Відавочна, ён чымсьці выдаў сябе, бо Сташэўскі раптам уважліва да яго прыгледзеўся, паказаў пальцам на дынамік, адкуль усё неслася хрыплае гучанне двух слоў, і кіўнуў. Значыцца, і ён думаў пра тое ж. За тры гады сумеснай работы яны навучыліся разумець адзін аднаго без слоў.
У нейкі момонт, што не запомніўся сваёй ардынарнасцю, Грэхаў звыкла адзначыў сабе з'яўленне на гаразонце размытай чорнай гары, падумаўшы пры гэтым каб не давялося яе аб'язджаць. Потым цьмяны неспакой прымусіў яго прыгледзецца да гэтай гары пільней, і, унутрана халадзеючы, ён зразумеў, што перад імі Горад, той самы загадкавы Горад, каля якога павінен быў размяшчацца карабель. Не паспеў ён так падумаць, як Малчанаў раптам сарваўся з месца і штосьці здушана выгукнуў. Танк уз'ехаў на вяршыню доўгага адхону, і прыкладна за пяць-шэсць кіламетраў ад Горада яны ўбачылі карабель. Відаць ён быў кепска, быццам скрозь бруі вады, аднатонна шэры, падобны на тоўсты аловак, пастаўлены тарчма, і вельмі ўжо доўгім здаваўся ён адсюль. І тут Сташэўскі сказаў нягучна:
— Ды ён жа вісіць...
І тады Грэхаў зразумеў, у чым несамавітасць карціны. Карабель сапраўды вісеў у паветры, не апускаючыся і не ўзнімаючыся, вісеў абсалютна спакойны і ў гэтым спакоі чужы. Можа, яны стартавалі, убачылі іх і чакаюць? Але навошта марнаваць энергію на вісенне? Спакойней і разумней было б дачакацца «седзячы»... Што ж гэта тады? Карабель вісіць з той пары, як яны яго ўбачылі, і ніякай рэакцыі. Не можа ж ён вісець так доўга дзеля задавальнення...
Але вось яны пад'ехалі бліжэй да мяжы яснай бачнасці пыльнай атмасферы Тартара, і стаўся прыкметны нейкі рух вакол трансгала, як быццам празрыстае полымя мігцела і струменілася вакол яго... Грэхаву дужа захацелася спыніцца, асабліва пасля таго, як над «алоўкам» карабля ён убачыў некалькі вялікіх «павуцін», што выгнуліся купалам над ім. А яшчэ каля дзесятка «павуцін» утварылі штосьці накшталт крацістай сцяны паміж блізкім Горадам і караблём. Зноў «павуціны»...
Сташэўскі, відаць, таксама нешта адчуў, ён паглядзеў на вадзіцеля неяк дзіўна, скоса, і Грэхаў спачатку запаволіў ход, а потым зусім спыніў машыну. Мясцовасць перад імі паніжалася, і пакат гэты цягнуўся да самага трансгала, што вісеў над дном конусападобнай нізіны на вышыні шасцідзесяці метраў. Трохі злева адтуль, дзе спыніўся танк, Грэхаў заўважыў грыбападобны выступ чорнай пароды: памерамі той не саступаў «Мастыфу», затрымаў на ім позірк, падазроны ён ямў здаўся, потым убачыў яшчэ некалькі такіх жа «грыбоў», што ланцужком адступалі ў каламуць атмасферы.
— Ты чаго? — спытаўся Дыега Вірт, паварочваючыся да яго. Малчанаў ні пра што не пытаўся але і ён захваляваўся, калі мінула некалькі хвілін чакання, а нічога не змянілася. «Чакаю яшчэ хвілін пяць», — вырашыў Грэхаў, і ў гэты момант з чорнага «грыба» з такім гукам, з якім вылятае з пляшкі шампанскага корак, шугануў да зямнога зоркалёта, што лунаў паблізу яго, гіганцкі язык найяскравага смарагдавага агню: пок!
Толькі дзякуючы фільтрам колерабачання яны не аслеплі. Факел агню за секунду выцягнуўся да корпуса карабля, як бы абцёк яго, не кранаючыся самога корпуса, утварыўшы вогненны кокан, і тут жа ўцягнуўся назад пад «грыб». Затое ўспыхнуў яго сусед, такі ж «грыб», што і першы, выкінуў язык агню, потым наступны, і пайшло: пок! пок! пок! — па перыметры вакол карабля. Агонь быў халодны, вонкавы тэрмавымяральнік нават не спрацаваў, затое пад час кожнай успышкі скрыўляўся гарызонт, скрыўляліся ўсе мясцовыя прадметы, скрыўлялася кабіна танка, і па нервах біла хваравіта і моцна, быццам электраразрадамі. Уласна кажучы, і прыборы адзначылі іанізацыю паветра звонку, такую, што не бывае нават у эпіцэнтры магутнай навальніцы.
Языкі зялёнага агню абеглі па коле вакол карабля і зніклі, але ў вачах яшчэ доўга скакалі цёмныя плямы.
Усё адбылося так хутка, што Грэхаў не паспеў зрагаваць і вывесці машыну з небяспечнай зоны, ды і наўрад ці гэта дапамагло б. Скрыўляць прастору ўмеюць і людзі, дастаткова ўключыць генератары форм або дэфарматар, але тады спрацавала б сілавое поле, спрацавала вельмі лёгка, можна сказаць, нават элегантна, без адчувальнага змянення мас і палёў...
— Падобна на тое, што ўначы мы бачылі менавіта гэткія ўспышкі, — меланхалічна заўважыў Малчанаў. — Я не ведаю, што гэта такое. Інфармблок танка ўключаны?
— Вядома.
— Прабіла абарону? — пацікавіўся Дыега Вірт.
— Нельга сказаць, каб прабіла... — туманна адказаў Грэхаў.
Читать дальше