— «Аэрон» не адказвае на запыты, — панура сказаў кібернетык. Мы збянтэжана пераглянуліся.
— Можа, выйшла са строю антэна ці што-небудзь з перадатчыкам? — занепакоена кінуў Віхрын.
На жаль, мы не паспелі як след асэнсаваць трывожнае маўчанне станцыі...
Усё здарылася за лічаныя хвіліны...
Спачатку пачуўся гук: далёкі, прыглушаны. Ён хутка рос, рабіўся ўсё больш гучны і працяжны, быццам за бортам карабля лютаваў страшэнны нябачны ўраган.
Тут жа на пульце кіравання трывожна замігцела лямпачка сістэм вонкавага кантролю. Электронны мозг карабля папярэджваў пра небяспеку. Пасля ўнутраныя вымяральнікі зафіксавалі вібрацыю. Яна пачалася невялічкімі імпульсамі, але ўжо праз нейкую хвіліну частата вырасла настолькі, што мы адчулі яе кожным міліметрам скуры.
Мы пабялелі. Гук, вібрацыя, сігнал небяспекі — усё сведчыла пра тое, што за бортам зоркалёта робіцца штосьці нядобрае. Але што? Мы пакуль гэтага не ведалі.
— Усім інжынерам у рабочыя адсекі, — загадаў Зураў. У яго голасе чулася трывога: — Праверыць сістэмы і вузлы...
Віхрын, Вольга і Лукаў кінуліся да ліфта.
Капітан падышоў да пульта кіравання — трэба было тэрмінова выводзіць карабель з небяспечнай зоны, а гэта патрабавала разліку. Я занепакоена перавёў позірк на экраны кантролю. Па іх бегла суцэльная ружовая паласа. Сістэмы зоркалёта білі трывогу. У мяне перасохла ў горле. Я быў накіраваўся да капітана, як раптам карабель страсянула, потым моцна падкінула ўгору. Я паляцеў на падлогу...
Штуршкі ішлі адзін за адным. Учапіўшыся рукамі за трубу паветраачышчальніка, я паспрабаваў устаць на ногі. Пранізліва выла сірэна. Я агледзеў галоўны пост. За пультам сядзеў Сарторык. Рубка была напоўнена едкім белым дымам. Я пашукаў вачыма капітана. Ён стаяў на каленях у далёкім кутку рубкі з бяссільна павіслай рукой. У ягоных вачах чыталася разгубленасць.
— Андрэй Мікалаевіч, падстрахуйце Сарторыка на рэзервовым пульце, — пачуўся ягоны ціхі загад. — Трэба стабілізаваць зоркалёт.
Учапіўшыся за парэнчу, што была прымацавана да сцяны, я, хістаючыся, даплёўся да рэзервовай панелі кіравання. Бы той мяшок, упаў у крэсла, аддыхаўся, зашпіліў на сабе рамяні бяспекі.
Зоркалёт калаціўся і біўся пада мною, адгукаючыся стогнамі і рыкамі, бы дзікі паранены звер. Кінуўшы позірк на цыферблаты, я аслупянеў. Шкала вышыні паказвала нуль, стрэлка серабрыстага навігатара, нібы тая вавёрка ў коле, круцілася па ўсёй шкале. Прыборы паказвалі абы-што. Яны ўсе адначасова звар'яцелі.
Я адчыніў назіральную шчыліну, зірнуў у яе і... міжволі прыціснуўся да крэсла. Насустрач мне імкліва ляцела шырокая жоўтая раўніна. Мяне ўзялі дрыжыкі ад адной толькі думкі — чаго будзе каштаваць нам гэты нечаканы «пацалунак» з Сакстам, да якога заставалася секунд пятнаццаць? Зрабіўшы глыбокі ўдых, я паклаў руку на кнопку тармазных рухавікоў і ўтапіў яе ў гняздзе. Не, карабель па-ранейшаму працягваў імкліва падаць на планету. Мой лоб пакрыўся потам. Калі не атрымаецца ўключыць тормаз, тады... Не, пра гэта нават страшна было думаць...
Я зноў дацягнуўся да кнопкі, націснуў на яе. Я паўтарыў рух некалькі разоў запар, але ўсё было марна. Карабель не слухаўся маіх загадаў. Быццам нейкая нябачная вялізная сіла моцна і ўчэпіста трымала яго ў сваіх магутных руках, аддаючы нас на волю лёсу. Я адчуваў пякельны жывёльны страх і дзіцячую бездапаможнасць. Страшэнны цяжар прыдушыў мяне да крэсла. Маё цела налілося свінцом. Праз імгненне мяне быццам стукнулі па галаве мяшком, і я слізгануў у апраметную цемру...
Заслона туману, якая засціла мае вочы, адступала вельмі марудна. Холад, надзвычайны холад, які прымушаў усе маё целадрыжаць, бы той асінавы ліст, — гэта было першае, што я адчуў. Пасля быў галаўны бэль. Прайшло яшчэ шматчасу, перш чым дрэнныя сны, што завалодалі маёй свядомасцю, адступілі, і я, нарэшце, сабраўся з думкамі...
Вакол мяне стаяла незвычайная цішыня. Не было чуваць ні трэску, ні піску — ніводнага гуку, быццам наўкола ўсё вымерла. Нішто не падала, не кулялася, не дрыжала, не лётала. Я не адчуваў пад сабою нават самага нязначнага хістання. Вібрацыі небыло. Значыцца, пакуль я знаходзіўся ў непрытомнасці, хтосьці стабілізаваў зоркалёт? Але чаму тады не чуваць шуму рухавікоў?
Я павярнуў галаву, агледзеўся. У рубцы панавалі хаос і бязладдзе. На падлозе кучамі ляжалі пагнутыя кантэйнеры, зарадныя скрынкі, бляшанкі, рулоны рознакаляровых папяровых стужак, з блокаў сістэм кантролю капала чорная масленая вадкасць. У паветры стаяў рэзкі непрыемны пах. Я затрымаў позірк на экране аўтаматычнага навігатара. Ён быў пусты. На ім свяціліся толькі кропкі выпадковых перашкод. Што ўсё гэта азначала?
Читать дальше