Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
УДК 821.162.1(476)-31
ББК 84(Беи-Пол)-44
Б26
Укладанне, пераклад з польскай мовы, пасляслоўе і каментарыі Міколы Хаўстовіча
ISBN 985-02-0786-8
Сярод беларускага люду захоўваюцца яшчэ і цяпер асобныя паданні даўніх часоў, якія, пераходзячы ад чалавека да чалавека, зрабіліся такія ж цьмяныя, як і міфалогія старажытных народаў. Жыхары гэтага краю, а менавіта Полацкага, Невельскага і Себежскага паветаў, спрадвеку пакутуючы, зусім змяніліся характарам; на іх тварах заўсёды адбіты нейкі смутак і змрочная задумлівасць. У іх фантазіях увесь час блукаюць нядобрыя духі, якія, аднак, служаць злым панам, чараўнікам і ўсім непрыяцелям простага люду.
Я нарадзіўся там і вырас, іх скаргі і журботныя апавяданні, як гоман дзікіх лясоў, навявалі на мяне заўсёды змрочныя думкі і з дзяцінства былі маёй адзінаю марай.
Асобныя з гэтых родных успамінаў я прыгадаў у баладах 1 1 У пяці томіках альманаха “Niezabudka” Я. Баршчэўскі надрукаваў наступныя балады: “Фантазія”, “Русалка-спакусніца”, “Дзявочая крыніца”, “Дзве бярозы”, “Роспач”, “Курганы”, “Прысяга”, “Партрэт”, “Зарослае возера”, “Рыбак”, “Ніна”.
; гэта быў мой самотны напеў. Балады былі пачаткам таго, пра што я меў намер сказаць падрабязней. Гэта ў чалавечай натуры – ад песні пераходзім да апавядання пра тое, што нас найбольш займае. Павінны выйсці адзін за адным шэсць 2 2 Выйшлі чатыры томікі. Відаць, напачатку Я. Баршчэўскі меркаваў уключыць у “Шляхціца Завальню” іншую колькасць раздзелаў, але з-за нейкіх (магчыма, фінансавых) прычынаў пазней давялося скараціць аб’ём; альбо гэтую ж колькасць раздзелаў планавалася раздзяліць на шэсць томікаў. Аднак няма падстаў гаварыць пра незавершанасць кнігі.
томікаў гэтых аповесцяў, якія малююць пераважна мясціны паўночнае Беларусі, бо гэты куток зямлі заўсёды выклікае ў мяне наймілейшы ўспамін.
Я не пераймаю формаў, якія ўжывалі пісьменнікі англійскія, нямецкія або французскія; лічу, што чужаземнае не будзе пасаваць негаваркому жыхару Беларусі. Узяў я форму з самое прыроды. Сірата штодзённа наракае на сваю нядолю, апавядае пра розныя пакуты, якія ён мусіў трываць на гэтым свеце, і яго скаргі на працягу ўсяго жыцця зліваюцца ў адну аповесць, хоць ён і не думаў сёння пра тое, што будзе апавядаць заўтра.
Ян Баршчэўскі
Пецярбург,
1844, 8 верасня 3 3 Цікава, што гэтую ж дату Рамуальд Падбярэскі паставіў пад уступным артыкулам да кнігі Я. Баршчэўскага, а цэнзар Ігнат Іваноўскі 9 верасня 1844 г. падпісаў у друк першы томік “Шляхціца Завальні”.
Той, хто падарожнічае з поўначы ў бок Беларусі, бачыць перад сабою велізарныя вёскі накшталт мястэчак, белыя мураваныя цэрквы і камяніцы двароў 4 4 Гэтак тамтэйшы люд называе мураваныя дамы маёнткаў. (Тут i далей заўвагi Я. Баршчэўскага).
, шырокія засеяныя палі, сям-там невялічкія хваёвы пушчы або бярозавыя гаі, чуе няраз працяглы і гучны спеў селяніна, які далёка, наколькі сягае вока, разносіцца па палях або пералятае горы і даліны з мелодыяй пастухоўскага ражка. У нядзелю, калі сонца набліжаецца да захаду, сустракае ён вясковых дзяўчат у святочных паркалёвых, а часам і ў ядвабных сарафанах у атачэнні юнакоў-залётнікаў; водзяць яны карагоды, спяваючы народныя песні, а старыя, седзячы на прызбах, разважаюць пра мінулыя і сённяшнія часы…
Аднак калі ён набліжаецца да межаў Себежскага і Невельскага паветаў, то бачыць перад сабою разлеглыя цёмныя пушчы, якія, быццам хмары, навісаюць на даляглядзе, паміж лясоў – саламяныя стрэхі бедных жыхароў; дзе-нідзе позірк сустракае вытырклы паміж хвоямі жалезны крыж пакрытае мохам каплічкі, перад дзвярыма якой на двух хваёвых слупах вісяць або два, або тры званы; па ваколіцах раскіданы магільныя крыжы і камяні. Рэдка натрапіш там на прыстойна збудаваны панскі дом; няшмат і касцёлаў такіх, дзе можна было б бачыць густ архітэктара або выдаткі багатага фундатара; і гэты выгляд зямлі, змрочны і дзікі, пачынаючыся ад ракі Ловаць, распасціраецца да берагоў Дзвіны, дзе канчаюцца Палата і Дрыса.
На ўсім гэтым абшары вузкія камяністыя дарогі, пераразаючы гарыстыя мясціны і мінаючы дзікія берагі азёраў, хаваюцца ў пушчах. У бедных вёсках у святочныя і будзённыя дні заўсёды пануе нейкая панурая цішыня; рэдка адгукнецца песня жняца або ратая, і па гэтым спеве можна лёгка зразумець яго заклапочаныя думкі, бо няўрод часта ашуквае тут надзеі працавітага земляроба…
Читать дальше