— Так будзе, — паўтарыў следам за iм Радаслаў i зiрнуў на свой наручны бiялагiчны гадзiннiк. Гэта быў апошнi крык моды. У элегантным, зробленым з беласнежнай марской ракавiны корпусе змяшчалася некалькi калонiй мiкраарганiзмаў, што ў залежнасцi ад часу мянялi свой колер. Зараз цыферблат меў колер маладой зялёнай лiстоты — значыць, было семнаццаць гадзiн.
Раптам з крэслаў, у якiх сядзелi Буслейка i Карл, выскачылi гнуткiя моцныя шчупальцы-прысоскi, аплялi рукi i грудзi, ды так, што не паварухнешся. Гэта здарылася iмгненна, нечакана, i стрэсаператары на нейкiя долi секунды анямелi.
— Верталёт-пастка! — усклiкнуў Радаслаў. — Хiтра ж нас падчапiлi на кручок!
Ён усё спрабаваў вырвацца, выкруцiцца з жалезных абдымкаў, але сiла ягоная была куды слабейшая за чужую грубую неадольную сiлу. I ён скарыўся, нават з усмешкаю ўспомнiў старую народную прымаўку:
— Певень бы i рады не iсцi на вяселле, ды за крылы валакуць.
Карл жа, як прыроджаны немец, знешне спакойна сустрэў такую неспадзяванку, адразу ж пачаў аналiзаваць сiтуацыю, у якую яны трапiлi, i каментаваць яе.
— Вось чаму верталёт быў без экiпажа, — разважаў ён. — Усё гэта, вядома, чарговыя фокусы СЦ. Гэта, як мы i здагадвалiся з табою, Радаслаў, цывiлiзацыя капiiстаў, я б нават вобразна сказаў, цывiлiзацыя фалыпываманетчыкаў. Яна (я быў бы рады, калi памылюся) у сiлу нейкiх невядомых звышпрычын не можа ствараць арыгiнальнае, прынцыпова новае, а штампуе копii. Вось чаму яна прайграла нашай чалавечай цывiлiзацыi, праметэеўскай цывiлiзацыi, як прыгожа i вельмi дакладна пiшуць паэты. Трагедыя Старой Цывiлiзацыi ў тым, што яна не можа нарадзiць свайго Праметэя, таго, хто здольны на Ўчынак, на Подзвiг, на Ахвяру i, у рэшце рэшт, на рашучы кардынальны злом стэрэатыпу. Тысячагоддзi яна была ценем, я б сказаў, хiтрым ценем нашай цывiлiзацыi, заўсёды жыла пад маскай, своечасова адступаючы ў змрок, у маўчанне, у забароненую таямнiцу. Сёння ж яна атакуе. Чаму?
— Пэўна, таму, што ў яе скончыўся запас устойлiвасцi, трываласцi, перарваў Карлаў маналог Радаслаў Буслейка. — Яна як бы аганiзуе i падобна на параненага звера. Я не браў бы на сябе смеласць называць гэтага звера драпежнiкам. Так, яна ваюе, з нечага страляе. Але бывалi выпадкi, калi карова, звычайная траваядная карова, баронячы ад немiнучай смерцi сваё дзiця, кiдалася на ваўкоў.
Ён казаў усё гэта, Карл, згодна кiваючы галавой, слухаў, а шчупальцы-прысоскi, што намертва скруцiлi iх, не паслаблялiся, i верталёт, зрабiўшы круг над помнiкам "Мацi Беларусi", упэўнена ляцеў уперад, не губляў вышыню i хуткасць. Трэба адзначыць, што стрэсаператары не адчувалi анiякага страху, былi ў поўнай яснай памяцi.
— Нашым верталётам кiруе Невiдзiмка, — сказаў Радаслаў.
— Падобна, — згадзiўся Карл. — А мне так хочацца яго ўбачыць. Ды чалавечае вока не самы дасканалы iнструмент на гэтым свеце. Як казалi старадаўнiя мудрацы: "Бог будзе побач, але ты не ўбачыш яго".
— I ўсё-ткi я шмат бы што аддаў, каб хоць часткова зразумець Старую Цывiлiзацыю, — сумна ўздыхнуў Буслейка. — Ды дзе там. Мы яшчэ сёння амаль нiчога не ведаем пра этрускаў, пра атлантаў…
Ён не скончыў фразу, бо проста ў яго перад тварам, на адлегласцi працягнутай рукi, з'явiўся, успыхнуў вельмi яркi малочна-сiнi шар велiчынёю з баскетбольны мячык. Шар увесь свiцiўся, здавалася, позiркам можна было пранiзаць наскрозь рэчыва, з якога ён складаецца, але ў самым цэнтры выразна бачылася нешта цёмнае, цвёрдае, стрыжнёвае, нiбы насенне ў пераспелым плодзе. Адразу знiклi шчупальцы-прысоскi, вызвалiўшы стрэсаператарам рукi. Буслейка з Гакенхольцам пачалi iх расцiраць, размiнаць, каб аднавiць рух крывi. I тут нечаканы вiзiцёр загаварыў.
— Асцярожна, жыхары адной з намi планеты, — глуха, з нейкiм булькатаннем данеслася ў яго знутры. — Асцярожна, Радаслаў Буслейка i Карл Гакенхольц. Сядзiце спакойна, адчувайце сябе шчаслiва i ўпэўнена, не рабiце нiякiх рэзкiх рухаў, нi ў якiм разе не спрабуйце дакрануцца да мяне, бо эфект такога дакранання будзе вельмi-вельмi непрыемным для вашых рук i вачэй.
— Ён нас ведае, — здзiўлена прашаптаў Карл.
— Слухайце, жыхары адной з намi планеты, — роўным, як бы бясстрасным голасам казаў далей шар. — Бялковая форма жыцця не адзiна магчымая ў Сусвеце. Iснуе жыццё ў плазменнай форме, як нiзкатэмпературнай, так i высокатэмпературнай. Я — Плазмоiд, прадстаўнiк менавiта гэтай формы жыцця, прадстаўнiк той цывiлiзацыi, якую вы называеце Старой. Тысячагоддзi мы развiвалiся паралельна з бялковай цывiлiзацыяй, суiснавалi пад адным небам, але сёння меч пайшоў на меч.
Читать дальше