– Няма такое патрэбы.
Заклапочаны рыбак пачухаў патыліцу і пайшоў павольна да вёскі. Аб’яўляе сваім таварышам панскую волю; сабраўшыся ў гурт, доўга гаманілі пра гэта, баючыся, каб не прычынілася якога няшчасця. Але трэба панскую волю выканаць. Наступнага дня прыехалі рабакі на Глухое возера і спыніліся пасярод невялікае круглае галявіны. Вакол – цёмны лес, густыя яліны і хвоі хіліліся пад цяжарам снегу, і здавалася, што белыя муры акружаюць гэтую мясціну. Тут улетку аніколі вецер не ўздымаў хваляў, а зімою – не кружыў снегу. Дзень быў хмурны, вакол панавала цішыня, рыбакі знялі шапкі, прачыталі пацеры, назначылі месца, дзе прабіваць палонку, і пачалі сваю працу.
Кінулі нерат і, ужо цягнучы яго, пачулі шоргат пад лёдам, сыканне і нейкі дзікі піск, нібыта там тысячы гадаў грызліся між сабою. Агарнулі рыбакоў трывога і страх, мурашкі па целе пабеглі. Аднак, трымаючыся разам, не выпусцілі з рук нерат, цягнуць, надаючы адзін аднаму адвагі ды мяркуючы, што трапілася сціжма ўюноў. А як выцягнулі з вады ўвесь нерат – страх успомніць! – поўная сець маленькіх д’яблікаў. Крый Божа такіх і ў сне бачыць! Былі там нячысцікі накшталт ракаў з чорнаю поўсцю, іншыя – як павукі, кожны з ката, іншыя падобныя да шчанюкоў, з нагамі незвычайнае даўжыні. Нельга апісаць усё гэтае страхоцце. Пацукі, яшчаркі, кажаны, краты поўзалі па лёдзе, качаліся па снезе з жахлівымі крыкамі, сыканнем і піскам. Даўмеліся рыбакі, што натрапілі на д’яблава кубло. Не маючы сілы глядзець на страшыдлаў, кінулі нерат, а самі ўцяклі.
– А ці лавілі асташы калі-небудзь у тым возеры?
– І прадзеды не памяталі, каб хто-небудзь рыбаліў там.
– Дык хто ж навёў туды злых духаў?
– Пан ведае арганіста, з Расонаў, добры і разумны чалавек, дык ён часта апавядаў пра дзіўныя рэчы са святых ксёнжак – як некалі Бог стварыў гэты свет. Аднаго разу ў кірмашовы дзень запрасіў ён нас да сябе, сеў з намі за стол. Выпілі мы па кілішку гарэлкі, і ў размове пра сёе ды тое прамовіў нам гэтыя праўдзівыя словы, і я іх давеку не забуду. Сказаў ён так: “Вялікі грэх Адама, што паслухаў Еву, пакаштаваў яблык з забароненага дрэва. За гэта Бог пракляў зямлю. Але яшчэ большы грэх Каіна, які забіў свайго брата”. О! Як шмат намножылася каінаў, што забіваюць сваіх братоў. У тых дзікіх лясах ля Глухога возера было шмат злачынцаў. Іх туды сабраў пан з розных канцоў свету. Кажуць, што былі там людзі і з такіх краёў, дзе нібыта ездзяць не на конях, а на сабаках, і не мелі яны ў сэрцы ні веры, ні Бога, ані любові да бліжняга. Доўга хаваліся яны каля гэтага возера, а таму і д’ябал там пасяліўся.
– Але і пан З. быў чалавек нягодны, памыляўся, дзівак, праз сваю неадукаванасць. Аднак паны адкажуць перад Богам, бо не маюць веры; трэба было папрасіць ксяндза пасвянціць нерат і ваду ў возеры, дык не было б таго страху і праца не пайшла б намарна.
– Вучаць нас ксяндзы і добрыя людзі, але іх словы як гарох ад сцяны адскокваюць, а таму і Бог не бласлаўляе, і жыць усё горай і горай.
– А ў нашым возеры Нешчарда, – я перапыняю рыбака, – ці жывуць злыя духі, ці трапляўся які-небудзь табе?
– Што ты, паніч, кажаш? Няхай Бог ад такога ратуе. Я заўсёды, выходзячы з дому і перад тым, як нерат закінуць, перажагнаюся і кажу пацеры. Так нас вучылі езуіты. А да таго ж на нашым возеры, хоць сям-там і лавілі асташы і, хаўрусуючы са злым духам, шмат вынішчылі рыбы, але д’ябал усюды не можа панаваць, – на берагах Нешчарды некалькі касцёлаў. Вясною ў ціхае надвор’е на досвітку няраз даводзілася закідаць мне нерат, дык бачыў, як касцёлы і крыжы паўсюль люстраваліся ў вадзе; а калі ў святы дзень зазвоняць на імшу, дык галасы званоў чуюцца над усім возерам, люд, што плыве ў чаўнах, жагнаецца і прамаўляе пацеры. У нас яшчэ, дзякуй Богу, шануюць святую веру, а д’ябал ад крыжа і малітвы ўцякае.
– Гэта праўда, – сказаў дзядзька. – Нашыя сяляне вельмі розняцца з іншымі. Я няраз, едучы ў Полацак, спыняў коні і слухаў, як кабеты і мужчыны, працуючы ў полі, пяюць:
О! Спасіцелю наш Пане,
Едынэ сэрца кохане,
Ручкі, очкі ў неба ўзносім,
Одпушчэння грахоў просім 115 115 Страфа з беларускамоўнага уніяцкага гімна “О мой Божа, веру Табе”.
.
Шчырасць такая расчуліць да слёз чалавека; але ах! Ці доўга гэта будзе трымацца? Зло ўсё шырэй распаўзаецца, і людзі, якія ведаюць, што дзеецца ў свеце, не прадказваюць добрага.
Родзька ўздыхнуў, глянуў у вакно, узяў шапку і мех, у якім прыносіў рыбу.
– Спяшаешся дадому, аднак яшчэ не позна, – сказаў Завальня.
Читать дальше