Раскажу пану пра дзіва, якое бачылі на возеры Расоны, гэта не вельмі далёка ад нашае Нешчарды, як вядома пану, не больш за трыццаць вёрст. Дык вось, расказаў мне пра гэта адзін з тамтэйшых жыхароў, таксама падданы езуітаў.
Калісьці вясною вярталіся сяляне з прыгону, сонца яшчэ не села, але перад нядзеляю аканом адпусціў іх дахаты раней, чым зазвычай. Вечар быў ціхі, неба яснае, на высокіх бярозах сумна кукавалі зязюлі, у небе спявалі жаваранкі, цёхкалі салаўі ў кустоўі. Маладыя, едучы конна, гаварылі пра свае прыгоды, а старыя – пра гаспадарку. І тут нечакана пачулі музыку: нехта за лесам граў на дудзе і спяваў так гучна, што па ўсёй ваколіцы неслася рэха, а песню гэтую ўсе яны ведалі.
Паціраў я дуду, іх-вох,
На паповым лугу, іх-вох,
А ня дудка была, іх-вох,
Вісялуха была, іх-вох,
Вісяліла мяне, іх-вох,
На чужой старане, іх-вох.
Мінулі лес, падыходзяць да возера Расоны. Вада ціхая і чыстая, як крышталь, такая, што ўсе дрэвы відаць на ёй нібыта намаляваныя. Але – цуд нечуваны – на спакойнай вадзе д’ябал, чорны, як вугаль, рукі надта доўгія, галава велізарная, сядзіць на самай сярэдзіне возера, падкурчыўшы ногі, грае на дудзе і спявае страшэнным голасам; спалохаліся ўсе, мовячы пацеры, берагам заспяшаліся дамоў; сонца ўжо схавалася, а яны яшчэ доўгі час чулі за сабою голас дуды і страшны спеў шатанаў.
І ў нас па-суседску, ля вёскі Галубова, пан часта бачыць невялічкую, акружаную з усіх бакоў дрыгвою, азярынку; да яе шмат смелых людзей хацелі падысці ўлетку: ідзе, як па разасланым палатне, і знікае раптам у прорве, што хаваецца пад імшыстай абалонкаю. Са шкадаваннем пазірае здалёк на гэтую мясціну паляўнічы; чуе, як крычыць качыная сціжма, а падысці туды немагчыма. Пра тую азярынку між людзей такое ходзіць паданне.
Калісьці гэта было велізарнае і рыбнае возера. Непадалёку на пагорку стаяла вёска з карчмою ля дарогі. Кожную зіму ў возеры лавілі рыбу асташы. Здарылася так, што аднаго году ўладальнік таго маёнтка адмовіў ім і дазволіў лавіць сваім сялянам; нашы рыбакі, працуючы колькі дзён, толькі дарэмна час трацілі, бо кожны раз знаходзілі ў нераце толькі па некалькі рыбак. Параіліся і вырашылі: у самую поўнач закінуць невад, а можа, пераменіцца ўсё на лепшае.
Было гэта на Каляды, калі сяляне – жыхары блізкіх ваколіц – сабраліся ў карчму на ігрышча, бо ў нашых краях гэтыя забавы адбываліся даўней, у шчаслівейшыя часы, як я яшчэ памятаю, штовечар аж да свята Трох каралёў 112 112 6 студзеня.
.
Дык вось, калі была ўжо самая поўнач, неба зацягнула хмарамі і вецер павяваў з поля, у карчме грала музыка, моладзь спявала ды скакала, а старыя пры кілішку за сталом апавядалі пра розныя здарэнні: каму што ўспаміналася. Тут заходзіць рыбак, увесь зацярушаны снегам, а крыссё і рукавы зусім уледзянелі.
– Браточкі, кідайма скокі і спевы, – кажа, – гайда на возера, гэтулькі ляшчоў трапіла ў невад, што выцягнуць не дамо рады. Усім, як дапаможаце, аддзячым.
Ледзь ён гэта сказаў, як нехта на печы ў цёмным кутку заенчыў вусцішным голасам:
– Ах! Ах! Як шкада!
І тут страшная пачвара вылецела за дзверы; спалохаліся ўсе бяседнікі; адны, молячыся, пайшлі купкамі ў адну дарогу па хатах, іншыя ж з рыбаком выправіліся хутка на возера. Але прыйшлі позна, бо шатан ужо зрабіў сваё; выцягнулі невад, як нажом парэзаны, а рыбы – ані кату.
Стаяць задумаўшыся: усё зразумела. У гэтую хвіліну нехта кажа:
– Не выйграе злы дух. Паслухайце мяне. Заўтра, адрапаруем як след сеці, папросім ксяндза, каб пасвянціў ваду і невад, а паслязаўтра з Божай дапамогаю закінем у тонь, і д’яблу не ўдасца вычварыць такую штуку, як сёння.
Недалёка ад гэтага возера, на пагорку, стаяла пад саламянаю страхою рыбакова хата; уначы, калі ўся сям’я яго спала, рабіў рыбак нерат і, шчыруючы, думаў пра жахлівае здарэнне на возеры.
Блізка ад яго хаціны шумеў лес, за сцяною выў вецер, а хутка лютая бура намяла вакол хаты высокія гурбы і вокны пазасыпала снегам. Чорны сабака, што ляжаў ля гаспадаровых ног, гырчаў, нібыта бачыў перад сабою злога духа, і рыбака апанавала нейкая няўцямная трывога. Чуе: нехта стукае ў вакно і крычыць:
– Сусед! Сусед! Злітуйся! Дай мне свой вазок, бяда ў маёй хаце, мушу дзяцей сваіх завезці недалёка, толькі да сватавае хаты.
– У такую буру, – сказаў рыбак, – калі і сабаку шкада за дзверы выгнаць, ты хочаш кудысьці з дзецьмі ехаць? Заходзь у хату, пагрэйся, пераначуй, заўтра гэта ўсё зробіш.
– Не магу я на заўтра адкласці, бура мне не страшная. Толькі ты злітуйся, не адмаўляй. Вярну твой вазок да ўзыходу сонца і аддзячу як змагу.
Читать дальше