— Бяжы зараз да сваіх сяброў! — крыкнуў ён Більба. — Інакш я скіну цябе са сцяны!
— А як наконт золата і срэбра? — спытаў Більба.
— Тое потым, як і дамовіліся, — адказаў ён. — Прэч!
— Да таго часу мы камень не вернем! — пракрычаў Бард.
— Нядобра пачынаеш ты Каралеўства-Пад-Гарой, сябра мой Торын, — сказаў Гэндальф. — Аднак шмат што можа змяніцца.
— Можа, — сказаў Торын. Так моцна чары цмокавага золата ляжалі на ім, што ён ужо прыкідваў, як з дапамогай Дайна і Аркенстон захапіць, і скарбаў не аддаць.
А Більба спусціўся са сцяны, дый пайшоў прэч без аніякай узнагароды за ўсе свае клопаты і працу — акрамя кальчугі, якую падараваў Торын. I не адзін гном адчуваў у сэрцы сваім сорам ды жаль, пазіраючы, як давялося развітацца з хобітам.
— Да пабачэння! — крыкнуў хобіт да іх. — Можа, зноў сустрэнемся як сябры!
— Прэч! — закрычаў Торын. — Кальчугу тваю зрабіў мой народ, яна надта добрая для цябе, яе не праб'еш стралой, але — клянуся! — калі ты зараз не знікнеш з маіх вачэй, я прастрэлю твае калматыя ногі! Прэч!
— Не спяшайся! — сказаў Бард. — Мы дамо табе час да заўтра. У поўдзень мы вернемся ды праверым, ці адпаведная частка скарбаў падрыхтаваная для абмену. Калі ўсё будзе сумленна, войска эльфаў вернецца ў лес, і мы развітаемся. А пакуль што — да пабачэння!
3 тым і вярнуліся ў лагер. А Торын загадаў Раэку выслаць ганцоў да Дайна і распавесці таму пра здарэнні, і папрасіць паспяшацца.
Дзень скончыўся, і ноч прайшла. Раніцою вецер падзьмуў з Захаду, стала змрочна. Ледзь толькі ўзышло сонца, як з боку лагера пачуліся крыкі. Ганцы абвесцілі, што заўважылі атрад гномаў каля ўсходняга схілу Гары, і што атрад той, відавочна, спяшаецца ў Дэйл. Гэта быў Дайн. Ён з войскам ішоў безупынна ўсю ноч і з'явіўся значнараней, чым яго чакалі. Кожны ваяр быў апрануты ў кальчугу са стальных кольцаў, што звісала да кален, а ногі абаранялі панчохі з моцнай гнуткай металёвай сеткі, выраб якой быў асаблівай таямніцай Дайнава народу. Гномы ўвогуле надзвычай моцныя для сваіх памераў, але большасць з тых ваяроў была моцнай нават для гномаў. Кожны меў цяжкі двуручны баявы абух, а таксама шырокі меч-корд пры баку ды круглы тарч за спінаю. Бароды іх былі падзеленыя ў дзве столкі, заплеценыя ды засунутыя за папругі. На іхных галовах было жалеза, на нагах — жалеза, а на тварах — суворая рашучасць.
Трубы заклікалі людзей ды эльфаў да зброі. Хутка і гномаў убачылі — яны імкліва рушылі па даліне. Спыніліся гномы паміж ракой і ўсходнім адгор'ем, а некалькі пайшлі далей, перайшлі раку і наблізіліся да лагеру. Там паклалі сваю зброю ды паднялі рукі далонямі ўгору, у знак міру. Бард выйшаў насустрач, а разам з ім і Більба.
— Мы прыйшлі ад Дайна, сына Найна, — сказалі гномы ў адказ на пытанні. — Мы спяшаемся да нашых родных, да Гары, бо пачулі, што старажытнае каралеўства аднавілася. А хто ж вы такія, што паселі ўзброеныя пад сценамі, нібы ворагі?
Вядома, гэтая гаворка, звычайная ў такіх абставінах і досыць старамодная, значыла проста: «Не вашая тут справа, так што дай-це прайсці, альбо нам давядзецца прабівацца сілай». Гномы, відавочна, мелі сур'ёзны намер праціснуцца паміж ракой і Гарой, бо тая вузкая паласа зямлі, здавалася, зусім не была абароненая.
Зразумела, Бард адмовіў гномам і да Гары прайсці не дазволіў. Ён цвёрда вырашыў чакаць, пакуль не пабачыць золата ды срэбра, прызначанае за Аркенстон. Не верылася, што тое будзе зробленае, калі крэпасць зойме такі вялікі ды ваяўнічы гарнізон. Тым больш, што гномы неслі з сабою шмат прыпасаў. Гномы здольныя несці вельмі цяжкія грузы, і амаль усе Дайнавы ваяры, у дадатак да зброі і латаў, неслі на карках велізарныя пакункі. Хапіла б на некалькі тыдняў, а там і яшчэ якія-небудзь гномы маглі б падысці, і яшчэ — бо сваякоў у Торына хапала. Таксама маглі б адчыніць і іншую браму, сілаў абараняць яе хапша б, а ўсю Гару людзі з эльфамі акружыць абручам асады не здолелі б — на тое патрабавалася нашмат болей войскаў.
На гэтае гномы і спадзяваліся (нездарма крумкачы зацята лёталі паміж Торынам і Дайнам), але ж цяпер шляху наперад не было, і гномы пасля кароткай і досыць злой размовы скіраваліся да сваіх, буркочучы ў бароды. Бард паслаў ганцоў да брамы — але там ані золата, ані іншых каштоўнасцяў не знайшлі. Больш за тое, як толькі падышлі дастаткова блізка, паляцелі стрэлы, і ганцы ў роспачы кінуліся прэч. Увесь лагер рыхтаваўся да бойкі, а гномы ўжо рушылі ўздоўж усходняга берага.
— Дурні! — зарагатаў Бард. — Падысці так блізка да Гары! Яны нічога не разумеюць у вайне на паверхні, які б досвед боек у пячорах ды шахтах яны не мелі. Зверху ў скалах над іх правым флангам хаваецца мноства нашых дзідароў ды лучнікаў. Кажуць, гномскія латы вельмі добрыя. Што ж, хутка мы гэта грунтоўна праверым. Трэба напасці на іх зараз жа з абодвух бакоў, пакуль яны не паспелі адпачыць!
Читать дальше