– Ну, то бяры, калі ўжо такая пільная патрэба.
Адчыніў рыбак вакно, глянуў на панадворак, але ўжо не ўбачыў ані суседа, ані вазка, толькі вецер, гудучы, разносіў снежную замець. Здзівіўся, што той так хутка запрог каня і знік з вачэй.
Седзячы на лаве, нейкі час думаў, якое няшчасце прычынілася ў суседа, што ён у самую поўнач і ў такую лютую буру мусіў выехаць са сваімі дзецьмі, і дзівіўся, што той хутчэй з’ехаў з вазком, чым ён паспеў адчыніць вакно. Так разважаючы, патушыў агонь, лёг на лаве і заснуў.
Кароткі быў сон у рыбака, бо яму і ў сне мроілася, што бачыць багаты ўлоў, які ў міг вока знікае з парванага нерата ў глыбіні возера. Усхапіўшыся з лавы, разбудзіў жонку, загадаў пагрэць яму сняданак, каб хутчэй выправіцца да сваіх таварышаў, а разам з імі – на возера.
Выходзіць на панадворак, бычыць свой вазок, увесь уледзянелы, а ўсярэдзіне ляжыць велізарны лешч; глядзіць уражаны рыбак і не разумее: што за праява? Кліча жонку, сямейнікаў і апавядае ім, як апоўначы сусед выпрасіў гэты вазок, каб перавезці ў ім дзяцей да свата. Дзівіліся ўсе, але ніхто не разгадаў таямніцы.
Як узышло сонца, сабраліся ўсе рыбакі, прыехаў ксёндз-плябан 113 113 Старшы ксёндз у парафіі. Тое самае, што і пробашч, парох.
, пакрапіў свянцонаю вадою нерат і возера. Сабраліся цікаўныя з блізкіх вёсак, усе чакалі, што з гэтага будзе. Занялі велізарную прастору пад лёдам, цягнуць нерат, і ўжо ўся сець наверсе, ды ніводнае рыбіны няма. Стаяць усе разгублена і маўчаць. І тут адзін рыбак з гэтага гурту расказаў, як нячысцік падмануў яго і пазычаў вазок, на якім, працуючы ўсю ноч, пэўна, перавёз усю рыбу ў нейкае іншае месца. Дык рыбакі забралі невад і разышліся па сваіх хатах.
З таго часу ніводзін рыбак не закідаў сеці на гэтым возеры. Знядбанае людзьмі, зарасло яно ўсё багавіннем, пакрылася навекі зялёным імхом, і толькі свеціцца здалёк невялічкае вадзяное вакенца.
– А ці не чуў ты чаго-небудзь, – кажа Завальня, – пра Глухое возера 114 114 Беларускія паданні пра гэтае возера выкарыстаў Аляксандр Гроза ў паэме “Глухое возера”.
, акружанае з усіх бакоў цёмным лесам, яно непадалёку ад тае рэчкі, што выцякае з Нешчарды і ўліваецца ў Дрысу? Кажуць, нават у самае добрае надвор’е ў тым возеры ніколі не бачаць ані сонца, ані воблакаў на небе, ані зорак, ані месяца. Там заўсёды вада каламутная, а ноччу можна пабачыць страшныя відмы. Расказваў мне адзін паляўнічы, што, палюючы на глушцоў, там заначаваў. Нібыта бачыў, як соўгаліся па берагах нейкія пачвары, бамбэлькі водныя ператвараліся ў доўгія постаці, накшталт велізарных стрэлак, і на вогненных крылах лёталі над вадою, а калі заспяваў певень у далёкай вёсцы, дык усе дзівы сталі туманам.
– О! Добра ведаю гэтае возера, – сказаў Родзька, – і чуў я пра яго дзівосы, там і цяпер вусцішна; кабеты, часам збіраючы гуртам блізка ля тых берагоў грыбы ці ягады, стараюцца як найраней вяртацца дахаты, каб не спаткаў іх вечар у лесе, бо пасля захаду сонца смяецца там і енчыць нейкае страхоцце.
Раскажу пану дзівы нечуваныя, але было гэта на свеце.
Недалёка адсюль, на заходнім беразе Нешчарды, на ўзлобку, дзе і цяпер яшчэ стаіць маёнтак, жыў даўней пан З., вельмі багаты: усе гэтыя дзікія бары, аж да самых берагоў Дрысы, былі ягоныя. Тое Глухое возера ў цёмных лясах пачало ўжо зарастаць, ніколі там лодка не плавала, аніводзін рыбак не асмеліўся закінуць там сеці.
Узімку пану З. заманулася на тым возеры паспрабаваць шчасця, а таму загадаў паклікаць старэйшага рыбака і кажа яму:
– Заўтра збірай людзей, прывозьце нерат на Глухое возера і закідвайце там.
Ад пракаветных часоў там ніколі не лавілі, дык, мусіць, шмат будзе рознае рыбы.
– Нельга, – сказаў рыбак. – Хоць я ніколі і не лавіў там, але чуў, што ў многіх мясцінах ляжаць на дне таго возера карчы, дык вельмі лёгка можна папсаваць увесь нерат.
– Адкуль тыя карчы, калі там ніколі лесу не было? Заўтра, не верачы гэтай небывальшчыне, закінеш нерат.
– То няхай пан перш загадае папрасіць ксяндза, – гаворыць рыбак, – каб пасвянціў нерат і возера, бо, прынамсі, – святая праўда! – нячысцік там ужо даўно пасяліўся.
– Ды хіба ты яго калі бачыў, што пляцеш абы што?
– Пане, запытайся ў людзей – кожны ведае, якія там бываюць дзівы ўначы: страшыдлы снуюць па беразе, чуваць з-пад вады енк і смех, пасля захаду сонца адтуль самы смелы чалавек уцякае.
– І слухаць не хачу вашыя забабоны дурныя. Заўтра, што б там ні было, лавіце рыбу.
– Не пасвянціўшы ваду? – пытае рыбак.
Читать дальше