– Паставіў нерат і шнуры, мушу паглядзець, можа, даў што Бог, – вечар ужо блізка.
– Калі што зловіш – прынясі яшчэ мне. Жыву пры дарозе, людзі, дзякуй Богу, да мяне заязджаюць.
– Калі толькі Бог блаславіў маю працу, дык не забуду пра пана.
Сказаўшы гэта, ён пакланіўся і пайшоў.
– Люблю гэтага рыбака, – прамовіў дзядзька, – пачцівы ён чалавек і працавіты. Пабудзеш на яго востраве – адразу відаць, што жыве там чалавек гаспадарлівы і дбайны. Яго дамок (хоць не такі ўжо прасторны ды і саломаю крыты) стаіць на ўзгорку ў маляўнічай мясціне, ёсць пры ім маленькі садок: яблыні і вішні. Вакол хаціны – усюды парадак і чысціня. Мае коней, кароў і авечак. Поле ўгноена, як сад. На лугах сакаўная трава. А непадалёку густы бярозавы гай. Летам у ціхае надвор’е – было гэта колькі разоў – я прыплываў да яго вострава. Ён быў рады, а жонка яго – надзвычай гасцінная кабета – частавала мяне, паставіла на стол выдатных ляшчоў, злоўленых таго ж дня і цудоўна прыгатаваных.
– Шчаслівы чалавек. У яго там яшчэ не мінуўся залаты век. Ні з кім не дзеліць поле, ваўкі і мядзведзі не нападаюць на жывёлу.
– Адна толькі нявыгада: у прызначаныя дні мусіць адбываць прыгон, пасылаць работніка ў чаўне і коні перавозіць праз возера; больш за чвэрць вярсты.
Калі мы так размаўлялі, у пакой увайшла пані Мальгрэта, гаспадыня майго дзядзькі.
– А-ёй! А-ёй! – завойкала яна. – Што дзеецца на свеце!
Завальня глянуў на яе са здзіўленнем:
– Ну што там такое ў цябе?
– Жонка кавалёва прыйшла, Аўгіня; цуды расказала: успомніш – страх бярэ.
– Прасі яе сюды, няхай і нам раскажа. Цікава паслухаць, якія там цуды на свеце.
Заходзіць АўгінЯ. Была гэта жанчына рухавая, гаваркая і кума ўсёй ваколіцы.
– Пра якія ты там цуды апавядала пані Мальгрэце, што яна прыйшла сюды да нас, стогнучы ды войкаючы?
– Ах, паночку! Яшчэ якія цуды, страх успомніць. Сёння толькі гэта я згатавала есці і засланіла печ, як заходзіць у хату жабрак, белы, як голуб. Сеў ён на лаве, прамаўляе пацеры. Паставіла яму на стол міску капусты. Калі пад’еў, пытаюся:
– З якіх краёў паслаў Пан Бог дзядулю?
– З далёкіх, – адказвае.
– А што чуваць на свеце?
– Навіны надта непамысныя, – кажа. – У аднаго багатага чалавека пачаліся нечуваныя дзівосы. Сын, як толькі нарадзіўся, сеў і гучным голасам закрычаў: “Дайце есці!” Перапалохаліся ўсе, аднак жа адрэзалі яму паўбохана хлеба, а ён, вокамгненна з’еўшы гэта, ускочыў і да дзвярэй. Там стаяла поўная кадзь вады. Ускочыў у яе і схаваўся пад вадою. Усе кінуліся ратаваць, а выцягнулі адтуль рыбіну. Паклалі яе на стале і, гледзячы на яе, доўга стаялі задуманыя. Пабеглі да ксяндза. Той ураз прыехаў і калі перажагнаў гэтую рыбіну, дык яна зноў ператварылася ў немаўля. Ахрысцілі яго. Той сын расце цяпер, але заўсёды халодны, як рыба. Старыя людзі кажуць, што калі прасіў есці, дык не хлеба трэба было даваць яму, а камень, бо будзе неўраджай і голад. І дрэнна, калі ён вырасце халодны, як рыба; а барані Божа, калі яшчэ разумны будзе – шмат бяды наробіць.
– І ты верыш гэтаму? – спытаўся дзядзька. – То, пэўна, недзе адліваюць званы, а каб былі гучнейшыя, і разняслі такія цуды па свеце. Ці можа немаўля перакінуцца ў рыбіну і расці халоднае, як навец?
– Пане, ты кажаш – адліваюць званы; у нас у касцёлах усюды яшчэ званы цэлыя. Медныя так хутка, як гаршкі, не разбіваюцца.
– Янка, ці даеш ты веры? – загаварыў Завальня да мяне.
– Мне здаецца, дзядзечка, што такія фантазіі ствараюцца людзьмі ад смутку і заўсёдных пакутаў.
– Можа, і так. Раскажы нам, Аўгіня, што яшчэ чуваць.
– Варка Плаксуніха памерла.
– Вечны спакой. Гэта рэч не новая: людзі нараджаюцца і паміраюць.
– Але памерла па-хрысціянску. Паспавядалася і ўзяла прычасце. У Полацку, дзякуў Богу, яна перамянілася.
– Хіба гэта была вялікая грэшніца?
– О! Я ведаю ўсё. Як жыла яе маці, ды і яна (няхай ужо Пан Бог не памятае яе грахоў!) мела радзімы знак на вуснах, які шмат ёй шкодзіў.
– Ты мусіш ведаць пра гэта напэўна, бо з табою ўсе шчыра гавораць.
– Я ва ўсёй гэтай ваколіцы хрышчу дзяцей, тут усюды мае кумы, усе мяне любяць, кожная кабета радая са мною пагаманіць, дык я і ведаю ўсё: хто што робіць і як жыве. Маці Плаксуніхі была слаўнаю чараўніцаю. І няўжо пан пра гэта не ведае?
– Нічога не ведаю. Раскажы мне пра маці і дачку.
АПАВЯДАННЕ ПЯТАЕ.
РАДЗІМЫ ЗНАК НА ВУСНАХ
– Маці гэтае Варкі звалася Праксэда. Жыла яна ў карчме за рэчкаю Дрысай непадалёку ад краснапольскага маёнтка. Яе мужык быў аканомам у адным невялічкім панскім фальварачку. Жыла Праксэда няблага; хоць карчма яе не была пры гасцінцы і вельмі рэдка хто-небудзь туды наведваўся, аднак яна хутка сабрала грошы, не сумавала, часта спраўляла новыя сукенкі і заўсёды хадзіла ў прыгожых уборах.
Читать дальше