Тады Старэйшы Сокал замкнуў астатніх, хто не ўцёк, у падземныя казематы, выводзіў па адным, забіваў і нёс пану; рэшткі ж царскай трапезы пажыраў сам. А шулёнкі, каб не памерці з голаду, рылі ў казематах зямлю і харчаваліся карэннямі, гніллю і мышамі, калі яны трапляліся. Яны зусім адзічэлі і, мабыць, неўзабаве пачалі б пажыраць адзін аднаго, як пацукі, калі б Старэйшы Сокал не здагадаўся трымаць іх кожнага асобна.
Невядома, чым жывіўся Старажытны Крумкач; невядома таксама, як гібела Зязюля, затое дакладна вядома, што Ціхаму Дзятлу жылося прывольна. У замку развялася процьма насякомых: яны тачылі ўсё, што паддавалася тачэнню, мноства іх поўзала, лётала, скакала па ўсім замку, і Дзятлу заставалася іх спакойна глытаць.
Магутны Арол тым часам зрабіўся абыякавы да ўсяго. Ён гаманіў толькі са Старэйшым Сокалам і толькі пра самае звычайнае; часцей жа ён сядзеў і драмаў і ні пра што не думаў. Ні голад, ні прага яго не даймалі — бо ні галодная і ніякая смерць яму не пагражала: яна не можа пагражаць бессмяротнаму. Таму прынашэнні Старэйшага Сокала з'ядаліся ляніва, па звычцы, без ніякага задавальнення.
А ўвогуле ён не адчуваў ніякай няёмкасці, яму было проста ўсё роўна. І так дні ішлі і ішлі, але нічога не мянялася.
Аднойчы вечарам, калі Магутны Арол драмаў на сваёй няўтульнай пасцелі, за дзвярыма пачуліся галасы.
— Нельга! — чаканіў Старэйшы Сокал.
— Вельмі важна! — настойліва казаў ціхі голас.
— Яго Недаступнасць адпачываюць!
— Прэч!
Тут Магутны Арол канчаткова прачнуўся і крыкнуў:
— Сокал! Пусці Дзятла!
І не паспеў Ціхі Дзяцел пераступіць парог, як апынуўся ва ўчэпістых кіпцюрах уладара. Магутны Арол і сам быў здзіўлены такому спрыту і прыліву гневу і энергіі, але раздумваць не стаў.
— Дрэнь! — закрычаў ён лютым голасам. — Колькі, Дрэнь, ты будзеш трывожыць душу? Дакуль будзеш мучыць мяне?! — І з гэтымі словамі шпурнуў яго ў сцяну так, што ў таго перад вачыма павісла вясёлка. Але здзіўленне і страх былі настолькі вялікія, што Дзяцел умомант апамятаўся і залепятаў:
— Крумкач, Ваша Недаступнасць... Запіскі... Сшытак...
Але пан гэтым разам не захацеў выслухаць свайго надзвычайнага слугу: ён зрабіў крок наперад і наступіў на Дзятла, і той расплюшчыўся. Вось так сумна скончылася жыццё Дзятла.
А Магутны Арол адшпурнуў яго цела і, яшчэ калоцячыся ад злосці, праклекатаў:
— Выкінь, Сокал, гэту Дрэнь. Я яго нават есці не стану. — І Старэйшы Сокал з'еў Дзятла сам.
Толькі потым, калі ўляглося абурэнне, Магутны Арол успомніў перадсмяротныя словы з'едзенага — успомніў, задумаўся і зразумеў, што будзе бяссонная ноч.
Ён падбадзёрыўся, пачысціўся, наколькі гэта было магчыма без пабочнай дапамогі, і стаў у царскую позу, як гэта бывала раней, калі размаўляў з падначаленымі.
— Сокал! — паклікаў ён і, калі той з'явіўся, сказаў: — Ты быў мне заўсёды самым адданым слугой. Ты адзін не здрадзіў мне ў маіх няшчасцях. Дык вось, Сокал, мы застаёмся ўдвух — гэту дурніцу з нішы пад увагу браць не будзем. Таму скажы: ты не пакінеш мяне, што б ні здарылася?
— Я не існую без волі і клопатаў майго пана, Ваша Недаступнасць! — адразу адказаў целаахоўнік.
— Я люблю цябе, Сокал. А цяпер ідзі і прывядзі Крумкача.
І вось перад вачыма Яго Недаступнасці Магутнага Арла стаяў брамнік замка Старажытны Крумкач. Ён, здаецца, чакаў гэтага спаткання і таму быў спакойны.
Доўга моўчкі пазіраў на яго Магутны Арол, потым глыбока ўздыхнуў і сказаў такія словы:
— Служыў ты мне, Крумкач, доўга, надта доўга, каб не падазраваць цябе ў бескарыслівасці. Ты перажыў многіх, хто быў важнейшы і больш знатны за цябе. Перажыў, а мог і не перажыць. Мог, але перажыў. А вось чаму, што на гэта скажаш?
— Разумею, Ваша Недаступнасць, — адказваў Крумкач. — Мне, праўду кажучы, і самому дзіўна, як гэта дасюль так абыходзіліся са мной.
— Так, Крумкач, я заўсёды ведаў, што ты разумная птушка. Але вось скажы, будзь ласкавы, ці кепска табе жылося ў мяне?
— Ды не, Ваша Недаступнасць. Акрамя таго, што сцярвятнікі Вашай Недаступнасці два разы разбурылі маё гняздо і перабілі крумкачанят ды аднойчы зламалі крыло маёй старой, ужо нябожчыцы, нічога дрэннага не было.
— Можа, ты кепска еў або цвёрда спаў? Ці праца была не па сіле?
— Дзякуй богу, па сіле, Ваша Недаступнасць, не скарджуся. І еў-спаў няблага. Як вядома, мы народ непераборлівы.
— Ну а можа, ты якую асабістую крыўду таіў?
— Не, Ваша Недаступнасць, асабістай крыўды не было.
Читать дальше