— Чацвёра, — сказаў я таксісту. — Законная колькасць. Парушэння правілаў няма.
У таксіста палезлі на лоб вочы, калі ён убачыў Тупа:
— А г-гэта?
— Мале-енькі сабачка, — нявінна сказаў аператар. — Малю-юсенькая бясшкодная істотка.
Таксіст збіраўся газануць, але перамагла цікаўнасць.
— Шчыры друг чалавека, — сказаў я. — Ніхто не асмеліцца абразіць яго, выказаць хаця б цень сумлення ў тым, што ён бязвінны, як верабейчык.
Я ведаў, як мядзведзі любяць смактаць лапу, не сваю, дык чужую, і часта вытвараў такое — як з Бурыкам, так і з Тупам. Закасаў рукаў світэра і працягнуў локаць Тупу.
Да самага локця, ну, ва ўсякім разе, дзюймы на тры вышэй кісці, змясцілася ў ягонай пашчы мая рука. І ён пачаў смактаць яе, стогнучы ад асалоды.
- М-мну… м-му… М-м-мну-м.
Ніякай небяспекі тут не было. Я ведаў, што калі ён забудзецца ад шчасця, не суразмерыць сілы і пачне сціскаць сківіцы — досыць злёгку ляснуць яго далонню другой рукі па мордзе, каб ён апамятаўся і, пяшчотна-вінаваты, адпусціў. Але ж шафёр гэтага не ведаў. Ён бачыў схаваную ў пашчы руку і трохкутныя белыя зубы, сантыметры на чатыры даўжынёй, бачыў, як зубы труць, нібы перапілоўваючы.
— Пане мой божа, на ўсё святая воля твая! Вы з цырка? Выньце, выньце, калі ласка!
— Н-не выну, пакуль не павязеце. Бясшкодная, маленькая тварынка. Мініяцюрны калматы сабачка. Скочтэр'ер, не, нават балонка. Ціхенька ляжа ў нагах на радасць міліяцыянеру, які надумае правяраць. Улічыце, небяспекі ніякай. Падумае, што звар'яцеў. Тры рублі за дастаўку сабачкі на вуліцу рэвалюцыйнага дэмакрата Міхайлава.
— А чорт бы з вашымі грашамі, - ускіпеў таксіст. — Цягніце яго хутчэй на задняе сядзенне, пакуль не бачаць.
Я вызваліў руку, укрытую густой зялёнай слінай, і выцер яе снегам. Мы паклалі Тупа ў праход між пярэднім і заднім сядзеннямі і, не без выгоды, размясцілі на ім свае ногі.
— Хай яго, можа, вы і сапраўды дасцё яму зноў сваю затычку, — сказаў таксіст. — Хаця не. А раптам падкіне на яміне. Трымайце толькі за галаву. Дасць бог, можа, усё і абыдзецца.
Шафёр гнаў, уцягнуўшы галаву ў плечы, але зрэдку хмыкаў, відаць, задаволены і заінтрыгаваны. Добра, што мы пад'ехалі да майго дома ў прысмерку і ў двары не было цікаўных. Шафёр, калі мы выцягнулі Тупа, настолькі акрыяў духам, што гулліва спытаў:
— А шчанюка б?
— На жаль, фізіялагічна немагчыма. Кабялёк. Вось павяжам, можа, тады.
Таксіст загыгыкаў і рвануў з месца.
…Жыў я тады ў кватэры на пятым паверсе. Мы ўсцягнулі звера туды і перш за ўсё накармілі. Я схарчыў яму бохан хлеба, паліты паловай банкі згушчонага малака, а пасля спаіў два пакеты малака звычайнага. За гэта час наплала ванна, і мы, распрануўшыся да трусоў, агульнымі сіламі перавалілі яго туды. Ён ведаў толькі летняе купанне ў рэчцы і таму спачатку ўзвыў ад гарачаватай вады, як грэшная душа ў пекле. Але паступова пачалі адыходзіць лапы — мядзведзі ж не прыстасаваныя бадзяцца па снезе, бо ў іх голыя пяткі, - і ён супакоіўся.
Чатыры разы давялося яго мыліць, пакуль чацвёртая вада не стала празрыстая, а мыльная пена белая. А пасля я расшчодрыўся і закаціў яму пятую ваду з "Бадусанам", і ён блажэнна ляжаў у пене, цяпер ужо зялёнай і пахнучай лесам, і сніў пра верасовыя паляны ў векавых соснах.
А пасля мы насуха выцерлі яго, узвалілі на тахту, укрылі посцілкай, так, што стырчала адна галава — так нам здалося больш смешна, — і ён засоп, салодка, як немаўля. А мы селі да яго спінамі і распілі дзве бутэлькі каньяку за Тупа, за яго шлюб з Вялікай Мядзведзіцай і за хуткае з'яўленне Малой. Словам, за ўсё, за што п'юць мужыкі, калі яны адчуваюць, што непасрэднай прычыны для выпіўкі няма, а што яны проста харошы народ.
…Другі мой мядзведзь пражыў у мяне два з паловаю месяцы, і, слова гонару, гэтыя месяцы былі аднымі з лепшых месяцаў у маім жыцці. Слаўна нам жылося. Ён пасыцеў, поўсць стала льснянай і чыстай. Любіў качацца ў снезе і купацца. Спаў ля батарэі, але часам клаўся да мяне ў ногі і ўпарта не хацеў злазіць з тахты. Я ведаў, што ён ніколі не зачэпіць мяне, ніколі не азвярэе, што гэтыя сталёвыя простыя кіпці, толькі злёгку сагнутыя на канцы, ніколі не ўдараць: звяры ўмеюць помніць дабрыню. Але што я мог зрабіць? Улетку я заўсёды ад'язджаў на некалькі месяцаў маляваць, і на каго я мог пакінуць яго ў горадзе? А ўзяць і вазіць з сабой?..
Мне заставалася суцяшэнне, што я даў яму пару месяцаў харошага жыцця, якое нічым не было азмрочана. Хіба што спачатку, дні тры, маёй маўрскай мартышкай па мянушцы Лявонька, а калі паважліва, то Леанідам Юльевічам, таму што прынеслі мне яго ў ліпені.
Читать дальше