- Бяжым! - крыкнула Вера.
Але салдаты СЦ iмгненна ўскочылi на ногi, i пякучы струмень з агнямёта разрэзаў, расплавiў асфальт лiтаральна ў некалькiх сантыметрах перад ёй.
- Спакойна заставаймася на сваiх месцах, iначай яны спаляць нас, як жмут сухой саломы, - сказаў Радаслаў.
Шышкагаловiкi шчыльна абкружылi людзей, пачалi разглядваць iх. Так дзецi разглядваюць незнаёмую цацку.
- Якiя яны страшныя, - прашаптала Вера.
Замест зубоў у роце ў шышкагаловiкаў мелiся вузкiя металiчныя пласцiнкi з мноствам дзiрачак. У iх не было павекаў i броваў, чырвоная скура на шчоках была падобна на кракадзiлавую, вiднелася ўсяго адна наздрына, i тая на самым кончыку тоўстага кароткага носа.
Шышкагаловiк, якi трымаў у руках скрынку з маслам, пастаяў-пастаяў i раптам плюхнуў жменю масла проста ў твар Клёну, пачаў размазваць.
- Адчапiся, агiдзiна! - закрычаў Клён.
Пэўна, крык падзейнiчаў, бо шышкагаловiк, схiлiўшы галаву на левае плячо, адступiў, застыў, як каменны. Затое трое ягоных сяброў у iмгненне вока падскочылi да Буслейкi. Адзiн моцна сцiснуў стрэсаператару кiсцi рук не варухнешся, другi адкiнуў яму галаву назад, надавiўшы на нiжнюю скiвiцу, адкрыў рот; трэцi пачаў залiваць у рот стрэсаператару гарэлку. Радаслаў моршчыўся, захлiпваўся, круцiў вачамi, але нiчога не мог зрабiць. Тады Вера, iрвануўшыся да шышкагаловiка, выбiла ў яго з рук бутэльку. Тая пакацiлася, забрынчэла. Салдаты СЦ здзiўлена пазiралi на Веру.
- Уцякайма! - крыкнуў Клён, плюючыся, абцiраючы з твару масла.
Яны што ёсць моцы пабеглi па гарачым патрэсканым асфальце, прычым адразу ж звярнулi ў прахадныя двары, бо на Нямiзе iх бы накрыў агнямёт. Усё было забiта густым едкiм дымам: дзiцячыя пляцоўкi, скверыкi, пад'езды. На клумбе з панiклымi кветкамi стаяў, як здань, магутны чорны дог, з разяўленай мокрай пашчы вывальваўся чырвоны язык. Дзяўчынка гадоў дзесяцi, што вывела сабаку на прагулку, пэўна, не магла з iм саўладаць, бо хлiпала носам i бездапаможна сцiскала ў руцэ павадок.
- Iдзi дадому. Чаго аслупянеў? - строга сказаў Буслейка догу.
Сабака глянуў на яго, мiргнуў карычневымi вачамi, паслухмяна патрухаў у пад'езд.
- Што будзем рабiць? - стомлена спытала Вера. Буслейка ўсмiхнуўся.
- Адзiн мудрэц казаў: "Я нiколi не думаю пра будучыню. Даволi хутка яна прыходзiць сама". А калi быць сур'ёзным, то трэба прабiрацца на вулiцу Заслаўскую - там нашага Клёна ўжо даўно зачакалiся.
Клён з удзячнасцю зiрнуў на стрэсаператара.
Яны, трымаючыся падалей ад будынкаў, з якiх адкрышвалiся, ляцелi ўнiз кавалкi цэглы i аблiцовачная плiтка, пабеглi праз дым. Спераду - Радаслаў, за iм - Вера. Клён трымаўся ў ар'ергардзе. Рабiлася горача. Пот залiваў шчокi. Раптам накрыўка каналiзацыйнага люка, якi толькi што пераскочыў Буслейка, са звонкiм грукатам адчынiлася, адвалiлася. Адтуль, з-пад зямлi, вытыркнулася доўгая ружоваскурая рука, схапiла Веру за нагу, рэзка рванула ўнiз. Усё адбылося iмгненна.
- Ой! - крыкнула Вера, i ўжо былi толькi вiдны яе плечы, рукi i галава.
- Радаслаў! Клён! Хлопчыкi! Ратуйце! - са слязьмi ў голасе залямантавала яна.
Буслейка з Клёнам за рукi i плечы пацягнулi яе з люка, з цяжкасцю, але выбавiлi на паверхню. Яна была басанож, прыгожыя блакiтныя кеды засталiся ў калодзежы. Калi яна ўбачыла свае ногi, то жахнулася i закрыла вочы далонямi. На нагах была ружовая, нiбы дзiцячая, скура, абсалютна такая, як у шышкагаловiкаў.
- Божа, што яны зрабiлi? - заплакала Вера.
- Вера, пойдзем, - асцярожна крануў яе за плячо Клён.
Але яна несуцешна плакала.
- У пазамiнулым годзе я заняла чацвёртае месца на конкурсе "Спадарыня Навука", - праз горкiя iскрыстыя слёзы казала яна. - Я выступала ў залацiстым купальнiку. Мае ногi...
Вера, як да чужых, з гiдлiвасцю i жахам дакранулася да сваiх ног, пагладзiла iх, i раптам яе рукi зрабiлiся такiмi ж - ружовымi, ашаламляльна-яркiмi. Гэта для жаночай душы было ўжо занадта. Вера неяк сутаргава ўсхлiпнула i страцiла прытомнасць.
- Пракляцце! - гнеўна закрычаў, узняў угору кулакi Радаслаў Буслейка. Каму патрэбна такое?! Колькi можна цярпець?! Чаго хоча ад нас СЦ?!
Ён быў у шаленстве - махаў кулакамi i тупаў нагамi, пляваўся. Клён з трывогай глядзеў то на Веру, то на Радаслава.
I ў гэты мiг у небе, якраз у iх над галовамi, з'явiлася чорная-чорная хмарка, падобная на шар, шумлiвая, уся ў зiхоткiх маланках. Загрымеў гром, падзьмуў парывiсты гарачы вецер. Стала цяжка дыхаць. Вера застагнала, пачала павольна расплюшчваць вочы.
Чорная хмарка з неймавернай хуткасцю наблiзiлася да зямлi. У суседнiх будынках нiбы самi сабой расчынiлiся ўсе вокны, зазвiнела, пасыпалася шкло. Дрэвы i дрэўцы, якiя раслi навокал, кветкi на клумбах разам зашалясцелi, нiзка нахiлiлiся, прычым кветкi адразу ж згарнулi ў пучок свае пялёсткi, быццам разумелi - iм немагчыма глядзець на тое, што зараз адбудзецца.
Читать дальше