз-другі-трэці.
Уначы, калі над руінамі нізка навісаюць пашматаваныя кудлатыя хмары, па горадзе ідзе начны госць.
Ён заўсёды адзін. Брудная вопратка на ягоным целе. І твар ягоны не бачны ў цемры. І пісталет у яго ў кішэні, а аўтамат вісіць на пятлі пад курткай і выпірае з-пад яе.
Уначы па горадзе ідзе начны госць. Ён ідзе руінамі, спрытна выбіраючы блытаны, але верны шлях. Нырае ў сутарэнні, паўзе між брыламі, спускаецца ў люкі, мінаючы патрулі.
І ніхто не ведае яго прыстанак, дзе ён забудзецца на гадзіну моцным і трывожным сном.
Госць ідзе. Госць прыходзіць на золкім світанні. І ён адчыняе дзверы, і тыя, у пакоі, не бачаць, хто стаіць за імі, у цемры. Толькі злёгку рыпяць, быццам самі адчыніўшыся, дзверы.
І гаспадары прыўстаюць з-за стала, на якім віно і шакалад у круглых плітках і нежна-ружовы, з чырвонымі пражылкамі, беларускі шпек.
Госць прыйшоў на золкім світанні, і скончылася ідылія, і гнеў народа ў вачах Аднаго, і гэты Адзін ёсць народ.
Чарга аўтамата.
Яшчэ чарга.
Яшчэ.
І цішыня. Толькі з разбітай бутэлькі паволі капаюць на падлогу апошнія густыя кроплі.
Па горадзе ідзе начны госць.
Начальніку пятага паліцэйскага ўчастка ад паліцая Высоцкага
Данясенне
Сёння, 18 лістапада, абыходзячы ў восем гадзін раніцы даручаны мне ўчастак, я выявіў, што за рогам асабняка № 27 па Цяслярскай вуліцы ляжыць забіты труп аглушанага часавога. Будучы пасля гэтага ў доме праз расчыненыя кімсьці дзверы выявіліся чатыры забітых невядомымі злачынцамі пастаяльцы-афіцэры. Што і прэдправаджаю да пана начальніка. Слядоў не было.
Высоцкі
Урывак з паліцэйскага рапарта:
"Лісткі былі прыклеены да муроў у дзесяці розных пунктах. Даставіць іх не было магчымасці, бо клеілі калодыюмам. Змест кожнага такі:
"Сёння я, мастак Антось Доўгі, якога абылгалі па радыё і ў газетах, знішчыў у дома № 27 па Цяслярскай вуліцы чатырох ворагаў. Я знішчу іх колькі магу. На мяне ўзвялі паклёп. Не верце яму, людзі".
Ад обер-лейтэнанта Ківітца гаўльману Польману
Данясенне
Сёння, 20 лістапада, у ДЗОТ на паўночнай шашы бандыты кінулі гранату. Кінутая з блізкай адлегласці, яна знішчыла кулямётны разлік, які быў у ДЗОТ. Калі на месца здарэння прыбыў я, выявілася, што невядомыя забралі з сабою форму аднаго з салдат, дакументы, кулямёт МС-34 і тры бляшанкі са стужкамі. Сабакі не ўзялі след: ён быў апрацаваны нейкім рэчывам.
Читать дальше