Чым далей я чытала паперы, тым менш сімпатыі выклікаў у мяне князь Адольф. Ён паліваў жонку брудам. І кахалася яна да вяселля з мясцовым доктарам, чалавекам «нядобранадзейным», і кепска выхоўвала сына, і не дбала аб гаспадарцы, і чытала не тыя кніжкі, і ездзіла без дазволу мужа ў вандроўкі… Чым скончылася судовая справа, з папер я не даведалася. Быў яшчэ ліст пана Вяржбіцкага, бацькі княгіні Палецкай, з папрокамі на адрас няўдзячнай дачкі, перасыпаны памылкамі і выразамі «клянуся крыжом твайго дзеда», «хай цябе ратуе ад граху крыж твайго дзеда». На канверце значыўся адрас наўеўскай паненкі Анэлі Дубоўскай з пазнакай: — «для перадачы Даратэі Палецкай». Гэта было ўсё, калі не лічыць паловы аркуша, выдранага з нейкага прыватнага ліста. Магчыма, ліста княгіні Палецкай да сяброўкі, таму што там згадваўся «бессардэчны чалавек, які не дае разводу толькі з-за жадання памучыць», а таксама «бедны хлопчык», якога маці не можа забраць дадому без згоды бацькі. Аркуш абрываўся на загадкавай фразе: «Талісман, што прыносіць нашаму роду адны няшчасці, хаця ты і раіла мне яго прадаць і скарыстаць грошы для паляпшэння майго бядотнага становішча, я нарэшце наважылася аддаць спачылым. Ім ён не прынясе таго зла, якое прыносіў нам».
Бедная княгіня… Мусіць, у яе сапраўды быў раман з мясцовым «нядобранадзейным» доктарам. Уяўленне паслужліва намалявала сцэну таемнага спаткання пад старым дубам, няўдалае выкраданне нявесты, дуэльныя пісталеты ды іншае сентыментальна-рамантычнае шалупінне. Тут жа па асацыяцыі я ўспомніла карціну, якую бачыла ў цудкоўскім музеі, «Шлюб пад прымусам». Цікава, магчыма, гэтая карціна мела рэальны прататып?
Пра ўсё гэта я думала ўвечары на мансардзе драўлянага дома, які належаў новаму дырэктару Наўеўскай школы Анатолю Андрэевічу. Менавіта тут мяне пасяліла начальства. Вядома, «умовы» знаходзіліся на двары, унізе шумна гулялі дырэктаравы дзеткі, ва унісон гулі тэлевізар і радыё… А гаспадыня з чыста беларускай гасціннасцю кожныя пятнаццаць хвілін «забягалася», каб удакладніць, ці не трэба мне чаго, ці буду я есці яешню са шкваркамі, ці лепш дастаць для мяне з каморы алею. За бяскрыўднымі гаспадарчымі пытаннямі праглядалася цалкам зразумелае жаданне бліжэйшага знаёмства. Але гэта ўсё-ткі быў асобны пакойчык, з акна якога бачыўся сярод заснежанага поля далёкі будынак былой школы. Я задуменна глядзела на цьмяны агеньчык у акне першага паверха, дзе, відаць, атабарыўся ваўкаваты Вінцук, і спрабавала ўявіць рэаліі местачковага жыцця стогадовай даўніны. Вось да ганка з калонамі пад'язджае экіпаж, падбягаюць слугі, з экіпажа грацыёзна выходзіць захутаная ў футра жанчына…
Тут мае мары перарваліся, таму што да панскага дома сапраўды пад'язджаў экіпаж, праўда, сучасны. Святло фараў выхапіла з цемры ўхутаныя ў прывідную шэрань постаці дрэў — ганаровую варту зачараванага замка… Хто і навошта ў такі час прыехаў у музей? Відаць, меў рацыю Альберт, калі казаў: — «Парасцягваюць…» Мільганула разумная думка: «Ну якая мая справа…»
…І я хуценька збегла ўніз. Не ведаю, якімі эпітэтамі ў думках узнагароджваў мяне гаспадар, дабрадушны аматар рыбалкі і Чэхава, але ўсё-ткі апрануўся і пайшоў са мною да былой школы.
Каля княскай рэзідэнцыі пабліскваў лакіраванымі бакамі шыкоўны джып. Мне падалося, што ў машыне сядзіць нехта ў серабрыстым футры. Праз адчыненыя дзверы школы чуліся галасы, дакладней, адзін злосны голас, і грукат. Я кінулася туды. Мой гаспадар сунуўся за мною, хоць я амаль фізічна адчувала ягоную неахвоту лезці не ў сваю справу. Сярод вестыбюля ўзвышаўся знаёмы бамбіза са світы шэравокай «прынцэсы». Ён, відаць, «крута» размаўляў з вартаўніком па тым жа пытанні, што і днём, таму што Вінцук, у раздзёртай на плячы сіняй кашулі, спрабаваў узняцца з падлогі, дзе, пэўна ж, апынуўся не па ўласным жаданні.
Пры нашым з'яўленні бамбіза неахвотна выціснуў усмешку:
— Трэба ж, зноў сустрэліся… А мы сюды па сумачку Веры Сцяпанаўны заехалі. Шукалі вось… Ну, добра, я пайшоў. Да сустрэчы, барадаты…
Мы не спрабавалі яго затрымаць. Аўтамабіль ад'ехаў. Дырэктар вылаяў гарадскіх бандзюг і пачаў нудна выгаворваць Вінцуку наконт дысцыпліны, відаць, спаганяючы злосць, што меў на мяне. Вінцук, не слухаючы начальніка, прамовіў мне абыякавае «дзякуй»і зноў зацяўся, як камень.
— Можа, у міліцыю паведаміць? Ці медыцынская дапамога вам патрэбна?
Вартаўнік моўчкі пахітаў галавой, а Андрэевіч ад маіх слоў усхваляваўся. Навошта шум падымаць? Вартаўнік сам вінаваты: пусціў чужых на аб'ект аховы.
Читать дальше