Вялізны шэры камень ўзвышаўся пасярэдзіне пляцоўкі ў траве, і хобіт змрочна і бессэнсоўна пазіраў на яго да на велізарных смаўжоў. Тыя, здавалася, упадабалі пляцоўку, добра абгароджаную скальнымі сценамі, па камянях смаўжоў поўзала мноства.
— Заўтра пачнецца апошні тыдзень восені, — сказаў аднойчы Торын.
— А пасля восені прыйдзе зіма, — дадаў Біфур.
— I наступны год пасля таго, — сказаў Двалін. — I нашы бароды будуць расці, пакуль не звесяцца са скалы ў даліну, і ўсё роўна нічога не адбудзецца. А што ж наш узломшчык робіць для нас? Пярсцёнак нябачнасці ў яго, так што прафесійныя якасці ягоныя незвычайна палепшыліся. Магчыма, ён здолее прайсці праз Пярэднюю Браму ды разведаць тое-сёе для нас!
Більба тое пачуў, бо гномы сядзелі на скалах крыху вышэй за яго. «Сонца і нябёсы! — падумаў ён. — Дык вось што яны задумалі, вось што! Заўсёды мая бедная асоба іх адусюль выцягвала, ну, з таго часу, як знік чараўнік. I што цяпер рабіць? Трэба было здагадацца, што нешта незвычайна жудаснае можа здарыцца са мной у рэшце рэшт. Я і ўявіць баюся руіны Дэйла і гэтую жахлівую браму, адкуль ідзе дым!!!»
Уначы ён адчуваў сябе горш няма куды, і ледзь здолеў заснуць. Наступным днём гномы разбрыліся ў розных напрамках. Некаторыя ганялі поні па даліне, каб зусім не застаяліся, некаторыя бадзяліся туды-сюды па горным схіле. Увесь дзень Більба сядзеў ды змрочна глядзеў на камень, ці на Захад, на землі за Гарой. З'явілася ў яго дзіўнаватае пачуццё, што ён нечага чакае. «Можа, чараўнік раптам вернецца», — падумаў ён.
Калі ён узняў галаву, то ўбачыў далёкі край лесу. Калі сонца павярнула на захад, кароны дрэваў адсвечвалі жоўтым, быццам сонечныя промні пранізалі апошняе цьмянае лісце. Хутка аранжавы сонечны шар спусціўся да ўзроўню ягоных вачэй. Хобіт падышоў да краю пляцоўкі і ўбачыў каля самага далягляду цьмяны і слабенькі, тонкі сярпок маладзіка.
У гэты самы момант з-за спіны Більба данеслася рэзкая пстрычка. На шэрым камені сярод травы сядзеў незвычайных памераў дрозд, яго светла-жоўтыя грудзі быццам запэцкаў россып цьмяных плямак. Хруп! Дрозд схапіў смаўжа і стукнуў яго аб камень. Хруп! Хруп!
Раптам Більба зразумеў. Забыўшыся на любую небяспеку, ён усхапіўся і прыняўся гучна клікаць гномаў, махаючы рукамі. Бліжэйшыя да яго пабеглі, спатыкаючыся аб камяні, альбо панес-ліся па паліцы з усёй магчымай хуткасцю, уголас здзіўляючыся, што ж, зямля ды нябёсы, такое робіцца. Астатнія закрычалі, каб ім спусцілі вяроўкі (усе, акрамя Бамбура, зразумела, той спаў).
Хутка Більба растлумачыў. Усе сціхлі: хобіт побач з шэрым каменем, гномы навокал, трасучы бародамі ў нецярплівым чаканні. Сонца спускалася ўсё ніжэй і ніжэй, і з ім апускаліся надзеі. Сонца дало нырца ў паласу пачырванелых аблокаў на даляглядзе і знікла. Гномы застагналі, але Більба стаяў нерухома. Худзенькі маладзік караскаўся пад далягляд. Надыходзіў вечар. I знянацку, калі надзея зусім ужо знікла, чырвоны сонечны прамень, быццам палец, вытыркнуўся праз дзірку ў аблоках. Прамень прайшоў проста да пляцоўкі і ўпаў на гладкую паверхню скалы. Стары дрозд, які назіраў са скалы сваімі вачыма-пацеркамі, нахіліўшы галаву, раптам засвістаў. Раздалася гучная пстрычка. Лускавінка каменя адшчапілася ад скалы і ўпала. У трох лакцях ад зямлі з'явілася дзірачка.
Спрытна, у дрыжыках ад страху, што шанец вось-вось згубіцца, гномы кінуліся да скапы і націснулі — дарэмна!
— Ключ, ключ! — закрычаў Більба. — Дзе Торын?
Торын паспяшаўся наперад.
— Ключ! — крычаў Більба. — Ключ, які быў з мапай! Паспрабуй яго зараз жа, пакуль ёсць час!
Торын зняў ключ з ланцуга, што вісеў вакол шыі. Сунуў яго ў дзірку. Ключ падышоў — і павярнуўся! Хоп! Прамень згас, сонца села, месяц знік, і на зямлю прыйшоў вечар.
Цяпер усе разам наваліліся на дзверы, і павольна частка скальнай сцяны паддалася. Доўгія прамыя шчыліны з'явіліся і пачалі пашырацца. Хутка акрэсліліся дзверы ў пяць лакцёў вышынёю і тры шырынёю, і павольна, бязгучна адышлі назад. Здавалася, цемра паплыла быццам дым з дзіркі ў горным схіле. Глыбокая, густая цемра, дзе нічога не бачна і ўвогуле нічога няма, стала перад вачыма, нібы раскрытая пашча, што кліча ў глыбіню Гары — і ўніз.
Доўгі час гномы стаялі ў цемры перад дзвярыма дый г спрачаліся, і, нарэшце, Торын пачаў прамову:
— Вось цяпер надышоў час для нашага шаноўнага спадара Торбінса, які зарэкамендаваў сябе добрым кампаньёнам у нашым нялёгкім падарожжы, які мае адвагу, вынаходлівасць і працоўныя здольнасці, што наўрад ці стасуюцца з ягонымі ўласнымі паме-рамі; хто, калі я магу так сказаць, мае долю шанцу, якая значна перавышае звычайна дадзеную любой асобе, — дык вось, цяпер надышоў ягоны час саслужыць нам тую службу, з-за здольнасці да якой і быў абраны ён у якасці ўдзельніка кампаніі. Зараз нады-шоў яму час зарабіць узнагароду.
Читать дальше