Сярод гэтае вясёлае забавы разбіўся без дай прычыны гаршчок, што стаяў высока на печы. Свісталі, нібыта нехта дзьмуў у рыльца, пустыя бутэлькі на стале, і ў кожным кутку што-небудзь падала на зямлю.
– Ад вашых скокаў уся карчма трасецца, – бурчала Праксэда, збіраючы на падлозе розныя драбніцы, якія пазляталі з шафы.
Тут знячэўку велізарны кот саскочыў з печы на дол. Убачылі гэта ўсе, пакінулі скакаць, а кот знік, быццам яго і не было.
Дудар Ахрэм перапыніў маўчанне:
– Не бойцеся, скачыце, гэта паніч жартуе. Ну, той, што бывае тут часта ў гасцях.
Праксэда гнеўна зірнула на Ахрэма, нешта шапнула на вуха лоўчаму і пайшла ў маленькі пакой, які быў адасоблены перагародкаю.
Не зважаючы на гэта, Ахрэм пачынае зноў граць і спяваць, але Міхась выбіў дуду з ягоных рук, кажучы:
– Праўдзівы дудар – губы тоўсты, а галава пустая.
Разгневаны дудар глянуў на яго з пагардай:
– А ты , – кажа, – праўдзівый панскій лакей: сам нізкій, лоб слізкій, нос плоскій – толька што тарэлкі лізаць .
Лоўчы хацеў даць яму поўху, але Ахрэм перахапіў руку. Умяшаліся іншыя госці ў гэтую зваду, адцягнулі Міхася, пераконваючы яго, што дудар, адурманены гарэлкаю, сказаў тое, пра што пасля, калі шал той выйдзе з галавы, будзе шкадаваць. Але Праксэда пагражала, што гэта яму проста так не пройдзе, заплаціць яшчэ за тое, што зняважыў дачку.
Дудару ўсе раілі маўчаць, бо доўга спрачацца небяспечна, і каб лепей ішоў дадому.
Паслухаў Ахрэм. Дуду пад паху, шапку ссунуў набакір, заспяваў песню і выйшаў за дзверы. Іншыя бавіліся там яшчэ доўга, стараючыся супакоіць Праксэдзін гнеў і Варчын смутак.
Апоўначы адзін за адным госці выходзілі з карчмы, і кожны чуў дарогаю, што ў густым лесе бесперастанку грае нехта на дудзе. Усе дзівіліся, не ведаючы, што гэта значыць: якім чынам і з кім Ахрэм трапіў у той дзікі гушчар. Ноч была ціхая і пагодлівая, голас дуды чуцён далёка, рэха адзывалася па ўсёй ваколіцы, у вёсках не змаўкаў сабачы брэх. Гаспадары выходзілі з хат, маракавалі: ці то лясун завабіў дудара ў тыя гушчары, ці то колькі п’яных гуляе, не памятаючы, што заўтра панядзелак і трэба рана ўставаць.
Калі на ўсходзе пачало світаць, начлежнікі, якія былі там з коньмі непадалёку, чуючы, што музыка ў лесе не спыняецца, вырашылі пайсці на голас дуды і пабачыць, што там дзеецца. Прыходзяць у цёмны яловы гушчар: сядзіць на спарахнелай калодзе Ахрэм, іграе на дудзе і не чуе, што прыйшлі людзі. Адзін начлежнік кладзе яму руку на плячо і кажа: “У імя Айца і Сына! Што з табою зрабілася, каму ты граеш усю ноч у гэтым лесе?” Ледзь сказаў ён гэта, дуда выпала ў Ахрэма з рук, і сам ён увесь здранцвеў, твар пачарнеў, слова вымавіць не можа.
Начлежнікі ўзялі яго пад рукі, вывелі з лесу і, пасадзіўшы на каня, завезлі дадому. Доўга дудар быў хворы, а пасля пра тое здарэнне так апавядаў:
“Калі выйшаў з карчмы і, спяваючы, вяртаўся дахаты, сустрэў мяне на дарозе нехта нібыта знаёмы, голасам і постаццю зусім падобны да кума; і так пачаў размову:
– Адкуль і куды ты ідзеш?
– Быў у Праксэдзінай карчме, а цяпер вяртаюся дадому.
– Так рана ідзеш дадому? Можа, табе там было сумна? І Варка табе ўжо не да сэрца? Пекная дзяўчына, а радзімы знак на вуснах больш ёй пасуе, чым жомчуг багатым паненкам.
– Ат, куме, пляцеш ты лухту, – сказаў я, – нейкі там паніч выдумаў, што радзімка прыгожая, дык і іншыя паўтараюць, але ўбачыш, што будзе пасля: яна вырасце і так ёй сапсуе твар, што ніхто потым і глянуць не захоча.
– Ай, куме, які ты дзіўны, адкуль ты ведаеш, што радзімка сапсуе твар?
– Сказаў бы табе, ды баюся. Лоўчы Міхась, што кахае яе, – шалёны чалавек, хацеў мяне біць за праўду, і Праксэда так наляцела, што мусіў уцякаць з карчмы.
– Якую ж ты ім праўду сказаў?
– Не кажы толькі, куме, нікому: сказаў я, што яе д’ябал пацалаваў.
– Ха-ха-ха! Дзівак!
Так размаўляючы, дайшлі мы да вёскі; у кумавай хаце гарыць святло і поўна гасцей; запрашаюць мяне зайсці, там шмат моладзі і прыгожа ўбраных дзяўчат – у косах шырокія стужкі размаітых колераў, на шнуроўках свецяцца срэбныя і залатыя гафткі; круглыя румяныя твары, чорныя бровы, агністыя вочы. Здзіўлена пазіраю на іх. Кум просіць мяне сесці на лаву, частуе гарэлкаю, дае на прыкуску блінцоў, Акружылі мяне дзяўчаты і, ласкава гледзячы ў вочы, просяць, каб які вясёлы танец ім зайграў. Адмовіць няма як. З імпэтам граю і прытупваю; кружыцца кола танцораў. Граў ноч навылёт, а мне здавалася – не больш за гадзіну. Але калі начлежнік паклаў мне руку на плячо і прамовіў “У імя Айца і Сына”, дык дом, кум і ўсе госці імгненна зніклі, і я ўбачыў, што сяджу на гнілой калодзе. Ад знямогі ды ад страху здранцвеў увесь”.
Читать дальше