Так цягнулася да таго часу, аж пакуль мяне не запрасілі мастаком на фільм пад назваю "Гісторыя аднаго мядзведзя". Рэжысёру "в порядке бреда", кажучы словамі ідыёцкага кіношнага выразу, здалося, што цікава будзе ўвесці ў гісторыю мастака-анімаліста (нехта расказаў яму пра маю кватэру якраз, калі творцы марна імкнуліся выціснуць нешта з галоў), да якога трапляе мядзведзік Туп. Я не бачыў прычыны, каб адмаўляцца і не дапамагчы майму сябру-аператару, які дужа прасіў мяне. Акрамя таго, у фільме мне трэба было рабіць амаль тое, што і ў жыцці: маляваць, карміць звяроў, гаварыць з імі. А я навучыўся гэтаму за дваццаць пяць гадоў практыкі.
Там я і пазнаёміўся з Тупам і з ягонай сястрой, дублёршай Тапай. Здымаліся яны цераз дзень. У сястры быў злосны і сварлівы характар, і таму, калі здымкі падыходзілі да канца, яе завезлі ў запаветны лес і выпусцілі, прычым яна нават не азірнулася на людзей, урачыстай хадой аддаляючыся ў пушчу.
А Туп быў поўнай процілегласцю і таму быў агульны ўлюбёнец.
Яму дазвалялі лізаць мёд, забірацца ў гарачыя дні ў рэфрыжэратар і храбусцець там лёдам. Нават свавольствы яму дараваліся за яго рахманы і пяшчотны характар. Акрамя таго, ён меў прывычку, калі яго возьмуць на шворку, учыняць бег на месцы, у якасці доказу свабоды сваёй волі. Ён увогуле любіў свабоду.
Калі здымкі скончыліся, яго аддалі на станцыю юных натуралістаў, і я ўзрадаваўся, што не ў звярынец. Прасторныя пакоі, вялікі парк, дзеці, якіх ён любіў і, падобна разумным сабакам, ніколі не крыўдзіў.
І вось праз пару месяцаў я прыйшоў на студыю і, ідучы вялізным няўтульным здымачным павільёнам, дзе выбухалі галасы, ляскала жалеза, грукаталі малаткі ў руках рабочых, рухаўся кран і ўсё было заліта мёртвым, бязлітасным святлом дзігаў, я ўбачыў у куце, сярод хламу, вузкую і вельмі нізкую клетку, у якой, на тоўстым пласце гною, ляжаў сціснуты з усіх бакоў, страшэнна брудны Туп.
— Гэта яшчэ што? Чаму ён тут?
— А, — сказаў аператар, — сволачы. Ён жа да пяшчоты прывык. А тут знайшліся раздураныя вырадкі, пачалі дражніць, цягаць. Я яго ведаю, ён да канца цярпеў. Ну, а пасля цяпнуў нейкага. Так проста, узяў у пашчу, нават следу не было. Напалохаць хацеў. Я ж ведаю, значыцца, зусім сілаў не стала трываць. — Друг аж кулакі сціснуў. — Ну, тут маменька ў кулонах — адзадак, як ступа, а мазгоў і напарстку няма. Як жа, рабёнка пакрыўдзілі. Ну, тыя і вярнулі.
— То чаму ў запаведнік не аддалі?
— Грошай, кажуць, няма. Ну, мы кажам: не трэба, вазьміце так. А яны: звініце, але трэба дакуманты, адчотнасць… Гэта імушчаства… Вось і цягнецца гэтая "справа аб імушчастве" месяц. І папомні, яшчэ два месяцы будзе цягнуцца. А звер мучайся.
Туп пазнаў мяне. А вочы ягоныя глядзелі з такой смяротнай, не звярынай, а амаль чалавечай тугой, што мне раптам сціснула сэрца. Нібы гэта не малы чатырохногі артыст пакутаваў тут, а той, даўні, што ўратаваў мне жыццё. Такі горды і вольны звер быў кінуты зараз у клетку, у гной, у подлае і ганебнае рабства.
— Давай шворку, — сказаў я, адчыняючы клетку.
— Ты што?
— Давай, трасца іхняй праклятай матары. Не патрэбен стаў — забылі. Як чалавека. А ён з намі і пад дажджом, і па снезе. Гэтак многіх… спісаць можна. Ён жа здохне тут, пакуль яны… з "імушчаствам".
Я вывалак яго з клеткі, і ён, узрадаваны, стаў дыбкі і "абняў" мяне, запэцкаўшы зялёным гноем мой блакітны світэр. Мыкаў і лізаў-лізаў мне аблічча. Здорава падрос, быў ростам з мяне амаль, а я вымахаў не на хлопчыка з мізінчык. І галава была вялікая, з вялікай пашчай.
Я вывеў яго на двор, пакачаў па снезе, каб хаця крыху ачысціць — снег у тым месцы стаў амаль чорны, нібы на ім выбівалі дыван, і павёў дваром да прахадной. Вахцёр паспрабаваў быў затрымаць мяне, але не дужа заўзята, бо Туп у калідорчыку стаў дыбкі і забурчаў, нібы разумеючы, што гэты заслон пахне зноў клеткай. Службіст, нібы сам сабою, адскочыў з дарогі і толькі прабрахаў мне наўздагон нешта здзеклівае.
— Слухайце, — сказаў я, — мне нічога не каштуе зняць шворку. На такіх турэмшчыкаў, як вы тут, трэба па закону спускаць мядзведзяў. Вось пачакайце, унясу законапраект.
Ён закрыўся знутры. Мы з сябрам зарагаталі, і я павёў Тупа да прыпынку таксі. Я павінен быў зрабіць дзеля яго тое, што хацеў зрабіць. Хаця б у памяць Бурыка і ў знак таго, што людзі вінаватыя ва ўсіх смяротных грахах перад звяр'ём.
— Я патрымаю яго ў сябе, пакуль не дамовяцца з запаведнікам.
— Угм, — сказаў сябар.
Ля віннага магазіна прыядналіся да нас яшчэ два дружкі: гукааператар і асістэнт аператара. І так упяцёх мы падышлі да стаянкі таксі з самотнай "Волгай" на ёй.
Читать дальше