Зразумеў Ахрэм, што ўчынілі над ім гэта з намовы лоўчага Міхася, а таму вырашыў адпомсціць. Знайшоў нейкага чалавека, хто ўмеў не менш за Праксэду, і ўпрасіў, каб сілаю сваіх чараў шкодзіў Міхасю на паляванні; і праўда, лоўчы з таго часу за колькі крокаў у дзікага звера ніколі не мог пацэліць, і за гэта кпілі з яго і ён ласку страціў у пана.
– І як жа, урэшце, скончылася тая іх узаемная нянавісць? – пытае Завальня.
– Вельмі дрэнна. Міхась – помслівы чалавек. Ішоў з палявання з пустой торбаю, спаткаў Ахрэма; пачалася між імі звада, і ён прастрэліў дудару правую нагу. Той ледзь не памёр ад гэтае раны.
Хутка пасля таго лоўчы захварэў, змарнеў зусім, счарнеў, як труп. У маёнтку доктар штодзённа даваў яму лекі, але гэта не памагло. Памёр. А людзі рознае гадалі пра тое. Адны казалі, што яго ў магілу звялі сухоты, другія апавядалі, нібы паднеслі яму нешта ў напоі. Няхай Бог рассудзіць на тым свеце.
– Гэх, – сказаў дзядзька, – паны не дбаюць, каб іх людзі былі пабожныя і жылі ў згодзе, як браты. Адкажуць яны перад Панам Богам! Як жа можна было дапусціць лоўчага і дудара да такое нянавісці і да лютае помсты? Ну, Аўгіня, кажы далей пра Варку.
– Той паніч, пра якога я гаварыла, што наязджаў у Праксэдзіну карчму, цяпер ужо не з’яўляўся, і не ведаюць, хто ён і адкуль. Іншыя ж, што хвалілі яе хараство, што захапляліся радзімым знакам на вуснах, зусім пакінулі хадзіць у карчму, баючыся варажнечы дудара з лоўчым. Радзімка праз колькі гадоў зрабілася такая вялікая, што ўжо псавала твар.
Суседзі гаманілі між сабою: цяпер, мусіць, Варка не выйдзе замуж, будзе перастаркам пры маці, хто яе возьме? Не такая прыгожая, як была калісьці, і слава кепская пра яе далёка разышлася па свеце. Пры самой Варцы, насміхаючыся з яе, паўтаралі: “Чакай, паненка, шляхціца, прыедзе ў шыкоўным экіпажы да цябе ў сваты”. Дзяўчына пасля такіх з’едлівых слоў заўсёды маркоцілася, а ўпотай плакала.
Аднойчы ўзімку полацкаму мешчаніну Якубу Плаксуну, багатаму чалавеку (можа, пан і ведае яго драўляны дом ля самае Палаты, дзе мураваны слуп са стодам святога Яна), што ездзіў па вёсках і скупляў лён, надарылася быць у тым краі, дзе жыла Праксэда, і на колькі дзён спыніцца ў яе ў карчме. Убачыў ён Варку і вельмі яе ўпадабаў. Пасватаўся да дзяўчыны і не адмовілі яму, бо чалавек ён малады, мае свой дом, душою добры і сам сабе гаспадар.
Плаксун, атрымаўшы згоду, едзе ў маёнтак, абвяшчае пра свой намер пану, аддае за Варку выкуп. Пан ахвотна згаджаецца, а чэлядзь, здзекліва паглядаючы на яго, так размаўляла між сабою: “Якое адпаведнае мае прозвішча. Ажэніцца – заплача горка і будзе тады сапраўдны Плаксун. Дзіўны чалавек: жэніцца з дачкою злое кабеты, а дзяўчына яшчэ з радзімым знакам на вуснах, які нічым не змыеш; ён і цяпер вельмі псуе яе”.
Хутка гэтая вестка ўжо грымела па ўсёй ваколіцы. Дзівячыся, апавядаў сусед суседу пра гэтую неспадзяванку; пайшлі розныя абгаворы і прыдумкі; але найчасцей меркавалі людзі так: Праксэда чарамі наважыла дачку ашчаслівіць, напэўна, паднесла мешчаніну зелля ў напоі ды запаліла ў ім такую прыхільнасць да гэтае дзяўчыны. Некаторыя, што зайздросцілі Варчынаму шчасцю, дрэнна гаварылі пра яе нарачонаму, прадказваючы вялікую бяду. Але ён так кахаў Варку, што нікому не хацеў даваць веры.
Прыехаў Плаксун у Полацак і, не адкладваючы свайго намеру, ідзе ў кляштар да езуітаў. Яго спавядаў ксёндз Буда, якога Плаксун найбольш шанаваў і з якім заўсёды раіўся.
– Як маешся, Якубе? – спытаўся ксёндз. – Даўно цябе не бачыў, пэўна, па гандлёвых клопатах ездзіў некуды?
– Узімку рыхтуемся да вясны, каб было чым нагружаць стругі, як Дзвіна вызваліцца ад лёду.
– То праўда, – прамовіў ксёндз Буда. – Дык, значыцца, закупіў ільну, бо ведаю, што найчасцей яго возіш у Рыгу. Не думаю, каб высокая была цана на гэты тавар. Чуў я ад ксяндза-пракуратара 116 116 Ксёндз-пракуратар – тут: асоба, які кіруе маёнткамі ордэна езуітаў.
, што ў Альбрыхтове і ў іншых нашых маёнтках у Полацкім павеце лён вырас вельмі добры.
– Дзякуй Богу. Мяркую, што ў гэтым годзе за такі тавар і плаціць будуць добра. Але от! Яшчэ мушу, ойча, паведаміць: шукаючы тавару, знайшоў і жонку.
Купіў і тое і другое.
– Віншую! Дык ты ўжо жанаты?
– Не, дабрадзею. Толькі заручаны. Яна прыгонная, і я заплаціў грошы, каб выкупіць яе. Вельмі падабаецца мне гэтая дзяўчына, спакойны і лагодны характар мае.
– Віншую, – кажа ксёндз. – Спакойны і лагодны характар – гэта добрая якасць. А што была прыгонная, дык гэта ні ёй, ні табе аніякае ганьбы не робіць. Не высокае нараджэнне павялічвае дабрачыннасць чалавечую, а сумленнае і цнатлівае жыццё.
Читать дальше