— Дык якога ж ты, Крумкач, чорта пішаш нейкія там запіскі? Завёў сшытак, тоішся, і я даведваюся пра гэта толькі цяпер!
Тут Старажытны Крумкач усміхнуўся, паглядзеў проста ў гордыя вочы ўладара і прамовіў:
— Я гатоў. І хачу пазбавіць Вашу Недаступнасць ад лішніх пытанняў. Але гаварыць буду толькі з вока на вока.
— Сокал, выйдзі! — пачулася неадкладнае распараджэнне.
І потым Старажытны Крумкач сказаў сваё слова, якое мы прыводзім дакладна, як расказваецца ў «Запісках» Пасвячонага.
«— Арол! Ты магутная і вольная птушка. І я табе служу, як служыў твайму папярэдніку, якога ты перамог у лютым баі. Але служыў я і папярэдніку твайго папярэдніка, і яшчэ раней, і нават тады, калі ты не быў не толькі Магутным Арлом, але і Грозным Мядзведзем, але і Змрочнай Пантэрай, але і Белай Рыбай, а быў звычайнай Маленькай Дафніяй з пароды карычневых, што мірна жылі каля старога пня сярод гнілога балота. Крумкачы, як бачыш, доўга жывуць, таму шмат і ведаюць. Ты быў радавой дафніяй і адрозніваўся ад астатніх хіба што выдатным здароўем ды ўпартым норавам. Але цябе загубіла славалюбства. Яно напаіла ядам тваю гордасць, гордасць кінула цябе ў вір крыўды, крыўда выгадавала помсту, помста спарадзіла зайздрасць, а тая — прагу ўлады. Ці памятаеш ты, Арол, што табе, паміраючы, расказала Старая Дафнія? Яна перасцерагала цябе. Але зерні мудрасці ўпалі на бясплодную глебу — памылілася старая. У тваім уладанні апынуўся Плацінавы Абруч — ды ці разумееш ты, якая рэдкая доля табе выпала?! Бо твой Абруч — ключ да Праўды. А ты з яго зрабіў цацку. Ты пакінуў сваіх сародзічаў і здрадзіў ім. З помсты ты наслаў на іх Чорнага Жука, ад продка якога іх выратавала Старая Дафнія, якая даверылася табе. І табе мала здалося аднаго, дык ты напусціў і другога. І цяпер няма больш дафній каля старога пня, Ваша Недаступнасць, ніводнай не засталося. Чорныя Жукі зрабілі сваю справу. Яны самі загінулі: нечым было жывіцца і, раз'юшаныя і галодныя, яны накінуліся адзін на аднаго і забілі самі сябе. Пачварныя іх шкілеты ляжаць на дне сажалкі, на тым самым месцы, дзе ляжаў Плацінавы Абруч. І зарастае мясціна карычневых дафній розным пустазеллем. Цябе ж, Арол, прага ўлады пацягнула ўсё вышэй і вышэй і ўсё далей ад Праўды. Так, ты дасягнуў вялікіх вышыняў, ты стаў магутны і славуты. Але скажы, ці быў ты хоць хвіліну шчаслівы? Ці быў па-сапраўднаму і свабодна шчаслівы? О, як жа ты, дурань, не датумкаў, як не здагадаўся! Ты патрабаваў і патрабаваў, тваім убогім жаданням не было канца, а Плацінавы Абруч даваў і даваў. Але ж тое, што давалася, не магло быць суцяшэннем. Абруч жа не дае суцяшэння. Ён адмаўляе ў ім — такая ўмова! І Старая ж Дафнія, якая папрасіла вызваліць сваіх, не была суцешана — яе ацураліся і абвінавацілі ў палахлівасці і здрадзе, не ведаючы, што выратавальніца — яна; жыццё яе скончылася ў галечы і невядомасці. Абруч выканаў яе жаданне, але не суцешыў! А табою атрыманае суцешыла цябе? І ты ні разу не задумаўся — чаму? Ты нічога не зразумеў, Арол... Суцяшае дабро. Але ты яго ніколі і нікому не рабіў. Суцяшае дружба, суцяшае каханне. Але не было побач з табою ні дружбы, ні кахання... Не, ты нічога не змог зразумець ні ў пачатку, бо быў дурной і ганарыстай Маленькай Дафніяй, не разумееш ты і цяпер, бо — дурны, стары, бездапаможны Арол.
А скажы, што ты пакінуў пасля сябе? Якую частку дабрыні можна вымераць? Якую справу назавуць тваім імем?.. Разбурэнні. Дык колькі ж каштуюць воля твая і веліч твая? У імя чаго яны? У імя чаго ты?..
Я ведаю — ты заб'еш мяне. Але чаго гэтым дасягнеш? З вечным жыццём ты прыняў вечную кару: кожны твой учынак, кожны крок, ад якога табе лягчэй сёння, заўтра зробіцца горкім, вялікім цяжарам. І так будзе заўсёды. Такі шлях твой — сам ты яго выбраў, назад не павернеш. Плацінавы Абруч, як табе вядома, не забірае назад бяссмерця, ён можа яго толькі даць.
Так, я запісаў пра твае справы. Твой прахвост, Дзяцел, усё ж падгледзеў, шэльма, хоць і давялося яму пахітраваць. А напісаў — для навукі каму-небудзь. Хто ведае: можа, калі-небудзь хто знойдзе Плацінавы Абруч і, ведаючы твой прыклад, моцна задумаецца, раней як дакрануцца да яго і выказаць жаданне. І вось памятай, Арол: хоць ты і мацнейшы за мяне, а запісак маіх табе не бачыць. Ты ніколі не знойдзеш іх, калі нават перакапаеш усё сваё царства... А цяпер — воля твая, Ваша Недаступнасць...»
Маўчанне, адзначае далей Пасвячоны, працягвалася доўга.
Нарэшце ўладар узняў змрочны позірк, абвёў сваю спачывальню і, спыніўшыся на брамніку, сказаў:
Читать дальше