- Ды вы што - з Месяца звалiлiся? - перапынiў яго чарнавусы, гадоў сарака мужчына. - Хiба не ведаеце, што ўжо другi дзень у горадзе самая сапраўдная вайна з плазмоiдамi? Гэтая нечысць прэ адусюль: з каналiзацыйных люкаў, з трансфарматараў, з электраразетак.
- На iхнiм баку робаты, якiя ўзбунтавалiся на аўтамабiльным заводзе, спалохана пазiраючы ў цёмнае акно вагона, уставiла сваё слоўца сiвая iнтэлiгентнага выгляду бабуля.
- I наркаманы. Гэтым - абы ўкалоцца, - дадаў шыракаплечы юнак у чырвонай веласiпеднай шапачцы.
Набор такiх навiн быў поўнай нечаканасцю для Клёна, Веры i Радаслава. На нейкi мiг яны адчулi збой у дыханнi.
- Мы i сапраўды, як вы кажаце, звалiлiся, толькi не з Месяца, а з планеты Вар, - сказаў нарэшце Буслейка.
- Дык вы з экспедыцыйнага корпуса палкоўнiка Хвалiбога?! - жвава ўсклiкнуў шыракаплечы юнак, i вочы радасна заззялi.
- Мы не з корпуса. Мы тыя, каго вызваляў гэты корпус, - пакрыўджана сказаў Клён. - I Хвалiбог не палкоўнiк, а маёр.
- Не, малады чалавек. Ён ужо стаў палкоўнiкам. Я сама слухала Iндаэўрапейскае радыё, - адразу ўмяшалася ў гаворку бабуля-iнтэлiгентка. Там было сказана так...
Яна, успамiнаючы, прыжмурыла маленькiя, як сiнiя фасолiнкi, вочы.
- За выключныя арганiзатарскiя здольнасцi, за асабiсты гераiзм, у вынiку чаго выратавана жыццё траiх зямлян, датэрмiнова прысвоiць маёру рэспублiканскай гвардыi Хвалiбогу (iмя не помню) воiнскае званне палкоўнiк.
- Пачакай, пачакай... Дык ты, значыцца, Клён Дубровiч? - пiльна пазiраючы ў вочы Клёну, прамовiў чарнавусы мужчына i ляпнуў Клёна па плячы. - Вiншую, брат. Вось не чакаў, што ўбачу. Будзе што жонцы расказаць. Таварышы, - звярнуўся ён да пасажыраў, - у нашым вагоне едзе Клён Дубровiч, той самы юны герой, якому нададзена высокае ганаровае званне - Чалавек з брыльянтавым сэрцам.
Пачулiся воплескi, узбуджаныя галасы. Тыя з пасажыраў, хто стаяў блiжэй, цiснулi Клёну руку, прыязна ўсмiхалiся. На нейкiя iмгненнi ўсе быццам забылiся, што знаходзяцца ў вагоне метро, якi намёртва прылiп да рэйкаў i невядома калi скранецца з месца, што зусiм побач грымiць жорсткi бой.
- Такi маладзенькi i ўжо - Чалавек з брыльянтавым сэрцам, - пранiкнёна ззяючы вочкамi-фасолiнкамi, сказала бабуля.
- Ён ахвяраваў сабою з-за мяне, - пахвалiлася Вера Хрысцiнюк.
Толькi ў душы ў Клёна не было нi макулiнкi радасцi. Як ён спяшаўся сюды, на Зямлю, у Менск, як ён хацеў хутчэй убачыць мацi, бацьку, сяброў з гiмназii. Яшчэ тады, калi гвардзейцы з корпуса Хвалiбога, паралiзаваўшы Ўльтрамозга, Уладара Таямнiцы, масiраваным абпраменьваннем-стрэлам з Соннай Гарматы вызвалiлi Клёна, ён думаў аб адным: хутчэй дабрацца дадому. I вось стаiць у змярцвелым вагоне метро, нейкiя чужыя людзi вiншуюць яго, нешта гавораць, сiвая бабуля нават плача ад радасцi, а на сэрцы такая халадэча. Хiба гэтага хацелася яму? Хiба iмкнуўся ён, яшчэ зусiм малады, якому няма й шаснаццацi гадоў, атрымаць тытул Чалавека з брыльянтавым сэрцам? Вядома не. Проста - так атрымалася. Знаходзячыся за нейкiя паўкiламетра ад роднага дому, ён, хоць разарвiся, нi на крок не можа наблiзiцца да яго. Якая несправядлiвасць! А тут яшчэ гэтыя вiншаваннi, гэтыя ўсмешкi i воплескi. "Фальш, - са злосцю падумаў Клён. - Яны, усе цi амаль усе, няшчырыя. Фальшывыя людзi. Фалыпывая планета".
Радаслаў Буслейка, быццам адгадаўшы ягоныя думкi, сказаў, становячыся амаль упрытык:
- Ты не вельмi бяры ўсё да галавы, Клёнiк.
I правай цвёрдай даланёю ўскудлацiў яму валасы.
Тое, што стрэсаператар назваў яго Клёнiкам, назваў так, як звычайна называла Вера, падалося абразаю, найвялiкшай знявагай. "Фалыпывыя людзi. Фалыпывая планета", - зноў з нейкай асалодай падумаў Клён.
Раптам без нiякай аб'явы ўспыхнула святло, вагон крануўся. Пасажыры, адразу забыўшы пра Чалавека з брыльянтавым сэрцам, зручна ўладкавалiся на сваiх месцах, з насцярогай пачалi ўзiрацца ў вокны. Водблiскi ад электрычных лiхтароў, што гарэлi ў тунелi метрапалiтэна, нервова беглi па людскiх тварах. I тут здарылася неспадзяванае - з дзесятак робатаў, з'явiўшыся аднекуль з цемры, пачалi падаць на рэйкi, перагароджваць дарогу электрацягнiку. Чуўся звонкi металiчны ляскат, пранiзлiвае скрыгатанне, Добра, што машынiст даўмеўся адчынiць дзверы вагонаў. Пасажыры, давячы адзiн аднаго, рынулiся на перон. Мiльгалi перакошаныя страхам твары, усюды валялiся згубленыя парасоны, жаночыя туфлiкi. Клён убачыў, як агромнiсты робат жалезнай рукой выцягваў з кабiны машынiста, шпурнуў яго на рэйкi.
- Вера! Клён! Трымайцеся побач! - крыкнуў Буслейка, бегучы па пероне.
- Там робатаў патрушчыла, - задыхана прамовiў Клён, не адводзячы позiрку ад рэек, дзе цямнелiся горы металiчнага друзу.
Читать дальше