Зладзеі! Пажар! Забойства! Такога не здаралася з часоў, калі ён упершыню з'явіўся ля Гары! Цмокава шаленства і апісаць немагчыма. Так шалее толькі багаты народ, які мае значна больш багацця, чым задавальнення з яго, і раптам губляе нешта, чым ніколі не карыстаўся, што ніколі не патрабавалася, але чым валодаў доўгі час. Цмок дыхнуў полымем, уся заля запоўнілася дымам. Ён паспрабаваў прасунуць галаву ў дзірку — дарэмна. Тады ён зароў у сваім падзямеллі, быццам навальнічныя грымоты і, спрытна несучы сваё доўгае цела праз велізарныя тунелі гном-скага пячорнага палацу, панёсся да Пярэдняй брамы.
Абшукаць усю Гару, пакуль не зловіць злодзея, не разарве на маленечкія брудныя кавалачкі, не спаліць, не знішчыць — такая была адзіная цмокава думка ў той момант. Ён выслізнуў з Брамы, і рачная вада пад ім закіпела, ажно засвісцела парай. У клубах агню цмок узвіўся ў паветра і сеў на вяршыні Гары, вывяргнуўшы жахлівае зялёна-пунсовае полымя. Чулі, чулі гномы жудасны цмокаў вылет, пазгіналіся ў тры пагібелі, хаваючыся за камянямі на травяністай шшцоўцы ў бессэнсоўнай надзеі пазбегнуць стра-шэннага позірку цмока, які вылецеў на паляванне.
I тут усе б згінулі, каб зноў не выручыў Більба.
— Хутка! Хутка! — закрычаў ён. — За дзверы! У тунель! Хавайцеся!
Гномы апамяталіся ад гэтых словаў і пабеглі да тунеля, калі Біфур закрычаў:
— Мае сваякі! Бамбур і Бафур! Мы забыліся на іх, яны ў даліне!
— Цмок заб'е іх, і ўсіх нашых поні разам з імі, мы згубім усе прыпасы, — застагналі астатнія. — Усё, усё страчанае.
— Лухта! — сказаў Торын, апамятаўшыся ды вярнуўшыся да розуму. — Немагчыма пакінуць іх. Спадар Торбінс, Балін і вы, Філі з Кілі — за дзверы! Усе разам цмоку не дастанемся! Астатнія, дзе вяроўка? Хутка!
Вось гэта, менавіта, і былі горшыя моманты за ўсю прыгоду да таго часу. Жахлівыя гукі цмокава шаленства каціліся ўніз з вяршыні, рэха стагнала ў камянях. У любы момант цмок мог зляцець уніз, пыхаючы полымем, ці абляцець гару і знайсці тут гномаў, якія звар'яцела цягнулі вяроўкі. Прыцягнулі Бафура, і пакуль што нічога не здарылася. Прыцягнулі Бамбура, аж вохкаючы ад цяжару (а вяроўка пагрозліва рьшела) — і нічога не здарылася. Прыцягнулі тое-іншае з інструментаў ды пакункі з ежай — і вось тут пачалося!
Пачуўся гук, быццам ад надзвычай агромністай пчалы. Над паверхняй скалаў затанчыла чырвонае святло. Цмок з'явіўся!
Ледзь хапіла гномам часу забегчы ў тунель, закінуўшы ды зацягнуўшы туды прыпасы, калі з Поўначы маланкаю пранёсся Драк, апаліўшы горны схіл полымем, махаючы крыламі так, што паветра раўло, гуло й клакатала. Агністы ягоны подых спапяліў траву перад дзвярыма і праз шчыліну апаліў гномаў. На пляцоўцы затанчыла полымя і заскакалі чорныя цені ад скалаў. Потым зноў ахінула цемра — цмок праляцеў. Поні заржалі жахліва, разарвалі вяроўкі, якімі былі прывязаныя, і шалёна памчаліся прэч. Цмок развярнуўся ў паветры, спікіраваў і паляцеў наўздагон.
— Вось і ўсё для нашых бедных поні, — сказаў Торын. — Калі ўжо Драк пабачыў — не ўцячэш. Ну вось, мы сядзім тут і сядзець будзем, ну хіба што хто-небудзь паспрабуе дабрацца праз пустэчу да возера пехатою з Дракам-вартавым за спінаю.
Не надта прыемная думка, трэба сказаць! Гномы з хобітам адпаўзлі трошачкі далей па тунелі, там і ляжалі ды дрыжэлі, хоць было даволі горача і парыла, пакуль цьмянае ранішняе святло не трапіла праз шчыліну ў дзвярах. Зноў і зноў яны чулі, як роў, пралятаючы, цмок. Той кружыў і кружыў вакол гары, вышукваючы.
Цмок здагадаўся па поні і па слядах лагера, што людзі з'явіліся з боку возера, і абшукаў даліну і горны схіл, пад якім поні пасвіліся. Але ж дзверы так і не знайшоў, а высокія скальныя сцены вакол пляцоўкі затрымалі найжудаснейшае цмокава полымя. Доўгі час дарэмна шукаў Драк, пакуль раніца не астудзіла, нарэшце, ягонае шаленства, і не скіраваўся ён на свой залаты ложак паспаць ды набрацца сілаў. Злачынства ён не дараваў і на яго не забыўся б і праз тысячу гадоў. Не забыўся б, пакуль час не ператварыў бы яго ў ледзь цёплы, нерухомы камень. Часу, каб чакаць, хапала. Павольна, ціха запоўз ён у сваё логава і лёг, напалову заплюшчыўшы вочы.
Калі надышла раніца, гномавы жах крыху паменшаў. Яны зразумелі, што падобныя здарэнні непазбежныя, калі маеш справу з такім ахоўнікам скарбаў, і адмаўляцца ад гэтага не варта. Дый уцячы цяпер цяжка было б, як адзначыў Торын. Бо поні згубіліся альбо былі забітыя, і неабходна было перачакаць, пакуль цмок супакоіцца і паслабіць варту, каб адважыцца ісці назад пехатою. Ім вельмі пашанцавала ўратаваць дастаткова прыпасаў, каб пратрымацца пэўны час.
Читать дальше